Сітуацыя ва Украіне: расейцы маюць лакальныя прасоўванні, але фронт стабільны


«Белсат» падводзіць вынікі 816-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія войскі пад Часавым Ярам. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

У Харкаўскім раёне працягваюцца баі на паўночных ускрайках буйнога сяла Ліпцы. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што прасоўванні войскаў РФ на гэтым участку ўскладняюцца праз наяўнасць сур’ёзнага ўмацаванага раёну абароны ўкраінцаў. Акрамя гэтага за Збройнымі сіламі Украіны застаецца вышыня з усходу ад населенага пункту, з якой адкрываецца від на мяжу з РФ і абласны цэнтры. На думку крыніцы, без кантролю над гэтай кропкай расейцам наўрад ці ўдасца заняць самыя Ліпцы.

Таксама ў харкаўскім раёне войскі РФ крыху расшырылі зону кантролю ў ваколіцах сяла Лук’янцы (на паўночным усходзе ад Ліпцаў), пры гэтым ЗСУ захоўваюць пазіцыі на ўчастку паміж Лук’янцамі і Глыбокім (на поўначы ад Ліпцаў).

У Чугуеўскім раёне Узброеныя сілы РФ наступаюць у горадзе Ваўчанск і на флангах ад яго.

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што ў Ваўчанску ЗСУ амаль цалкам адышлі на поўдзень ад ракі Воўча, захаваўшы пазіцыі толькі ў ваколіцах мясцовага ліцэю і будынкаў Укртэлекому.

Тым часам іншы прарасейскі тэлеграм-канал – «Белорусский силовик» – ранкам 19 траўня заявіў пра сур’ёзны прарыў абароны ЗСУ у горадзе, але пры гэтым канкрэтныя месцы прасоўванняў не называюцца.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку атакі расейцаў фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктах Сынькоўка, Іванаўка і Бераставое на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што каля Бераставога войскі РФ дасягнулі частковага поспеху.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ў апошнія дні расейцы актывізаваліся ў ваколіцах населенага пункту, атакуючы кожны раз пры падтрымцы прынамсі 3–4 адзінак тэхнікі.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што сітуацыя каля Бераставога застаецца кантраляванай і сілы абароны краіны намагаюцца ўзмацніць свае пазіцыі па пярэднім краі.

На ліманскім кірунку баі ідуць на левым беразе ракі Жарабец, дзе ЗСУ контратакуюць невялікі плацдарм. Міністэрства абароны РФ заявіла, што расейскія вайскоўцы цягам содняў занялі больш выгадныя рубяжы каля сяла Торскае.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірунку расейцы пры падтрымцы тэхнікі атакуюць на аднайменным выступе ў ваколіцах населеных пунктах Белагораўка, Раздолаўка і Верхнякаменскае. Украінскае камандаванне піша, што пакуль праціўнік не мае поспеху, але пры гэтым працягвае шукаць слабыя месцы ў абароне ЗСУ.

На краматорскім кірунку расейцы ціснуць на горад Часаў з усходу і па флангах каля сёлаў Калінаўка і Іванаўскае, а таксама ніжэй па лініі сутыкнення ў ваколіцах населеных пунктах Клішчыеўка і Андрэеўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» фіксуе цяжкія баі і невялікія прасоўванні войскаў РФ у мікрараёне Часавага Яру з усходу ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на захадзе ад гораду Аўдзееўка, імкнучыся развіць ранейшы поспех.

У Deepstate адзначаюць прасоўванні расейцаў на паўднёвым фланзе ў сяле Нятайлава.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Военкор Котенок» піша, што цяпер пад кантролем Збройных сілаў застаецца толькі невялікі ўчастак на поўдні населенага пункту.

Разам з тым праўкраінскі «Говорять Снайпер» мяркуе, што агулам сітуацыя на кірунку застаецца стабільнай для ЗСУ, хоць расейцы і прасоўваюцца штодня на 100-метраў за кошт перавагі ў жывой сіле.

Мінабароны РФ паведамляе, што ўкраінскія вайскоўцы контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі ў Краснагораўцы, дзе пад кантролем украінцаў застаецца паўночна-заходняя частка гораду.

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктах Георгіеўка, Пабеда і Парасковіеўка.

«НгП раZVедка» сцвярджае, што ў апошні сяле расейцы прасунуліся, у выніку чаго пад іхным кантролем апынулася каля 50% тэрыторыі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці баявыя дзеянні ідуць на ўчастку фронту паміж сёламі Ураджайнае і Старамаёрскае, але істотных зменаў не фіксуе ніводная з крыніцаў.

Нязменнай застаецца сітуацыя і ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе расейцы намагаюцца выбіць праціўніка з выступу па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.

У Херсонскай вобласці цягам содняў Узброеныя сілы РФ атакавалі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў