«Усе мы мусім несці калектыўную адказнасць». Кацярына Сныціна пра рэакцыю спартовай супольнасці на вайну ва Украіне


Размаўляем з прафесійнай баскетбалісткай Кацярынай Сныцінай пра рэакцыю на пратэсты ў 2020 годзе і пра тое, ці магчыма выступаць на спартовых турнірах, калі ідзе вайна.

Кацярына Сныціна.
Фота: snytsina / Instagram

Роўна год таму баскетбалістка Кацярына Сныціна не пагадзілася падпісаць новы кантракт з Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і тым самым адмовілася ад выступаў за нацыянальную каманду, у якой была капітанам. А амаль за два месяцы да гэтага яна прадала з аўкцыёну свой бронзавы медаль, заваяваны на чэмпіянаце Еўропы – 2007, каб на атрыманыя грошы дапамагчы калегам, якія зазнаюць рэпрэсіі за свае палітычныя погляды. Медаль быў набыты дорага – за $ 10 тыс. Сёння Кацярына ні ў якім разе пра гэта не шкадуе, а наадварот, засмучаецца, што цягам больш як 27 гадоў не звяртала ўвагі на такую вялікую загану, як аўтарытарызм Лукашэнкі.

– Напэўна, маладая была, – кажа Кацярына. – Мне непрыемна, што я столькі часу цярпела гэткі сорам у маёй краіне. Але ж я прыйшла да гэтага. Чамусьці тысячы спартоўцаў у Беларусі і асабліва ў Расеі і ў значна больш сталым узросце працягваюць упарта стаяць на сваім «спорт па-за палітыкаю» і маўчаннем аніяк не супраціўляюцца жахам вайны ва Украіне.

Даведка
Кацярына гуляе за зборную Беларусі, 2008 год.
Фота: Sergio Perez / Reuters / Forum

– Вы без шкадавання сышлі са зборнай Беларусі?

– Калі ўлічваць, якія абразлівыя сярод іншых пунктаў у кантракце я мусіла падпісаць, то так. Мне і дзяўчатам прапаноўвалася пагадзіцца на тое, што я магу гутарыць з журналістамі, раздаваць інтэрв’ю толькі са згоды якога-небудзь чыноўніка з Міністэрства спорту, які, напэўна, мне б яшчэ падказваў, што можна казаць, а чаго нельга. Прабачце, гэта вышэй за мае сілы.

– Але паспяхова, без дакораў сумлення, прынамсі знешне, з гэтым дае рады вялізная колькасць Вашых калегаў з Беларусі і Расеі. Гэта як можна назваць: неразуменне, цынізм, двудушнасць? Напрыклад, Сяргей Далідовіч выказаў меркаванне, што пасля Алімпіяды расейскія спартоўцы маўчалі, таму што яшчэ не атрымалі выплатаў за выступ на гульнях.

– Дык яны і дагэтуль маўчаць. Больш за тое, падтрымліваюць вайну ўдзелам у праўладных імпрэзах. Хаця я думаю, што яны сапраўды фанатычныя і наўрад ці прыйдуць да асэнсавання свайго цемрашальства хутка. Усе ж сядзяць у сацсетках («Instagram», «Facebook»), бачаць жахлівыя кадры забітых дзяцей, разбураных дамоў, але ўсё роўна запэўніваюць сябе, што там «фашысты», якія хацелі напасці на Расею. Я не ведаю, як гэта назваць: абыякавасць, таўстаскурасць, інфантыльнасць або звычайны цынізм, з якім пагаджаюцца, эгаістычна захоўваючы ўласны свет утульнасці і бяспекі. А ўлічваючы гэтую эскалацыю, шматвектарныя санкцыі міжнародных спартовых арганізацыяў ды гэйт унутры краны, можа быць, наогул раззлуюцца і будуць далей пляскаць у далоні вайне ва Украіне ці куды там яшчэ Пуцін захоча пайсці ўсталёўваць «русский мир».

– І пры гэтым яны ўпарта нідзе асноўнай прычыны гэтых санкцыяў прызнаваць не хочуць, але працягваюць псаваць стасункі з міжнароднымі звязамі, федэрацыямі і нават МАК, абражаючы іх і абвінавачваючы, што там заселі марыянеткі Амерыкі і выконваюць усе яе загады, накіраваныя на далейшае знішчэнне расейскага спорту. Ужо, здаецца, зразумела патлумачылі адхіленне расейцаў і беларусаў у Міжнародным звязе біятланістаў, маўляў, у выніку агрэсіўных дзеянняў гэтых дзяржаваў была вымушаная прыпыніцца дзейнасць Украінскай федэрацыі біятлону. Ці можна працягваць выступаць на тле гэтага? Усё роўна: паўсюль ворагі!

– Ведаеце, гледзячы на забойствы беларусаў у 2020-м мне не хацелася думаць ні пра спорт, увогуле ні пра што. Я з’ехала яшчэ да жнівеньскіх выбараў, каб рыхтавацца да другога сезону ў турэцкім клубе. Я люблю баскетбол і люблю спорт. І я прафесіяналка. Таму ўзяла сябе ў рукі. Але гэтыя жорсткасць і дзікунства Лукашэнкі настолькі ўразілі, што я пастанавіла сама сабе змагацца з гэтым усё жыццё. Мне спадабаўся адзін з выступаў Зяленскага, дзе ён быў здзіўлены жаданнем расейцаў і беларусаў далей спаборнічаць, калі іхныя калегі сталі ў шэрагі абаронцаў Украіны, атрымліваюць раненні і, на жаль, гінуць. Якім увогуле трэба быць, каб рабіць так бяздумна?

Hавiны
«Трыбуна»: Сярод спартоўцаў плануюць знайсці «капітанаў», якія будуць даносіць на калегаў
2022.04.01 12:48

– У такім выпадку ці прыйдуць да асэнсавання цяперашняй сітуацыі хоць калісьці расейскія ці беларускія спартоўцы? Вайна скончыцца, адыдуць у нябыт Лукашэнка і Пуцін, жыццё пойдзе сваім шляхам. Як глядзець у вочы іншым людзям, як вучыць і выхоўваць дзяцей?

– На маю думку, калі іх аніяк не кранаюць кадры забітых дзяцей цяпер, то і прасвятленне няхуткае, калі яно магчымае наагул. Можа быць, на смяротным ложы нешта ў іх унутры схамянецца. Так, ніхто вас не вінаваціць у тым, што вы напалі. Але вашая краіна напала, і ўсе вы і мы мусім несці за гэта калектыўную адказнасць. Але цяпер гэта для іх проста фізіялагічна нерэальна. Бо калі, прабачце, напляваць не толькі на ўкраінскіх мірных грамадзянаў, але і на сваіх суайчыннікаў, якія гінуць дзясяткамі тысячаў, то гэта так хутка не лечыцца. Я б дакладна звар’яцела, вымушаючы сябе маўчаць, калі цудоўна ведаеш, што адбываецца навокал.

Кацярына Сныціна.
Фота: snytsina / Instagram

– Кажуць, што Пуцін збольшага паўтарае ганебны шлях Лукашэнкі з забойствамі, выбухамі, руйнаваннем хоць якога індывідуальнага мыслення. Але ў Беларусі стварылася Вольнае аб’яднанне спартоўцаў, аналагаў якому няма ў свеце. У Расеі дагэтуль не адгукнуліся хаця б некалькі асобных атлетаў, якія выказалі б свой супраціў дзеянням уладаў. Але ў нас ужо паспяхова працуюць і развіваюцца і Звяз спартоўцаў, і цэлы Фонд спартовай салідарнасці.

– Так, і гэта вельмі моцная сіла, каб хутчэй знішчыць рэжым. Можа, таму мы раней за іншых прыйшлі да асэнсавання сваёй годнасці, што жывем у значна меншай краіне. Мы разам, нас усё больш, і мы непарушныя. Але калі іншыя не далучацца да нас, не зробяць гэтага кроку, то ўсё жыццё будуць існаваць самі не свае, пад прыгнётам. Хіба што яны ўпарта не хочуць разумець сваёй пакорлівай залежнасці і ад таго робяць выгляд, што ім гэта падабаецца. Але Беларускі фонд спартовай салідарнасці працягвае прыкладаць вялікія высілкі, каб вольныя спартоўцы, якія не падтрымліваюць рэжыму, хутчэй здолелі б вярнуцца да буйных міжнародных спаборніцтваў.

– У Беларусь Вы, зразумела, не ездзіце. Але як падтрымліваеце сувязь са сваякамі? Ці сустракаецеся ў нейкай іншай краіне? Памятаю, Ваш бацька, баскетбольны трэнер Андрэй Сныцін, увесь час ездзіў з Вамі на чэмпіянаты Еўропы, іншыя спаборніцтвы.

– Выбачайце, я б не хацела зараз казаць пра гэта.

– Рана ці позна трэба будзе аднаўляць нашую краіну, у тым ліку і спорт. Маючы такі досвед, ці бачыце сябе недзе ў кіраўніцтве галіною?

– Ой, што Вы, ні пра якую пасаду я ніколі не думала. Я ўжо шмат разоў уяўляла ў сваёй галаве іншую карцінку: прыязджаю ў Менск, прыходжу да Палацу спорту, станаўлюся з нашым бел-чырвона-белым сцягам і проста абдымаю людзей, віншуючы іх са шчаслівым узнаўленнем Вольнай Беларусі!

Інтэрв’ю
Як вайна ва Украіне падзяліла шахматны свет. Гутарка з гросмайстарам Уладзіславам Кавалёвым
2022.03.27 18:50

АП belsat.eu

Стужка навінаў