Украінскі вайсковец распавёў пра яшчэ аднаго загінулага байца з Беларусі


Стала вядома, што ва Украіне загінуў яшчэ адзін нарадзінец Беларусі і ўдзельнік абароны Марыупалю Яўген Логінаў з пазыўным Мальдэр. Ён загінуў 5 траўня 2022 года каля «Азоўсталі», паведаміў баец палка «Азоў» Руслан (Давід), якога называюць легендай баёў за «Азоўсталь».

Яўген Логінаў з пазыўным Мальдэр. Крыніца: ruslandavid / Instagram

«Невядомы герой той вайны. Ён нарадзіўся ў Беларусі, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Мікалаеў. Ён быў фізічна развіты, заўсёды займаў першыя месцы ў плаванні. Цяжка было знайсці больш добрага і адукаванага чалавека», – піша Руслан (Давід) пра свайго пабраціма.

Паводле Руслана, Яўген Логінаў удзельнічаў у гарадскіх баях у Марыупалі, ніколі не баяўся ворага, а на любыя небяспечныя заданні заўсёды ішоў першым:

«Адбіваць пазіцыю – ён першы падымае руку, патрэбныя добраахвотнікі для дапамогі суседнім атрадам – ​​Мальдэр зноў гатовы. Ён заўсёды рваўся ў бой і заўсёды выходзіў сухім з жорсткіх агнявых кантрактаў і сутыкненняў».

Аднак 5 траўня яму не пашчасціла. Руслан (Давід) распавёў, што ў гэты дзень на завод зайшла вялікая група расейскіх спецназаўцаў. Яны захапілі ў палон некалькі ўкраінскіх салдатаў з суседніх частак, якія падказвалі, дзе хаваюцца абаронцы «Азоўсталі», як пракрасціся і з якога боку.

«Спачатку аднаму з нашых байцоў кінулі пад ногі гранату, завязаўся бой. Мальдэр адкрыў агонь, перастрэльваўся з нападнікамі, але варожая куля трапіла яму ў сонную артэрыю.

Ён не быў медыйным героем, ніхто не падпісваў яму хадайніцтваў аб узнагароджанні, ён не збіраў сабе на дарагое абсталяванне, не свяціўся на тэлеканалах. Ён не хаваўся за тоўстымі сценамі і скляпамі, не еў спакойна кансерваў і пайкоў, быў смелы, а такіх людзей у Марыупалі было не так шмат. Ён адчуў на сабе ўвесь цяжар і ўсе абмежаванні сапраўднай вайны, гарадскіх баёў. Бязмежная табе павага, Мальдэр», – напісаў пра загінулага беларуса Руслан (Давід).

З пачатку шырокамаштабнай расейскай агрэсіі ва Украіне гэта ўжо як мінімум 20-ы беларус, які аддаў жыццё за абарону ўкраінскай зямлі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў