Хто мае ісці наперадзе калоны?

Мінуў больш як тыдзень пасля варшаўскага шэсця на Дзень Волі, а спрэчкі дагэтуль не сціхаюць. Дый не было б ніякіх спрэчак, калі б адна жанчына, якая была сярод арганізатараў акцыі, публічна не паскардзілася б на лідара «Вольнай Беларусі» Зянона Пазняка.

Святочны канцэрт да 105-й гадавіны абвяшчэння БНР. На здымку – старшыня КХП БНФ Зянон Пазняк. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ніколі. Ніколі раней за ўсю гісторыю правядзення вулічных акцыяў не было такога. Ні разу ніводзін з заяўнікаў той ці іншай акцыі не скардзіўся, ды яшчэ ў незалежныя медыі, на кагосьці, хто ўразрэз з запланаваным сцэнаром узяў і пайшоў наперадзе калоны ці яшчэ недзе.

Але не магу таксама ўявіць сабе сітуацыю, калі б у нейкую рэдакцыю прыйшоў нехта з арганізатараў імпрэзы, выступіў супраць канкрэтнага ўдзельніка шэсця – які, заўважце, грамадскага парадку не парушаў, праз ягоныя дзеянні нікога не затрымалі, – а рэдакцыя ўзяла б і гэта апублікавала. Так, можна казаць, што медыі толькі асвятляюць праблему, якая ўзнікла. Але, можа, трэба адрозніваць: гаворка ідзе сапраўды аб праблеме ці датычыць унутраных разборак паміж арганізатарамі акцыі і некаторымі палітыкамі?

Заяўніца акцыі паскардзілася, што першапачаткова быў план: наперадзе калоны будуць несці расцяжку «Беларускай Народнай Рэспубліцы 105 гадоў», і толькі за ёй рушаць астатнія ўдзельнікі. А Зянон Пазняк, лідар «Вольнай Беларусі», пайшоў наперадзе калоны, ды яшчэ нехта пасля «Жыве Беларусь!» скандаваў: «Слава ЗСУ!» Вы сурʼёзна?..

З 1996 года я была сведкаю кожнага Дня Волі ў Менску. Вядома, яны праходзілі па-рознаму. І ні разу не было такога, каб хоць адна акцыя, нават самая дазволеная, прайшла менавіта так, як яе запланавалі. Бывала, што ўлады дазвалялі правядзенне акцыі толькі ў тым выпадку, калі на ёй не будзе нацыянальнай сімволікі. Але заўсёды знаходзіўся нехта, хто разгортваў сцяг. Так, сцяг забіралі. Таго, хто гэта зрабіў, затрымлівалі і саджалі на содні. Але я не згадаю, каб нехта з арганізатараў сказаў: «А навошта ён гэта зрабіў? Бо прасілі ж без сцягоў! А цяпер вось у нас праблемы з-за яго».

А колькі разоў, калі мітынг ужо заканчваўся і арганізатары выступалі са словамі ўдзячнасці да ўдзельнікаў і прасілі ўсіх разысціся, нехта з маладых актывістаў выкрыкваў: «Да расейскай амбасады!», і тады ўжо ўсё адразу ішло не паводле плану… А колькі разоў было дамоўлена з сілавікамі, што ўдзельнікі рухаюцца толькі па ходніках, але нехта абавязкова выходзіў на праезную частку, і зноў усё ішло не паводле плану… А колькі разоў народ скандаваў «Беларусь у Еўропу, Лукашэнку ў ж…пу!»? І гэта тады расцэньвалася як абраза таго самага, пра каго ідзе гаворка, і заяўнікаў каралі. Ды яшчэ як каралі.

А колькі разоў увогуле было гэтых «колькі разоў»? Іх было столькі, колькі было саміх акцыяў, незалежна ад таго, дазволеныя яны былі або забароненыя. Больш за тое, калі ўлады забаранялі ладзіць акцыю, адпраўляючы ўдзельнікаў на Бангалор (у парк Дружбы народаў), і тыя заяўлялі, што здымаюць у такім выпадку з сябе адказнасць, то іх усё роўна затрымлівалі і судзілі за ўсё тое, што пазней адбывалася. Толькі таму, што менавіта іхныя прозвішчы стаялі пад заяўкаю.

Таксама не было такога, каб не ўзнікала канфліктаў на самым пачатку і падчас самой дэманстрацыі паміж удзельнікамі і арганізатарамі. Здаралася, што прадстаўнікі секс-меншасцяў разгортвалі свае сцягі, а ўдзельнікі акцыі прасілі іх прыбраць «вясёлку». Аргументы былі самыя розныя, але асноўныя – маўляў, зноў БТ пакажа, што мы кучка маргіналаў і з намі геі. Дарэчы, трэба аддаць належнае «нашым геям», бо на аргументы саміх арганізатараў пра ўзгодненую з гарадскімі ўладамі сімволіку тыя маглі адказаць: «Ну, пабіце тады нас самі і выганіце на вачах у журналістаў з натоўпу». І іх ніхто не чапаў. Але адказваць даводзілася і за гэта.

Святкаванне Дня Волі у Варшаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Здараліся канфлікты праз тое, што анархісты прыходзілі на акцыю ў масках, а гэта было забаронена законам. Але маскі зняць тыя адмаўляліся са зразумелых прычынаў. І яны працягвалі ўдзел у акцыі так, як лічылі для сябе магчымым. Бывала, нехта прыходзіў з плакатам відавочна правакацыйнага характару, і гэта быў звычайны ўдзельнік, а не засланы правакатар. І тады даходзіла да гарачых спрэчак. У выніку з чалавекам проста дамаўляліся – зразумела, што не адразу.

Бывала такое, калі раптам з нейкай машыны выходзілі мужыкі нападпітку і пачыналі крочыць наперадзе калоны, мацюкаючыся ва ўсе бакі. Але да іх падбягалі дружыннікі, якія сачылі за парадкам, каб пазбегчы правакацыяў, выцягвалі з калоны і настойліва прасілі прайсці ў закусачную. Было, што правакатары спецыяльна абражалі мінакоў з натоўпу. На тое яны і правакатары. Іх таксама выстаўлялі дружыннікі. Дакладней, самі здавалі іх у рукі міліцыі. Часам гэтыя правакацыі служылі потым «доказам» віны арганізатараў акцыі.

Бывала такое, калі напярэдадні акцыі ўзнікалі спрэчкі паміж арганізатарамі. Найчасцей наконт маршруту руху. Даходзіла часам да сурʼёзных канфліктаў, але прымалі агульнае рашэнне – і, вядома, не ўсе арганізатары былі з ім згодныя. Але нават пасля гэтага супольнага рашэння ўжо ў выканкаме гарадскія ўлады ўносілі свае карэктывы. Памятаю, як калона рухалася па вуліцы Сурганава паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Якуба Коласа, а там будаўнічыя рыштаванні перакрылі амаль цалкам ходнікі, і ўдзельнікі шэсця вымушаныя былі выйсці на праезную частку. Намеснік старшыні Партыі БНФ, і ён жа арганізатар акцыі, Віктар Івашкевіч звярнуўся да камандзіра АМАПу, што вось, маўляў, тэхнічныя прычыны, мы не вінаватыя. Людзі не могуць прайсці тут, занадта вузка. На што той адказаў: «Ну вы ж самі ўсё разумееце. Рашэнне потым будзе прынятае». І Віктар тады эмацыйна сказаў: «Вось чаму яны настойвалі, каб калона ішла менавіта па гэтым адрэзку. Я ж пазаўчора тут прайшоў спецыяльна. Ніякіх рыштаванняў не было». І меў рацыю. Свой арышт ён тады атрымаў…

Наконт самога правядзення шэсця абсалютна ўсе ведалі, што ў выпадку чаго (а гэтых «у выпадку чаго» было не менш за дзясятак), то адказнасць, у тым ліку і крымінальную, будуць несці не толькі арганізатары, але і тыя, хто ачольвае шэсце. Негалосным правілам было тое, што наперадзе калоны ідуць лідары партыяў, рухаў, арганізацый. За імі – вядомыя і паважаныя ў народзе грамадскія дзеячы, і гэта былі пераважна прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Тады нікога асабліва не турбавала: наперадзе банэр, ззаду або ўзбоч калоны. І ўжо тым больш – хто канкрэтна яго напісаў. Нясуць, і добра.

Ці трэба казаць, што ў тых умовах кожны, хто падпісваў заяўку на правядзенне акцыі, разумеў, што можа апынуцца на Акрэсціна ў бліжэйшыя некалькі гадзінаў? Бо затрымлівалі і прэвентыўна, напярэдадні правядзення акцыі. Кожны, хто ішоў наперадзе калоны, разумеў, што ў выпадку сутыкнення з сілавікамі пойдзе паводле артыкулу аб «масавых беспарадках». Бо нікога і тады не хвалявала, ці адбываліся яны ў даслоўным значэнні гэтага слова. Нават калі бойка была пасля заканчэння акцыі, а так здаралася найчасцей, то адкажуць найперш тыя, хто ішоў наперадзе калоны і выступаў на мітынгу.

Дастаткова прыгадаць крымінальныя справы за першы Марш свабоды, калі судзілі Мікалая Статкевіча і Валерыя Шчукіна. Судзілі толькі за тое, што тыя ішлі наперадзе…

Асабіста я не пабачыла нічога незвычайнага ў тым, што ў Варшаве наперадзе калоны на Дзень Волі ішоў лідар «Вольнай Беларусі» Зянон Пазняк. Мусіць, і для яго не было ў гэтым нічога незвычайнага. Бо ён столькі разоў выходзіў наперад, калі за такое было больш шанцаў адправіцца за краты, чым вярнуцца дадому. Яшчэ магу зразумець маладую жанчыну, якая з пазіцыі юначага максімалізму паскардзілася на яго журналісту. Але я не магу зразумець, навошта тое транслюе медыя. Затое я разумею простага ўдзельніка дэманстрацыі, калі ён, убачыўшы побач з Пазняком і Усавым незнаёмага мужчыну, які пазаваў для фота на камеру, сказаў: «Ты б у Менск, с…ка, прыехаў бы і прайшоўся б вось так наперадзе калоны…»

А тут вось знайшлі вінаватага. Сапсаваў карцінку…

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў