«Гэта не па-саюзніцку». Масква заявіла, што Арменія мусіць вызначыцца наконт АДКБ


Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў прызнаў, што стасункі з Арменіяй знаходзяцца ў крызісе, і прыгразіў шмат што перагледзіць у расейска-армянскіх адносінах.

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.
Фота: МЗС Расеі / Telegram

Журналісты папрасілі кіраўніка МЗС РФ пракаментаваць заяву прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна пра тое, што Арменія фактычна замарозіла ўдзел у блоку АДКБ. У адказ Лаўроў заявіў, што армянскае кіраўніцтва «прыняло, мяркуючы па ўсім, свядомае рашэнне паслядоўна весці лінію на пагаршэнне адносін з Расейскай Федэрацыяй». Паводле міністра, Ерэван паводзіць сябе «не па-саюзніцку».

«Складаецца не вельмі прыглядная карціна. Мы б хацелі, каб нашыя армянскія калегі і партнёры вызначыліся для сябе, як яны збіраюцца далей жыць і выконваць на ўзаемнай аснове дамоўленасці, якія звязваюць нас у самых розных інтэграцыйных структурах», – заявіў ён.

Лаўроў досыць рэзка пракаментаваў заяву кіраўніцтва Арменіі пра памылковасць прарасейскага курсу.

«Патрэбна палітычная смеласць, каб казаць, што з 1991 г. Арменія ўзяла ва ўсім памылковы курс у адносінах з Расеяй. Калі гэта ацэнка ўсяго армянскага кіраўніцтва, якая абапіраецца на меркаванне народу, то гэта робіць неабходным перагледзець шмат што ў расейска-армянскіх адносінах», – падкрэсліў міністр.

Hавiны
Пуцін гадзіну абмяркоўваў з Лукашэнкам праблемы ў АДКБ і перспектывы сітуацыі ў рэгіёне
2024.03.02 15:22

Лаўроў заявіў, што ў пагаршэнні стасункаў Арменіі і РФ зацікаўлены Захад. «Тыя заявы, якія гучаць на штодзённай аснове з вуснаў армянскага кіраўніцтва, прымушаюць задумацца над тым, што ў рэальнасці адбываецца і як гэта ўлічваць у нашых практычных кроках», – адзначыў кіраўнік МЗС.

Сяргей Лаўроў зрабіў гэтыя заявы на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння Антальскага дыпламатычнага форуму. Адным з удзельнікаў форуму быў таксама кіраўнік МЗС Арменіі Арарат Мірзаян. Як адзначае газета «Коммерсант», кіраўнікі МЗС Расеі і Арменіі правялі ажно тры дні на Антальскім дыпламатычным форуме, але так і не знайшлі магчымасці правесці перамовы сам-насам.

Аб’ектыў
Нікол Пашыньян: Азербайджан рыхтуе напад на Арменію
2024.02.23 20:39

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў