Палітвязень Аляксандр Фядута трапіў у лякарню


Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, якога ў снежні 2022 года этапавалі са следчага ізалятару ў калонію №15 Магілёва, трапіў у турэмную лякарню. Пра гэта стала вядома «Нашай Ніве».

Па звестках выдання, у Аляксандра Фядуты абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі.

Аляксандру Фядуце 58 гадоў. Яго затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Літаратуразнаўцу выставілі абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 357 КК. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка (Менскі раённы суд) прызнаў Фядуту вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і прысудзіў да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па «справе змоўнікаў» праходзілі таксама Рыгор Кастусёў і Юрый Зяньковіч.

У красавіку 2022 года Аляксандр Фядута быў прызнаны палітычным зняволеным. Напрыканцы 2022 года палітвязня этапавалі з СІЗА-1 у магілёўскую калонію №15. Ён знаходзіцца ў няволі больш за 630 дзён.

Яшчэ да затрымання Аляксандр Фядута меў праблемы са здароўем. Зараз ён знаходзіцца ў лякарні.

Артыкулы
Поўны тэкст апошняга слова Аляксандра Фядуты
2022.09.02 00:12

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў