У Беларусі дазволілі падняць цэны на мяса на 4,9 %. Пасля таго, як цэны паднялі значна вышэй


«У мэтах кампенсацыі росту выдаткаў на сыравіну і матэрыяльныя рэсурсы» адмысловая камісія пры Савеце міністраў 3 ліпеня дазволіла падняць цэны на мяса са спісу сацыяльна-значных тавараў на 4,9%.

Мясная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Падвышэнне можна зрабіць да 23 верасня, 4,9 % адлічваюцца ад цэнаў, вызначаных на 28 лютага.

У спіс сацыяльна-значных тавараў уваходзіць курынае мяса, свініна і ялавічына, адрубы і буйнакавалкавыя паўфабрыкаты, вараная каўбаса, сасіскі і сардэлькі і іншае.

Адметна, што чытачы парталу Zerkalo.io ужо раней паведамлялі аб значным росце цэнаў на мяса. У адной краме, сцвярджае партал, за дзень цэны на свініну выраслі на пяць рублёў, што істотна больш за 4,9 %: напрыклад, у інтэрнэт-крамах сёння 1 кг свінога мяса без костак каштуе 10–20 рублёў.

Паводле звестак Белстату, сярэдняя цана свініны без костак у ліпені была роўнай 11,26 рубля, тады як у студзені было 10,61 рубля.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў