Беларусы сталі часцей ездзіць у Літву


Гэтым летам беларусы сталі часцей прыязджаць у Літву, сведчаць звесткі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ). У ведамстве мяркуюць, што такі рост звязаны з сезонам адпачынкаў і тым, што праз Літву лягчэй трапіць у заходнія краіны. Аднак эксперты сцвярджаюць, што беларусы едуць у Літву па закупы, піша партал «Delfi».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Замкавая гара з вежай Гедыміна. Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

У студзені ў Літву з Беларусі прыехалі 106 тысяч аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. У лютым іх было 97 тысяч, у сакавіку – 115 тысяч, а ў траўні – 120 тысяч. У чэрвені колькасць аўтамабіляў з беларускімі нумарамі вырасла да 126 тысяч.

Прадстаўніца САДМ Ліна Лаўрынайціце-Грыгіене заявіла, што рост апошнімі месяцамі тлумачыцца тым, што пачаўся летні перыяд адпачынкаў:

«У Беларусі няма мора, акрамя таго, на Захад на самалётах беларусы не могуць трапіць ва ўсе жаданыя краіны. Таму, магчыма, беларусы едуць у Літву і Латвію ў адпачынак або праз аэрапорты гэтых краінаў ляцяць адпачываць на Захад».

Таксама эксперты адзначаюць, што беларусы едуць у Літву і дзеля шопінгу. У прыватнасці, па вядомыя брэнды, алкаголь і электроніку.

«Калі параўноўваць з дапандэмійным перыядам (2019), сёлета рэгіструецца напалову менш вяртання падаткаў, аднак прыезджыя выдаткоўваюць больш. Гэта звязана з ростам цэнаў і інфляцыяй. Калі сачыць за гэтымі дадзенымі, агульная карціна паказвае, што колькасць турыстаў з Беларусі знізілася, але можа быць і так, што не ўсе яны карыстаюцца паслугай Tax Free Shopping. Акрамя таго, ёсць і беларусы, якія жывуць у Літве, не могуць вярнуць ПДВ, але па куплі прыходзяць», – сказала прадстаўніца гандлёвага цэнтру «Panorama» Біруце Каланавайце.

Паводле дадзеных «Global Blue Lietuva», вяртанне падаткаў за куплі часцей за ўсё афармляюць на тавары для спорту, забаваў, адзенне і абутак, аксесуары.

Таксама адным з фактараў, што спрыяюць паездкам у Літву, называюць тое, што літоўцы ведаюць расейскую мову і беларусы могуць дамовіцца.

Каментар
Што будзе далей у Літве з законапраектам аб абмежаваннях для беларусаў? Літоўскі эксперт тлумачыць
2023.04.14 19:53

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў