Дзеля нацыянальнай бяспекі: SMS-позвы, крымінальнікі на кантракце і вялізныя штрафы для «ўхілістаў»


 Законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях гарантавання нацыянальнай бяспекі» Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні 28 лютага. Дакумент гэты ўжо паспелі ахрысціць «законам пра SMS-позвы», хаця на самай справе ў ім прапісана значна больш зменаў, якія датычаць не толькі службы ў войску. «Белсат» звярнуў увагу на найбольш істотныя папраўкі, прадугледжаныя законапраектам, які ўжо быў ухвалены Саветам Рэспублікі і мае адправіцца на подпіс Лукашэнку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што гэта за дакумент

У першым чытанні законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях гарантавання нацыянальнай бяспекі» дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі яшчэ 1 лістапада 2023 года. У ім прапісаныя папраўкі ў шэраг законаў, датычных нацыянальнай бяспекі: у прыватнасці, у Крымінальны і працоўны кодэксы РБ, у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і шэраг законаў – «Аб абароне», «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», «Аб ваенным становішчы», а таксама «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь».

Змены, прадугледжаныя законапраектам, у цэлым робяць больш жорсткай адказнасць за ўхіленне ад службы ў войску, змяняюць крытэры ацэнкі здароўя кандыдатаў пры вызначэнні на вайсковую службу, але адначасова прапісваюць дадатковыя гарантыі і кампенсацыі ў сувязі з прызывам і паступленнем на службу ў войска. Такім чынам, вось якія змены чакаюць беларусаў, пасля таго, як пад ім будзе пастаўлены подпіс Лукашэнкі…

Ухіляцца стане даражэй

Адной з асноўных зменаў стала ўвядзенне больш жорсткай адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў для прызыву на вайсковую службу. У законапраекце прапанавана павялічыць максімальнае пакаранне за такія дзеянні з 2 да 3 гадоў абмежавання свабоды або пазбаўлення волі.

Акрамя крымінальнай, становіцца больш жорсткай адміністрацыйная адказнасць за ўхіленне ад службы. У Кодэксе аб адміністратыўных парушэннях уводзяцца новыя памеры штрафаў:

  • нез’яўленне на мерапрыемствы для прызыву (арт. 26.1) будзе карацца штрафам ад 10 да 30 базавых велічыняў (базавая велічыня з 1 студзеня 2024 года роўная 40 рублям);
  • неапавяшчэнне грамадзянаў аб выкліку ў вайсковы камісарыят, орган дзяржаўнай бяспекі (арт. 26.2) будзе карацца штрафам да 20 базавых замест цяперашніх 3, пры паўторным парушэнні – ад 20 да 30 базавых (цяпер ад 4 да 6);
  • парушэнне абавязкаў вайсковага ўліку грамадзянамі (арт. 26.3) будзе карацца штрафам да 25 базавых (сёння да 3 базавых), службовымі асобамі – да 30 базавых (сёння ад 4 да 5).

SMS-вітанне ад ваенкамату

Другая істотная змена, прадугледжаная законапраектам, – спосаб апавяшчэння прызыўнікоў аб неабходнасці з’явіцца на месца прызыву. Ваенкаматам не абавязкова будзе ўручаць позву прызыўніку асабіста, дзеля гэтага дастаткова выслаць СМС-паведамленне.

Аператараў сувязі абавязваюць цягам тыдня з моманту атрымання запыту перадаць нумары тэлефонаў вайсковаабавязаных і забяспечваць апавяшчэнне з дапамогай SMS-паведамленняў паводле спісаў.

Акрамя таго, сродкам масавай інфармацыі трэба будзе распаўсюдзіць інфармацыю пра правядзенне мабілізацыі і неабходнасць з’яўлення вайсковаабавязаных у ваенкаматы або органы дзяржаўнай бяспекі.

У той жа час папяровыя позвы таксама ніхто не адмяняў, пасля прыняцця закону іх будуць уручаць не толькі на месцы пражывання грамадзяніна, але і на месцы працы, а таксама на месцы іх знаходжання – то бок фактычна паўсюль, дзе могуць яго адшукаць.

Hавiны
Беларусаў раздумалі прызываць у войска па SMS? Начальнік Генштабу сказаў, не ў мірны час
2023.11.02 19:37

А што з адтэрміноўкай?

У пытаннях адтэрміноўкі ад прызыву з’явіліся пэўныя змены. Так, у законе «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» ёсць некалькі дадатковых пунктаў, якія прапісваюць, што права на адтэрміноўку даецца грамадзянам, якія:

  • маюць на ўтрыманні і выхоўваюць без маці дзіця ва ўзросце да 18 гадоў;
  • маюць дзіця, якому аказваецца паліятыўная медычная дапамога (так званы комплекс мераў для догляду невылечна хворых);
  • маюць двух ці больш дзяцей, адзін з якіх дзіця-інвалід;
  • ёсць апекунамі сваіх родных братоў (сясцёр).

Таксама адтэрміноўка даецца мужчынам «у выпадку цяжарнасці жонкі, тэрмін цяжарнасці якой складае не менш за 22 тыдні, якія маюць на ўтрыманні трох дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў».

Таксама права на адтэрміноўку маюць права мужчыны, у якіх ужо ёсць чацвёра і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (згодна з пакуль яшчэ дзейным заканадаўствам – да 16 гадоў). Жанчынам для адтэрміноўкі дастаткова мець толькі адно дзіця – зноў жа да 18 гадоў.

Цяпер у законе прапісалі, што жанчынам адтэрміноўка даецца падчас цяжарнасці (канкрэтны тэрмін цяжарнасці не ўдакладняецца) – здзіўленне выклікае хіба тое, што гэтага пункту дасюль не было ў законе.

Пры гэтым з закону выдаляецца пункт, згодна з якім адтэрміноўку да шасці месяцаў маюць грамадзяне, «прызнаныя часова непрыдатнымі да вайсковай службы ў ваенны час паводле стану здароўя». Паняцце «часова непрыдатныя» ўвогуле знікае з закону «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі».

На вайсковы ўлік – на год пазней

У закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» ўносіцца змена, паводле якой на вайсковы ўлік будуць ставіць не з 16, а з 17 гадоў.

А вось удзельнічаць у выкананні працаў абарончага характару ў мірны час можна будзе якраз з 16-гадовага веку – гэтая норма прапісаная ў законе «Аб абароне» (арт. 141).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Такі ўдзел будзе добраахвотны – пры гэтым асобам, якія выкажуць жаданне браць удзел у выкананні такіх працаў, будзе захоўвацца месца асноўнай працы, пасада і сярэдні заробак. У выпадку адсутнасці працы будуць рабіцца грашовыя выплаты. Аднак у артыкуле не пазначана, якія канкрэтна працы маюцца на ўвазе – іх будзе вызначаць Савет Міністраў.

Вам усё кампенсуюць, ці амаль усё…

Новы законапраект прадугледжвае пэўныя змены ў Працоўным кодэксе, згодна з якімі вайсковаабавязаным будуць удакладненыя «гарантыі і кампенсацыі ў сувязі з іх прызывам на вайсковую службу або прыёмам на вайсковую службу».

Так, напрыклад, згодна са зменамі грамадзянам будзе кампенсавацца час, патрачаны на афармленне дакументаў вайсковага ўліку і ўдакладнення ўліковых звестак, «выкананне іншых абавязкаў дзеля вайсковага ўліку», а таксама на ўдзел у мерапрыемствах мабілізацыйнай падрыхтоўкі і ўласна мабілізацыі, уключна з часам у дарозе. Тым, хто працуе, будзе захаваны заробак, а таксама пасада. Тым, хто вучыцца, – стыпендыя на месцы навучання. Больш за тое, ваенкаматы або органы дзяржбяспекі павінны будуць кампенсаваць выдаткі, звязаныя з праездам грамадзянаў да месцаў мабілізацыйных збораў, як гэта робіцца падчас разліку службовых камандзіровак.

Новае паняцце: апарат узмацнення

У закон «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» ўносіцца такое паняцце, як «апарат узмацнення». Да яго будуць адносіцца «грамадзяне, якія прыцягваюцца для аказання дапамогі вайсковым камісарыятам (адасобленым падраздзяленням), органам дзяржаўнай бяспекі ў правядзенні апавяшчэння, прызыву і адпраўкі (пастаўкі) мабілізацыйных рэсурсаў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і вайсковыя фармаванні».

Апарат узмацнення будуць прыцягваць для ўдзелу ў вучэннях, трэнаваннях і занятках, якія будуць ісці пад кіраўніцтвам органаў вайсковага ўпраўлення. На гэты перыяд ім будуць надавацца гарантыі і кампенсацыі – з захаваннем месца працы і сярэднемесячнага заробку.

Кантракт – калі дзяржава скажа «трэба»

Артыкул 42 закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» мае адно дапаўненне: «у мэтах гарантавання інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі» на рашэнне Лукашэнкі на вайсковую службу паводле кантракту «могуць быць прынятыя грамадзяне, якія не адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым часткамі другой, трэцяй і восьмай гэтага артыкулу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Handout / AFP / East News

Што гэта будзе абазначаць на практыцы? А тое, што ў выпадку, калі дзяржаве вельмі спатрэбяцца ваяры, то на службу паводле кантракту будуць прымаць і тых, на каго заведзеная крымінальная справа, і тых, хто быў пад судом і адбываў пакаранне ў папраўчых установах, і тых, хто «не прайшоў вайсковую службу па прызыве без законных падставаў» (то бок «ухілістаў»). Менавіта гэтыя катэгорыі грамадзянаў цяпер не маюць права служыць паводле кантракту.

З гэтай жа прычыны не будуць зважаць на некаторыя ўзроставыя абмежаванні, усталяваныя цяперашнімі нормамі закону.

Што яшчэ?

Насамрэч гэта далёка не ўсе змены, якія ўтрымлівае дакумент. Ёсць у ім як дробныя ўдакладненні на ўзроўні фармулёвак, так і больш істотныя папраўкі.

Так, напрыклад, для жанчын без вайсковых званняў (то бок шараговак) павышаецца максімальны ўзрост, пры якім яны могуць заставацца ў запасе: з 45 да 48 гадоў.

У законе «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь» з’яўляецца папраўка, паводле якой можа быць забаронены выезд для «ўхілістаў» на мерапрыемствы, звязаныя з «вайсковай службай» (раней было звязаныя з «вайсковай службай, службай у рэзерве»), што мае больш шырокае значэнне, бо пад вайсковую службу падпадаюць таксама служба ў рэзерве і разнастайныя вайсковыя зборы.

Акрамя таго, з дактароў, якія робяць высновы пра стан здароўя прызыўніка, чальцоў прызыўных камісіяў і іншых службовых асобаў здымаецца адказнасць за незаконны прызыў грамадзянаў на вайсковую службу – атрымліваецца, калі насуперак закону яны адправяць служыць чалавека, які не мусіў трапіць у войска, то ніякай адказнасці за гэта яны несці не будуць. А вось за дапамогу ва ўхіленні ад службы яны будуць адказваць згодна з законам.

Ёсць у законапраекце і норма аб неабходнасці для юрыдычных, фізічных асобаў і ІП цягам трох гадзінаў з моманту засялення ў дом ці кватэру грамадзяніна іншай дзяржавы (пры падпісанні дамовы найму) паведамляць аб гэтым у мясцовыя органы МУС. То бок фактычна, калі вы здалі іншаземцу кватэру больш як на содні і падпісалі аб гэтым дамову, то вы павінны паведаміць пра гэта ў міліцыю. Гэтая норма не мае дачынення да вайсковай службы, але мае відавочна «антышпіёнскі» характар.

Разбор
Як не трапіць у войска? У Беларусі з’явіліся падпольныя службы дапамогі прызыўнікам
2023.05.19 09:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў