У Еўропе – успышка папугайнай ліхаманкі. Памерлі 5 чалавек


Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе пра ўспышку арнітозу ці папугайнай ліхаманкі – у некалькіх краінах Еўропы ад яе памерлі 5 чалавек.

Здымак мак ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Рост захворвальнасці на папугайную ліхаманку быў зарэгістраваны ў Еўропе напрыканцы 2023 года і працягваецца дагэтуль. У лютым 2024 года Аўстрыя, Данія, Нямеччына, Швецыя і Нідэрланды паведамілі праз Сістэму ранняга папярэджвання і рэагавання Еўразвязу (EWRS) пра рост выпадкаў арнітозу, які стаў асабліва заўважным у лістападзе – снежні 2023 года. Хворыя кантактавалі з дзікімі ці хатнімі птушкамі. Так, у Аўстрыі, дзе звычайна цягам года здараюцца два выпадкі захворвання на папугайную ліхаманку, летась былі зафіксаваныя 14 пацыентаў з такім дыягназам, у 2024 годзе – ужо 4. Усе гэтыя людзі не звязаныя паміж сабой, не ездзілі за мяжу і не кантактавалі з дзікімі птушкамі.

У Даніі па стане на канец лютага 2024 года зафіксавана 23 выпадкі заражэння. 17 чалавек трапілі ў лякарні, у 15 з іх развілася пнеўманія, 4 чалавекі памерлі. У трох выпадках хворыя адмаўлялі нейкія кантакты з птушкамі. З дзікімі птушкамі кантактаваў толькі адзін захварэлы.

У Нямеччыне ў 2023 годзе былі зарэгістраваныя 14 выпадкаў папугайнай ліхаманкі, у 2024 – пяць. Амаль ва ўсіх развілася пнеўманія, 16 трапілі ў лякарні.

У Швецыі летась у лістападзе – снежні дыягназ «арнітоз» быў пастаўлены 26 разоў, сёлета – ужо 13.

У Нідэрландах, дзе звычайна на папугайную ліхаманку хварэюць 9 чалавек на год, са снежня 2023 года па 29 лютага 2024 года зафіксавалі 21 выпадак арнітозу. Усе хворыя трапілі ў лякарні. Адзін чалавек памёр.

Hавiны
Каронавірус зноў мутаваў. Па свеце распаўсюджваецца новая версія амікрону
2023.12.09 21:09

Папугайная ліхаманка (арнітоз, псітакоз) – інфекцыя, якую выклікаюць бактэрыі сямейства хламідзіяў Chlamydophila psittaci. Іх пераносяць розныя дзікія і хатнія птушкі, якія не абавязкова хварэюць, але выдзяляюць бактэрыі падчас дыхання і са спаражненнямі.

Чалавеку бактэрыя перадаецца пры кантакце з выдзяленнямі ці пры ўкусах інфікаваных птушак. Пры спажыванні ў ежу мяса хворай птушкі заразіцца нельга. Найчасцей хварэюць працаўнік птушкафермаў, ветэрынары, гаспадары хатніх птушак.

Бактэрыя можа перадавацца чалавекам чалавеку, але такое здараецца рэдка.

У большасці выпадкаў хвароба працякае лёгка. Сімптомы могуць праявіцца пра 5 – 14 дзён пасля кантакту з хворай птушкай. Сярод іх – галаўны і цягліцавы боль, сухі кашаль, азноб, ліхаманка. Лечыцца інфекцыя антыбіётыкамі.

Сёлета на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе экспертная група абмяркоўвала «хваробу Х» – гіпатэтычны сцэнар падрыхтоўкі да наступнай пандэміі. Эксперты лічаць, што да імавернага з’яўлення «хваробы Х» (так САЗ назвала невядомы патаген, які можа з’явіцца ў будучыні) трэба ставіцца сур’ёзна і яна можа стаць больш небяспечнай, чым папярэдняя пандэмія COVID-19.

Hавiны
Магілёву пагражае эпідэмія коклюшу
2024.02.29 09:11

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў