«Трыбуна»: Сярод спартоўцаў плануюць знайсці «капітанаў», якія будуць даносіць на калегаў


Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру спорту Сяргею Кавальчуку ўзмацніць ідэалагічную працу. Там, паводле інфармацыі «Трыбуны», прыдумалі сваё вырашэнне гэтага пытання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Як адзначаецца, чыноўнікі Мінспорту вырашылі знайсці ў камандах з розных відаў спорту людзей, якія будуць прасоўваць ідэі рэжыму і сачыць за чысцінёй думкі ў калектывах. Гэта прапанова ўжо атрымала адабрэнне наверсе.

Зараз ведамства збірае прапановы ад нацыянальных каманд з усіх відаў спорту (як камандных, так і індывідуальных) адносна кандыдатураў так званых «капітанаў» калектываў. Чакаецца, што ролю «капітана» павінен выконваць адзін са спартоўцаў, а дубляваць яго функцыю будзе прадстаўнік трэнерскага штабу. Усе кандыдатуры будуць разгледжаныя і зацверджаныя Кавальчуком.

Галоўная задача такіх «капітанаў» – ідэалагічная праца ўнутры каманд, прасоўванне ідэй рэжыму і адсочванне абстаноўкі ў калектывах. За адступленні ад афіцыйнай пазіцыі яны павінны даносіць на сваіх калегаў начальству. Для гэтага ўжо плануецца стварыць своеасаблівы «савет спартсменаў і трэнераў» пры Міністэрстве, дзе будуць абмяркоўвацца ідэалагічныя пытанні.

Таксама «капітаны» робяцца абавязковымі ўдзельнікамі праўладных велапрабегаў і іншых прарэжымных акцыяў.

Інтэрв’ю
Спорт па-за палітыкаю vs спорт дзеля міру. Ці маюць спартовую будучыню алімпійскія чэмпіёны ў Беларусі?
2022.03.25 17:04

ПС belsat.eu

Стужка навінаў