Польскія кіроўцы вынайшлі спосаб не плаціць штрафы: спіхваюць парушэнні на беларусаў


У Польшчы ўласнікі аўтаў знайшлі шчыліну ў заканадаўстве, каб не плаціць штрафы за парушэнне правілаў дарожнага руху. Кіроўцы пазначаюць, што за стырном быў беларус або ўкраінец. Спраўдзіць гэтыя звесткі польскія службы не могуць, і сапраўдныя парушальнікі пазбягаюць адказнасці, піша выданне «Rzeczpospolita».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay / pexels.com

У суседняй краіне сістэма працуе так: калі фотарадар злавіў парушальніка, які перавысіў хуткасць, уласніку аўтамабіля дасылаюць патрабаванне раскрыць асобу кіроўцы. Уладальнік можа ўзяць штраф на сябе, можа паведаміць, хто быў за стырном, а можа пазначыць, што не ведае, хто кіраваў машынаю. Раней уласнікі часта адмаўляліся раскрываць кіроўцу, тады аўтаматычна атрымоўвалі штраф у 500 злотых (каля 400 беларускіх рублёў), затое пазбягалі налічэння штрафных балаў.

Даведка
У Польшчы за парушэнні правілаў налічваюць пэўную колькасць штрафных балаў (напрыклад, адразу 15 балаў налічаць, калі сесці за стырно п’яным або не прапусціць пешахода). Яны абнуляюцца праз 2 гады. Пры дасягненні ліміту балаў (для кіроўцаў са стажам больш за два гады – 24) пазбаўляюць права на кіраванне. Атрымаць пасведчанне нанова можна толькі пасля паўторнага здавання тэарэтычнага і практычнага экзаменаў.

Напрыканцы 2023 года ў Польшчы змянілі заканадаўства, і цяпер, калі не раскрыць асобу, якая была за стырном у момант парушэння, уласніку аўтамабіля даюць падвойны штраф і не меней як 800 злотых (каля 650 рублёў).

У выніку палякі пачалі паведамляць, што машынаю кіраваў нібыта грамадзянін Беларусі або Украіны.

«Яны проста перадаюць звесткі грамадзянаў краінаў па-за ЕЗ. Службы такіх дзяржаваў, як Беларусь ці Украіна, не маюць супрацы з польскай паліцыяй, таму спраўдзіць інфармацыю і, галоўнае, пакараць патэнцыйнага парушальніка амаль немагчыма. Бальшыня такіх справаў, што даходзяць да суда, спыняецца», – піша «Rzeczpospolita».

Выданне пры гэтым нагадвае, што, калі падман уласніка транспартавага сродку ўдасца даказаць, яму будзе пагражаць да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
У Беларусі павялічылі тэрмін дзеяння пасведчання кіроўцы ўдвая
2024.02.28 10:11

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў