Міліцыя прапануе вярнуць у Адміністратыўны кодэкс пакаранне за дармаедства


Прапанову ўвесці адміністратыўнае пакаранне беспрацоўных агучыў начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Дзмітрый Разянкоў, піша «Вечерний Гродно».

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum
Акцыя пратэсту ў Менску 15 сакавіка 2017 года

«Што ў гэтым кепскага – законным шляхам прымусіць людзей працаваць, прыносіць карысць у першую чаргу сабе і сваёй сям’і, а па-другое – грамадству? Каб меліся сродкі да існавання. А не так, як некаторыя цяпер: скраў, выпіў, сеў, скраў, выпіў, сеў. За чатыры гады – пяць судзімасцяў. І такія выпадкі бываюць», – апавёў Дзмітрый Разянкоў на прэс-канферэнцыі 1 лютага.

Органы ўнутраных справаў плануюць унесці прапанову аб адміністратыўным пакаранні за дармаедства ў парламент пасля выбараў дэпутатаў (парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 25 лютага), а таксама агучыць на Усебеларускім народным сходзе.

Увесці падобны артыкул у Кодэкс аб адміністратыўных парушэннях МУС Беларусі прапаноўваў яшчэ ў 2015 годзе. Тады хацелі штрафаваць поўнагадовых працаздольных грамадзянаў, якія стала жывуць на тэрыторыі Беларусі і цягам 6 месяцаў «ухіляюцца ад аплаты падаткаў, збораў ды іншых плацяжоў». Для «зацятых ухілістаў» прадугледжваўся арышт з прымусовым скіраваннем на працу.

Потым пастанавілі ўвесці «падатак на дармаедства» – паводле Дэкрэту Лукашэнкі № 3, беларусы, якія не працавалі больш за 6 месяцаў, мусілі заплаціць 20 базавых велічыняў. Пасля хвалі пратэстаў у 2017 годзе Дэкрэт адмянілі, людзям, якія сплацілі «падатак», нават вярнулі грошы. Але неўзабаве для дармаедаў увялі аплату камунальных паслуг паводле поўных тарыфаў.

Hавiны
Урад Беларусі прыняў новую пастанову наконт дармаедаў
2024.01.31 09:55

31 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову ўраду, якая ўносіць змены ў пастановы 2018 года наконт парадку аднясення працаздольных грамадзянаў да незанятых у эканоміцы. Новая пастанова пашырыла крытэры для ўнясення ў «базу дармаедаў».

Адміністратыўны артыкул за дармаедства існаваў у Савецкім Саюзе – беспрацоўнага маглі пакараць арыштам на год.

Hавiны
Улады падрыхтавалі новы сюрпрыз для беларусаў, якія з’ехалі за мяжу і трапілі ў базу «дармаедаў»
2023.11.03 14:46

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў