Беларусам прапануюць бясплатны курс, на якім будуць вучыць будаваць прававую дзяржаву


«Кароткі курс канстытуцыяналізму» можна будзе праслухаць цягам лютага і сакавіка ў фармаце онлайн-лекцыяў.

Яго правядзе праваабарончая арганізацыя «Human Rights Impact». Яна запрашае беларусаў і беларусак узяць удзел у онлайн-курсе, прысвечаным самаабмежаванню ўлады ў дзяржаве (канстытуцыяналізму). Курс складаецца з 10 вэбінараў, на якіх раскрыюць наступныя паняцці: прававая дзяржава, правы чалавека, правасуддзе, парламентарызм, роўнасць і іншыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: defenders.by

Курс арыентаваны на актывістак і актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасці, зацікаўленых у атрыманні дадатковых ведаў у сферы правоў чалавека і самаабмежавання ўлады. Удзельнічаць можа любы ахвочы, не будзе праблемай, калі чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Гэты курс не скіраваны выключна на будучыню. Безумоўна, пасля таго як Беларусь зробіцца дэмакратычнаю, набытыя веды дапамогуць выбудаваць дзяржаўную сістэму такім чынам, каб перадухіліць узурпацыю ўлады і масавыя парушэнні правоў чалавека. Але базавыя веды пра правы чалавека, роўнасць і недыскрымінацыю, вяршэнства права, падзел улады і сістэму стрымлівання і супрацьваг неабходныя беларусам і цяпер, каб працаваць у арганізацыях грамадзянскай супольнасці і інстытутах дэмакратычных сілаў у выгнанні.

«Курс арыентаваны на актывістаў грамадзянскай супольнасці, незалежна ад таго, дзе яны цяпер», – расказаў «Белсату» Раман Кісляк, адзін з аўтараў праграмы, юрыст, праваабаронца, старшыня «Human Rights Impact».

Раман дадае, што курс арыентаваны беспасярэдне на актывістаў грамадзянскай супольнасці. Але такія веды неабходныя кожнаму грамадзяніну, каб не дапускаць тыраніі як на ўзроўні дзяржавы, так і на міні-ўзроўні ў арганізацыях і структурах.

«Абмежаванне ўлады неабходнае заўсёды, гэта свайго роду гігіена сучаснай дэмакратыі. Цяпер фактычна фармуюцца інстытуты новай Беларусі, яны таксама мусяць адпавядаць патрабаванням канстытуцыяналізму. Менавіта цяпер неабходна закладваць такі падмурак», – дадае Раман Кісляк.

Дэдлайн падачы заявак – 9 лютага 2024 года ўключна. Адбор удзельнікаў будзе завершаны не пазней за 12 лютага. Для падачы заяўкі на ўдзел у курсе неабходна запоўніць анкету на беларускай альбо расейскай мове.

Каментар
Валер Кавалеўскі: Роля беларускай дыяспары будзе вызначальная для поспеху пашпарта Новай Беларусі
2024.02.06 13:17

АС belsat.eu

Стужка навінаў