Улады плануюць стварыць больш за 2,2 тысячы працоўных месцаў


Улады Беларусі плануюць стварыць у Менскай вобласці больш за 2,2 тысячы новых працоўных месцаў у рамках рэалізацыі праграмы «Адзін раён – адзін праект», заявілі ў камітэце эканомікі Менскага аблвыканкаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Слуцкі сыраробны камбінат.
Фота: complimilk.com

«У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы стварыць у кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы вытворчасці Менскім аблвыканкамам у пералік «Адзін раён – адзін праект» уключана 46 інвестыцыйных праектаў агульным коштам 1,4 млрд. беларускіх рублёў. У выніку рэалізацыі гэтых праектаў плануецца стварэнне 2269 працоўных месцаў», – расказала старшыня камітэту Ксенія Суседчык.

Для ўсіх праектаў, што ўвайшлі ў пералік, збіраюцца стварыць новыя вытворчасці з не менш як 20 працоўнымі месцамі.

За ўзор паспяховай рэалізацыі такога праекту назвалі рэканструкцыю будынку складу пад арганізацыю вытворчасці тэрасных дошак ТАА «Бергія Груп» у Крупскім раёне. На гэтым прадпрыемстве створанае 21 працоўнае месца.

Яшчэ адным узорам называюць праект стварэння інавацыйнай вытворчасці сухога малака з капілярна-порыстай структурай у Капыльскім філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», дзе будуць створаныя 32 працоўныя месцы. Праект збіраюцца завершыць сёлета.

Нагадаем, што пры гэтым на сайце Менскага аблвыканкаму ў спісе вакансіяў значыцца  41 пазіцыя дырэктараў і кіраўнікоў для дзяржаўных прадпрыемстваў (гэта без уліку сталіцы). Агулам жа ў дзяржаўным банку вакансіяў на момант публікацыі (29 кастрычніка 2023 года) размешчана 669 вакансіяў са словам «дырэктар» (459 за апошні месяц, 149 за апошні тыдзень) і 1163 вакансіі са словам «кіраўнік» (у тым ліку кіраўнікі аддзелаў, мастацкія кіраўнікі і г. д.). Выходзіць, беларусы не вельмі спяшаюцца ўзначальваць прадпрыемствы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў