Арышт Лівянтаў, 17 гадоў – Паднябеннаму, дата суду над Ціханоўскай. Хроніка рэпрэсіяў за 3 студзеня


У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы і катаванні ў ізалятарах, не спыняецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыя прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі». «Белсат» расказвае пра рэпрэсіі 3 студзеня.

Падчас «палітычнага» судовага працэсу. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: «Вясна» / Telegram

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічыў, што ў снежні 2022 года паводле «пратэставых» крымінальных справаў, у Беларусі асудзілі як мінімум 55 чалавек – агулам 268 гадоў і 3 месяцы няволі.

3 студзеня стала вядома, што за кратамі цяпер знаходзіцца ўся сям’я сузаснавальніка навучальнага цэнтру «100 балаў» Яўгена Лівянта, які знаходзіцца за кратамі з канца снежня. Арыштаваныя ягоная жонка, дачка і зяць, а таксама другі сузаснавальнік цэнтру «100 балаў» Аляксей Іваноў. Паводле інфармацыі, якой валодаюць праваабаронцы, затрыманых прысудзілі да адміністрацыйнага арышту.

Hавiны
Услед за дачкой і зяцем педагога Яўгена Лівянта затрымалі ягоную жонку
2023.01.03 15:22

У Гомлі пачалі судзіць жыхара вёскі Зябраўка Гомельскага раёну Яўгена Глушкова – за здымак сумна вядомага аэрадрому. Хлопца падазраюць у здрадзе дзяржаве. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі.

Між тым, Гомельскі абласны суд агучыў другі запар вырак палітзняволенаму грамадзяніну Расеі Андрэю Паднябеннаму. З улікам двух прысудаў тэрмін пакарання склаў амаль 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Андрэя вінавацілі агулам паводле сямі крымінальных артыкулаў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

«Вясна» таксама паведамляла 3 студзеня пра затрыманне ГУБАЗіКам чарговага беларуса, які вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы. Менчука Андрэя ідэнтыфікавалі па фотаздымках з «Shutterstock».

Менчука, які вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы, ГУБАЗіК ідэнтыфікаваў на фотаздымку з «Shutterstock». Крыніца фота: spring96.org

Два гады «хатняй хіміі» прысудзілі жыхару Жлобіна Мікіту Богушу, якога вінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (ч.1 арт. 342 КК). Мікіту прызналі вінаватым, а доказамі на судзе былі відэа з камераў назірання і CD-дыск з дэталізацыяй размоваў хлопца, які выдала суду кампанія «А-1».  Справу Богуша разбіралі ў судзе Жлобінскага раёну (суддзя Яўген Ерафееў).

Год «хіміі» прысудзілі беспрацоўнаму гарадзенцу Дзмітрыю Анчукову, прызнаўшы яго вінаватым у «апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці» (арт. 341 КК). Як стала вядома, хлопца асудзілі за некалькі надпісаў на сценах дамоў аэразольным балончыкам. Гэтым – «дыскрэдытаваў дзяржаўную ўладу».

Крымінальную справу, распачатую супраць абранай прэзідэнткі Беларусі Святланай Ціханоўскай, пачнуць разбіраць 17 студзеня. Яе абвінавачваюць паводле 10 крымінальных артыкулаў. Фігурантамі справы таксама зʼяўляюцца Марыя Мароз, Павел Латушка, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі. «Крыміналку» на іх завялі ў межах так званага спецыяльнага вядзення. Судзіць палітыкаў будуць завочна, бо ўсе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Hавiны
Суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і чальцамі КР прызначылі на 17 студзеня
2023.01.03 18:28

У аўторак 3 студзеня стала таксама вядома, што палітвязень Аляксандр Фядута трапіў у турэмную лякарню – у яго абвастрыліся праблемы з сэрцам.

На 3 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1446 чалавек.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў