Сілавікі рапартуюць пра сотні правяранняў і выяўленыя парушэнні, але ліку заведзеных справаў за рост цэнаў не агучваюць


Дзяржаўныя медыі паведамляюць пра перамогу ў барацьбе з ростам коштаў, а сілавікі распавядаюць пра затрыманні і крымінальныя справы супраць парушальнікаў загаду Лукашэнкі. Колькасці справаў ці затрыманых у гэтай справаздачы не агучваюць. Суразмоўца «Белсату», бізнесовец Аляксандр Кныровіч мяркуе, што сілавікі і самі не маюць такіх звестак.

Мясная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Дзяржаўныя выданні штодня паведамляюць: «пытанне цэнаў узялі пад адмысловы кантроль». Сілавікі заяўляюць пра дзясяткі соцень правяранняў аб’ектаў гандлю і сотні выяўленых парушэнняў. Яшчэ раней пракуратура заявіла пра неабходнасць завесці крымінальныя справы супраць парушальнікаў забароны росту цэнаў і заклікала сілавікоў арыштоўваць падазраваных.

Камітэт дзяржаўнага кантролю 10 кастрычніка паведаміў, што ў краіне пачалі больш за 10 крымінальных справаў. 15 кастрычніка Генеральная пракуратура адрапартавала пра 18 крымінальных справаў, а ў дачыненні 4 асобаў пракуратура санкцыянавала арышт, наконт шэрагу фігурантаў такое пытанне разглядаецца.

17 кастрычніка афіцыйна паведамлялася, што за краты трапілі больш за 20 асобаў, а ў краіне анулам заведзеныя 34 крымінальныя справы.

Міліцыянты таксама не засталіся ўбаку ад выканання загаду Лукашэнкі і 18 кастрычніка заявілі, што выявілі больш за 70 фактаў завышэння цэнаў ува ўсіх рэгіёнах краіны.

Аб’ектыў
Яраслаў Раманчук: «Падставаў для таго, каб расла эканоміка няма»
2022.10.31 21:34

Пры гэтым агульную колькасць арыштаваных за парушэнне Лукашэнкавага патрабавання сілавыя ведамствы не агучваюць. Вядома, што затрыманні працягваюцца: 2 лістапада Генпракуратура паведаміла пра арышт дырэктара і двух намеснікаў Крычаўскага прадпрыемства, якое вырабляе шыфер.

«Я думаю, што ў гэтым праяўляецца ўвесь эфект беларускай сістэмы. Яны не спецыяльна не агучваюць, а проста не ведаюць. Мы можам пра гэта казаць, зыходзячы з таго, як дзіўна чыноўнікі рэагуюць на простае пытанне, адмянілі дзеянне дырэктывы № 10 (дырэктыва Лукашэнкі ад 6 кастрычніка аб недапушчальнасці росту цэнаў) ці не? На гэтае пытанне розныя чыноўнікі з розных ведамстваў адказваюць па-рознаму. Адныя кажуць, што так, цяпер працуе пастанова ўраду № 713 і на дырэктыву Лукашэнкі можна не абапірацца, а вось іншыя кажуць, што дырэктывы ніхто не адмяняў. Тое ж і ў сітуацыі з колькасцю затрыманых.

Ніводзін не ведае, колькі рэальна завялі крымінальных справаў і колькі асобаў арыштавалі. Я думаю, што існуе такі аспект, як колькасць крымінальных справаў і колькасць затрыманых. Напрыклад, калі ўзяць гандлёвую сетку «Суседзі», то там затрымалі шмат асобаў, але завялі адну крымінальную справу», – каментуе сітуацыю «Белсату» бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Харчовая крама ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

З афіцыйных паведамленняў сілавікоў вядома, што пацярпелі за парушэнне загаду Лукашэнкі прадпрымальнікі, сярод якіх – уласнікі сеткі гандлёвых крамаў, прыватныя аптэкі, гандляры камп’ютарнай тэхнікай, прадстаўнікі птушкафабрыкі і іншыя. У выніку прадпрымальнікі баяцца затрыманняў і асцерагаюцца выходзіць на працу. Такая сітуацыя не новая для Беларусі, адзначае суразмоўца «Белсату». Цягам апошніх больш як 20 гадоў прыватнаму бізнесу даводзіцца працаваць у непрадказальных умовах.

«На мой погляд, дзяржава сёння хістаецца паміж жорсткасцю і неабходнасцю, каб эканоміка і прадпрымальнікі працавалі. Той жа Лукашэнка адзін дзень ненавідзіць прадпрымальнікаў і гатовы вынішчыць іх, кажучы, што яны перашкаджаюць працаваць лёгкай прамысловасці. А вось у іншы дзень раптам кажа, што гэта карысныя людзі, што не трэба перашкаджаць ім працаваць, галоўнае, каб яны не парушалі заканадаўства. Ён сам хістаецца паміж жорсткасцю і мяккім варыянтам рэгулявання. Разам з ім і чыноўнікі. І гэта не сістэмная з’ява, а тое, з якой нагі падняўся Лукашэнка, груба кажучы. Непрадказальная сітуацыя. Яна вельмі складаная  для прадпрымальнікаў, бо не зразумела, што будзе заўтра, кожны дзень паступаюць навіны, якіх немагчыма інтэрпрэтаваць. Прадпрымальнік на сваім працоўным месцы не можа нічога дабіцца адносна прагнозу сваёй будучыні», – зазначае Аляксандр Кныровіч.

Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Бізнесовец таксама дадае, што прагназаваць, як далей будзе разгортвацца сітуацыя з пастановаю Лукашэнкі аб рэгуляванні коштаў, даволі складана. Раней суразмоўца «Белсату» выказваў меркаванне, што чакаць пратэсту прадпрымальнікаў у Беларусі не выпадае:

«Мой прагноз адносна сітуацыі з цэнамі даволі асцярожны. Верагодна, з рэгуляваннем будзе тое ж самае, што было з так званымі дармаедамі. Першапачаткова быў вельмі жорсткі дэкрэт, а паступова законамі яго звялі да нуля. Я думаю, што з гэтаю пастановай і дырэктываю будзе тое ж. Спачатку жорсткае рашэнне, але цяпер мы бачым паслабленне. З 370 пазіцыяў тавараў 20 выключылі, ужо не ўсе кошты рэгулююць, а толькі на спажывецкія тавары, адмянілі значную частку паслуг пад гэтае рэгуляванне. Я думаю, што не будзе ніякай адмены гучнай, бо няма перадумоваў для гэтага. Будуць выпрацоўваць практыкі, натуральным шляхам будуць адыходзіць ад рэгулявання».

Тым часам цэны ў крамах на харчы сапраўды знізіліся. Але разам з гэтым скарачаецца і асартымент замежных тавараў. Якасць тавараў у крамах пачынае адпаведна зніжацца. Гандлёвыя сеткі скарачаюць малапрыбытковыя кірункі дзейнасці, што ўжо адчулі спажыўцы ў рэгіёнах.

Аналітыка
Галоўчанка сцвярджае пра адаптацыю гандляроў, а спажыўцы адчуваюць дэфіцыт некаторых тавараў
2022.11.01 17:07

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў