Што будзе далей у Літве з законапраектам аб абмежаваннях для беларусаў? Літоўскі эксперт тлумачыць


Прэзідэнт Літвы наклаў вета на законапраект аб абмежаваннях для грамадзянаў Беларусі і Расеі ў пытаннях легалізацыі ў Літве – як і анансаваў ягоны дарадца. Эксперт Вадзім Валавы ў размове з «Белсатам» прагназуе, што закон амаль напэўна будзе прыняты: пытанне толькі ў тым, ці будзе ён зменены або застанецца без зменаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Вільня, Літва. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: Robertas Dačkus / Lrp.lt

У тым выглядзе, у якім Сейм Літвы прыняў законапраект, дакумент не прадугледжваў для грамадзянаў Беларусі сур’ёзных зменаў, але ўводзіў новыя абмежаванні для грамадзянаў Расеі.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў каментары да рашэння пра вета патлумачыў, што для расейцаў і беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжымы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, «дзверы заўсёды будуць адчыненыя», але «з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі Літвы няма падстаў для рознай ацэнкі грамадзянаў Беларусі і Расеі».

Ён прапанаваў не толькі ўвесці аднолькавыя абмежаванні для грамадзянаў Беларусі і Расеі, але таксама прапанаваў спрасціць працэдуру анулявання ўжо выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовае або сталае жыхарства, спрасціць дэпартацыю парушальнікаў законаў аб санкцыях.

Каментар
Офіс Ціханоўскай пачаў працу з дэпутатамі Літвы, каб беларусаў і расейцаў падзялялі ў абмежаваннях
2023.04.14 20:25

Што ўсё гэта значыць, «Белсату» патлумачыў незалежны літоўскі эксперт, доктар палітычных навук Вадзім Валавы.

Што далей?

Закон усё ж будзе прыняты, прагназуе Валавы. У Літве існуе такая практыка: калі прэзідэнт наклаў вета, то законапраект павінны хаця б абмеркаваць яшчэ раз:

«Пазіцыя прэзідэнта можа быць альбо ўлічаная, альбо не, – распавядае эксперт. – Прынамсі, адбудзецца яшчэ адно абмеркаванне».

Калі Сейм прымаў закон, «за» прагаласавалі 76 дэпутатаў. Для пераадолення вета прэзідэнта патрэбны 71 голас. Валавы лічыць, што вета змогуць пераадолець, але пытанне ў тым, ці зменяць законапраект.

Навошта прэзідэнту гэтае вета?

На думку суразмоўцы, прэзідэнт адрэагаваў на меркаванне часткі грамадства – у Літве сталі гучаць розныя меркаванні наконт законапраекту, а прэзідэнт паказаў, што чуе меркаванні. Але былі і такія меркаванні, што законапраект месцамі занадта жорсткі, адзначае Валавы.

«Існуе такая традыцыя, што прэзідэнцкае вета – гэта такая палітычная практыка, якая дае большасці ў парламенце яшчэ раз сябе пераправерыць. Задумацца яшчэ раз, што прымаецца», – тлумачыць ён.

Пасля гэтага, як кажа Валавы, у прэзідэнта «сумленне будзе чыстае»: калі закон прымуць без зменаў, Наўседа зможа сказаць праціўнікам закона, што зрабіў усё, што мог, паклапаціўся пра інтарэсы грамадства, і такім чынам зарабіць сабе ўмоўныя балы рэйтынгу.

Якія шанцы, што закон прымуць без зменаў?

Валавы дае такі прагноз: прыкладна 70-80 %, што закон прымуць без зменаў, пераадолеўшы вета прэзідэнта, і 20-30 %, што са зменамі ў нейкіх дэталях. Ён сумняваецца, што змены могуць быць нейкімі фундаментальнымі.

Эксперт дадае, што цяпер паміж прэзідэнтам і парламентам «вельмі нацягнутыя» адносіны, таму парламенцкая большасць хутчэй будзе думаць пра тое, ці пацерпіць яго імідж у грамадстве, калі законапраект пакінуць без зменаў. Калі наўрад ці пацерпіць, вета пераадолеюць і прымуць закон без зменаў.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Алесь Наваборскі / АА belsat.eu

Стужка навінаў