Новая паслуга ад беларускай ДАІ: праверка аўта перад купляй


Дзяржаўтаінспекцыя Менскай вобласці анансавала новую паслугу, якой змогуць карыстацца аўтамабілісты перад набыццём машыны. Цяпер у ведамстве можна будзе атрымаць інфармацыю аб транспартным сродку з базы звестак ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: moto-run.ru

У даведку, якую можна зрабіць на платнай аснове, будзе ўваходзіць наступная інфармацыя:

  • накладанні абмежаванняў на транспартны сродак (арышт, заклад);
  • від дарожна-транспартнага здарэння з указаннем пашкоджаных элементаў;
  • колькасць  правапарушэнняў, дапушчаных на гэтым аўтамабілі.

Таксама ў даведцы будзе ўказана, ці знаходзіцца аўта ў вышуку, дата ўвозу яго на тэрыторыю Беларусі, колькасць уладальнікаў, наяўнасць страхоўкі, а таксама інфармацыя аб праходжанні тэхагляду.

Акрамя таго, транспартны сродак пры згодзе цяперашняга ўладальніка можа быць дастаўлена на аглядную пляцоўку для зверкі адпаведнасці маркіравальных абазначэнняў.

Кошт такой даведкі будзе складаць 80 рублёў.

Таксама працаўнік Дзяржаўтаінспекцыі можа прыехаць на месца знаходжання аўтамабіля, у гэтым выпадку замоўніку паслугі прыйдзецца заплаціць за патрачаны даішнікам час.

Скарыстацца паслугай змогуць аўтамабілісты з усяе краіны – для гэтага трэба звярнуцца ў міжраённыя рэгістрацыйныя падраздзяленні Барысава, Маладзечна, Слуцку, Салігорску, Стоўбцаў, Гарадзеі, а таксама ў гандлёвы цэнтр «Аўтаград» у Менску.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў