Змены для беларусаў у Літве: што са SmartID і вета прэзідэнта на законапраект аб новых абмежаваннях?


Сейм Літвы 4 красавіка прыняў у трэцім чытанні законапраект, які замацоўвае дзейныя візавыя абмежаванні для беларусаў, але не ўводзіць новых абмежаванняў на візы ці атрыманне віду на жыхарства. Ды ў законапраекце ёсць незразумелы пункт аб SmartID, а сам законапраект яшчэ можа заблакаваць прэзідэнт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на падрыхтоўчай сустрэчы перад паседжаннем Рады Еўропы. Вільня, Літва. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Robertas Dačkus / lrp.lt
Абноўлена
Літва вырашыла не мяняць парадку атрымання беларусамі грамадзянства і відаў на жыхарства
2023.04.04 13:32

З візамі і ВНЖ усё па-старому

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак тлумачыць «Белсату»: Літва даўно не выдае беларусам ніякіх візаў акрамя гуманітарных пры пасярэдніцтве МЗС, тут нічога не мяняецца. Літоўскія гуманітарныя візы ўсё яшчэ можна атрымліваць на тэрыторыі Беларусі.

Таксама няма зменаў у працэдуры выдачы візаў на жыхарства. Цяперашнюю працэдуру Стрыжак называе «даволі моцным сродкам абароны ад людзей, якія могуць падтрымліваць агрэсію Расеі ва Украіне альбо быць прыхільнікамі дзейных уладаў Беларусі».

«Фактычна закон замацоўвае тыя палажэнні, якія ўжо існавалі прыблізна з часу міграцыйнага крызісу, які быў справакаваны Лукашэнкам. Тут надта шмат чаго не змяняецца», – канстатуе Стрыжак.

Застаецца пытанне адносна таго, што будзе з працоўнымі візамі, – напрыклад, для айцішнікаў і дальнабойнікаў. Стрыжак тлумачыць: з аднаго боку, ёсць гэты закон, з другога боку, існуе дзяржаўная палітыка прыцягнення кампаніяў і інвестыцыяў, а таксама пажаданні літоўскіх кампаніяў з галіны грузаперавозак, якім патрэбныя беларускія кіроўцы. У гэтым Стрыжак раіць дачакацца практыкі: магчыма, знойдуць нейкія шляхі абыходу, «мыліцы».

Усё не так кепска, але разгляд законапраекту яшчэ не скончыўся

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр распавяла «Белсату», што офіс Ціханоўскай удзельнічаў у абмеркаванні законапраекту, – і пакуль, кажа Рыхтэр, усё скончылася добра, але не вядома, ці падпіша закон прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Згодна з літоўскай Канстытуцыяй, прэзідэнт ці падпісвае гэты законапраект, ці адхіляе і вяртае на дапрацоўванне, – тлумачыць Рыхтэр. – І тады павінны быць абгрунтаванні нейкія».

Яна звяртае на гэта ўвагу праз словы дарадцы прэзідэнта Літвы Кястуціса Будрыса аб магчымым накладанні вета на законапраект. Але яна спадзяецца, што прапанаваныя офісам Ціханоўскай змякчэнні адносна беларусаў застануцца ўлічанымі і на этапе падпісання закону прэзідэнтам Літвы.

Камунікацыя офісу Ціханоўскай і з офісам прэзідэнта Літвы, і з парламентарамі, і з рознымі чыноўнікамі, і ў тым ліку з распрацоўнікамі законапраекту нармальная, запэўнівае Рыхтэр.

«Яны прыслухоўваюцца і бачаць нашую пазіцыю, але трэба, вядома, разумець, што гэта пытанне і ўнутранай палітыкі, – кажа Рыхтэр пра ўлады Літвы. – Мы проста як удзельнікі гэтага працэсу, дзе мы выказваем сваё меркаванне, кажам, што такіх абмежаванняў у дачыненні беларусаў не павінна быць».

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Штосьці дзіўнае з электроннай ідэнтыфікацыяй

На момант публікацыі не да канца зразумелыя забароны адносна SmartID – электроннага ідэнтыфікатара ў літоўскіх онлайн-сістэмах, звязанага з «электроннай дзяржавай», у тым ліку з банкаўскай сферай, аховай здароўя, сплатай падаткаў, дыстанцыйнага падпісвання кантрактаў.

З аднаго боку, у пункце 5 прэс-рэлізу Сейму сцвярджаецца, што прыём заявак на электронныя ідэнтыфікатары спыняюць толькі для тых грамадзянаў Беларусі і Расеі, хто не мае часовага або сталага віду на жыхарства ў Літве. З другога боку, выданне «Delfi» сцвярджае, што выдадзеныя электронныя подпісы грамадзянаў Беларусі і Расеі маюць спыніць дзеянне, калі толькі грамадзяне не маюць сталага віду на жыхарства. Што напісана ва ўхваленым законапраекце, пакуль не вядома – апублікаваны толькі законапраект з мінулага чытання з заўвагамі.

Рыхтэр кажа, што офіс Ціханоўскай арыентуецца на прэс-рэліз Сейму, у якім робяць выключэнне для ўладальнікаў часовага і сталага віду на жыхарства, але канчатковага тэксту ўхваленага законапраекту не бачылі.

Стрыжак адзначае, што бачыў прапанаваныя праўкі ад Камітэту нацыянальнай бяспекі, у якіх тлумачылі: пазбаўленне людзей, якія жывуць у Літве, гэтых SmartID, моцна ўскладніць жыццё таксама і літоўскіх чыноўнікаў. Калі SmartID будзе толькі для грамадзянаў Беларусі, якія маюць сталы від на жыхарства, без яго застануцца вельмі шмат беларусаў, якія жывуць з часовым ВНЖ.

Магчыма, прэзідэнт накладзе вета, але парламент гэта пераадолее

Стрыжак заўважае, што ў першых чытаннях не было такога шырокага падтрымання законапраекту, а цяпер «за» прагаласавала дастатковая колькасць дэпутатаў, каб пераадолець вета прэзідэнта («за» 76, для пераадолення вета трэба 71 голас).

Заява дарадцы прэзідэнта аб магчымым накладанні вета можа быць звязаная з замежнаю палітыкай, дапускае Стрыжак. У Літве парламент і прэм’ер адказваюць за ўнутраныя справы, прэзідэнт – за вонкавыя, і тут інтарэсы могуць не супадаць.

Ход думкі, мяркуе Стрыжае, можа быць такі: Наўседа лічыць, што нельга адрозніваць Беларусь і Расею як дзяржавы ў ступені агрэсіі супраць Украіны, але гаворка менавіта пра дзяржавы, а не людзей – заходнія краіны лабіююць зняцце санкцыяў з беларускай калійнай галіны, а Літва гэтаму супраціўляецца.  Прыняцце закону, які падзяляе беларусаў і расейцаў у пытанні легалізацыі ў Літве, можа быць скарыстанае беларускімі і расейскімі лабістамі, бо Літва ж, маўляў, сама прыняла закон, якім фактычна выкрасліла Беларусь як суагрэсара, дык чаго супраціўляецца зняццю санкцыяў з калію?

Куды звяртацца, калі ёсць пытанні

BYSOL мае сваю службу кансультацыяў, да якой можна звярнуцца ў Telegram .

Таксама тлумачэнні могуць даць у Міністэрстве замежных справаў Літвы або амбасадзе Беларусі ў Літве ці амбасадзе Літвы ў Беларусі.

Разбор
У якія краіны беларусам бяспечна ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў? Спыталі BYSOL
2023.01.25 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў