«Сышоў арандатар». План рэканструкцыі менскага кінатэатра «Перамога» змянілі


Падчас рэканструкцыі кінатэатра «Перамога» змяніліся планы перабудовы, перадае агенцтва «Минск-Новости». Праектную дакументацыю карэктуюць праз змену арандатара, патлумачылі на прадпрыемстве «Менская спадчына». У выніку ўнутраныя работы «трываюць у меншым аб’ёме, чымся хацелася б».

Рэканструкцыя кінатэатра «Перамога». Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ірына Маліноўская / «Минск-Новости»

Рэканструкцыя найстарэйшага кінатэатра з тых, што засталіся ў Менску, пачалася ў лютым летась. Унутры планаваліся тры кіназалы, кавярня, рэстаран, канферэнц-зала, шматфункцыянальнае памяшканне. Аднак змяніўся арандатар, і гэтую канцэпцыю давялося перагледзець, паведаміў кіраўнік прадпрыемства «Менская спадчына» Аляксандр Кохан.

«Унутраныя работы пакуль трываюць у меншым абʼёме, чымся хацелася б. Гэта звязанае з тым, што памянялася канцэпцыя аб’екта: сышоў ранейшы арандатар, аператарам выступіць «Кінавідэапракат». Таму праектная дакументацыя карэктуецца пад іншую кінатэхналогію і патрабаванні кінапракату», – сказаў чыноўнік.

У чэрвені плануецца дапрацаваць праект, і пасля экспертызы «работы прадоўжацца ў інтэнсіўным фармаце».

Рэканструкцыя кінатэатра «Перамога». Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ірына Маліноўская / «Минск-Новости»

Ад кавярні і рэстарана адмовіліся, замест іх будуць дадатковыя кіназалы. «Перамога» стане мультыплексам з пяццю заламі. Паводле інфармацыі агенцтва «Минск-Новости», умяшчальнасць кінатэатра складзе 284 гледача.

Вонкавыя працы плануюць завяршыць у верасні, а цалкам рэканструкцыю абяцаюць скончыць да канца года.

Кінатэатр «Перамога» адкрылі ў 1950 годзе. Будынак улучаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Hавiны
Улады вызначылі лёс двух даўгабудаў у Менску: адзін дабудуюць, другі знясуць
2023.01.30 13:44

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў