Палітвязень Анджэй Пачобут стаў лаўрэатам польскай прэміі імя Сэрж'ю Віейры ды Мэлу


Палітычнага вязня і журналіста Анджэя Пачобута назвалі лаўрэатам польскай прэміі імя Сэрж’ю Віейры ды Мэлу – вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека, паведамляе polskieradio.pl.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

Ад імя Анджэя Пачобута прэмію атрымала старшыня кіравання падляскага аддзялення «Wspólnota Polska» Анна Кетліньска. У сваёй прамове падчас уручэння прэміі ў Кракаве яна адзначыла нязломнасць палітычнага вязня і актывіста не прызнанага лукашэнкаўскай уладай Саюзу палякаў у Беларусі:

«Не сакрэт, што яму прапаноўвалі вызваленне ў абмен на эміграцыю ў Польшчу, але ні на якія ўгоды з рэжымам Анджэй не пайшоў. Гэта прыклад чалавека, які не схіляецца нават перад абліччам сваіх катаў».

Прэмію імя Сэрж’ю Віейры ды Мэлу заснавала ў 2003 годзе культурна-асветніцкае таварыства «Віла Дэцыюша». Яе лаўрэатамі становяцца асобы і няўрадавыя арганізацыі за актыўную дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека, а таксама за папулярызацыю ідэі мірнага суіснавання і супрацы розных грамадстваў, рэлігіяў і культураў.

Лаўрэатамі прэміі ў 2023 годзе сталі таксама польскі журналіст Марцін Жыла (намінацыя «Асоба») і арганізацыя «Familias Unidas por Nuestros Desaparecidos en Jalisco» (FUNDEJ). Прэмія, названая ў гонар вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека Сэрж’ю Віейры ды Мэлу, які загінуў падчас выбуху офісу ААН у Багдадзе 19 жніўня 2003 года.

ВІДЭА
«Мы павінны думаць, што будзе без Лукашэнкі». Польскі даследчык Беларусі
2023.09.22 20:27

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. 8 лютага 2022-га Пачобута засудзілі на 8 гадоў калоніі, а 21 чэрвеня стала вядома, што палітычнага вязня перавялі ў Наваполацкую калонію № 1.

Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК РБ («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што ў медыях Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Крымінальнымі таксама палічылі ягоныя заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі ды артыкулы ў выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м.

Hавiны
«Не атрымлівае лекаў, і мы не ведаем, як дапамагчы». Палітвязень Анджэй Пачобут застаецца ў ПКТ
2023.10.26 15:34

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў