Поўны тэкст апошняга слова Аляксандра Фядуты


31 жніўня ў судзе сказалі свае апошнія словы абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу ўлады Рыгор Кастусёў, Юрась Зянковіч і Аляксандр Фядута. Прамова Фядуты заняла паўгадзіны. «Радыё Свабода» прыводзіць апошняе слова палітвязня з нязначнымі скарачэннямі.

Аляксандр Фядута.
Фота: Наталья Наземцева / Facebook

«<…> Перадгісторыя «змовы« – стварэнне двума беларускімі эмігрантамі – Дзмітрыем Шчыгельскім і Юрасём Зянковічам – Youtube-каналу з дурацкай назвай «Сиреневенький бесперспективняк» у красавіку 2020 году. На якім яны «мачылі» беларускую ўладу даволі груба, часам у хамскіх выразах.

Аналітыка
За тыдзень судовага разгляду справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» сапраўднай змовы не выявілася
2022.08.05 18:44

Рана ці позна гэта павінна было прыцягнуць увагу нашай глыбока ранімай улады. Улічваючы тое, што Зянковіч бываў на радзіме і валодаў тут нерухомасцю, яго ўзялі ў распрацоўку, праўдападобна, мяркуючы, што за ім нехта стаіць. Пагатоў, два балбатуны ў сваіх перадачах упарта прасоўвалі ідэю, што без войска любая спроба зрынуць Лукашэнку, застаючыся ў рамках заканадаўства, прапанаванага Лукашэнкам, падпісанага Лукашэнкам і выкарыстоўванага Лукашэнкам у інтарэсах Лукашэнкі, немагчымая і бессэнсоўная. <…>

Аднойчы незнаёмы чалавек скінуў мне паведамленне, дзе прапанаваў сустрэцца. <…>. Як гаварылася ў фільме «О бедном гусаре замолвите слово»: «Вы взялись помогать жандарму». – «Но это ведь наши жандармы». У фільме ў шчырасць такой пазіцыі не паверыў нават жандар. Але мы не ў фільме, а ў жыцці. У людзей розныя матывы. Я ў шчырасць сведкі Жураўскага і яго гатовасць дапамагаць верыў беспярэчна.

Першая сустрэча Зянковіча з Жураўскім адбылася ў Менску ў канцы жніўня, другая ў Горадні 12 верасня. Менавіта з таго дня варта адлічваць гісторыю «змовы», лідарам якой чамусьці лічыцца Юрась Зянковіч. З праслуханых тэлефонных размоваў вынікае, што менавіта Жураўскі ініцыюе большасць размоў, патрабуе ад Зянковіча адказу, але ў таго няма ані грошай, ані плану дзеянняў. Гэта праблема «калектыўнага Жураўскага» – без гэтых двух складнікаў ніякай змовы не выходзіць. Усё, на што хапае магчымасцяў Зянковіча, – дастаць з асабістых ашчаджэнняў $5 тысяч і выдаць іх на бягучыя расходы.

<…> Супрацоўнік КДБ, у задачу якога ўваходзіла адміністраванне аднаго з найбольш радыкальных чатаў, перасылае Зянковічу план «Цішыня» – адзіны дакумент, у якім дакладна сфармуляваны план забойства Лукашэнкі, а той перасылае яго Мікалаю Аўтуховічу і Івану Жураўскаму. Але Аўтуховіч адразу бачыць у гэтым правакацыю і адмяжоўваецца.

Аб’ектыў
Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не прызнаў сваёй віны ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу
2022.08.01 23:18

План забойства «першага» сапраўды быў, пры гэтым аўтара гэтай крывавай фальшыўкі ніхто не шукае. Дзеля Рамана Пратасевіча ледзь не збанкрутавалі ўсю беларускую авіяцыю, а тут цішыня. Можна скласці слоўны партрэт. Нават не імітуюць пошукі! Бо раптам знойдуць!

<…> Жураўскага тым часам чакае расчараванне: амбіцыі Зянковіча, яго незадаволенасць трэцяраднай роляй у апазіцыі не даюць яму дамовіцца з аніводнай уплывовай эмігранцкай структурай. У выніку ў адваката толькі $16 тысяч і 3 тысячы беларускіх рублёў. Уяўляеце, колькі крыві можна праліць на гэтыя грошы? Чынгісхан адпачывае.<…>

Становіцца ясна, што Зянковіч – пустышка. І ўсё ж позна адмяняць правакацыю – ужо паднялі ФСБ Расеі, ужо папярэдзілі Лукашэнку. «Пустышку» бяруць. Каб не апраўдвацца, Пуціну дакладваюць аб раскрыцці «крывавай змовы пад кіраўніцтвам ЦРУ». Пуцін верыць, і нават расказвае пра гэта свайму амерыканскаму калегу. У адказ – непаразуменне: пра «змову» не ведаюць ні ў ЦРУ, ні ў Дзярждэпартаменце, ні ў апараце самога прэзідэнта ЗША. Пуцін апынаецца ў ролі клоўна, а таму і арганізатарам няма куды адступаць – за імі Масква. Калі ўсё правалілася – афіцыйнаму Менску не пазайздросціш.

<…> Ніводная з раздруковак з чатаў і размоў не ўтрымлівае нічога, што можна назваць «фактам». Няма імёнаў заходніх ці расейскіх палітыкаў і функцыянераў спецслужбаў. Няма сведчанняў аб сустрэчах каго-небудзь са «змоўшчыкаў» з высокапастаўленымі беларускімі палітыкамі і вайскоўцамі.

<…> Фядута гатовы пісаць палітычныя дакументы і планы, але там крыві няма.

<…> Усё гэтае расследаванне паказала грамадству – улады баяцца нелаяльнасці войска. Жураўскі сышоў на пенсію, хоць яму служыць і служыць. Ці значыць гэта, што армейскія афіцэры не цярпяць побач з сабой раскрытага агента «жандараў», нават калі гэта «нашы жандары»?!<…>

Дык ці была змова – не падмацаваная ні грашыма, ні планамі і вайсковымі сувязямі? Я ў яе верыў, значыць, удзельнічаў у ёй свядома. Чаму ж я ў ёй удзельнічаў? Следства ўпарта навязвае суду версію аб нізкіх матывах. Бо менавіта гэтая версія выгадная прапагандыстам. Але не даказаны ніводзін з нізкіх матываў. <…> Якое распальванне варажнечы? Працытуйце хоць адну маю фразу. Але ні следства, ні хто іншы не прыводзіць анічога. Іначай, думаю, я б адказваў за такія словы ў судзе нашмат раней.

Спадар абвінаваўца дазволіў сабе паіранізаваць з мяне, спытаўшы, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеянняў. Але гэта так! Я мог бы ўзяцца, напрыклад, выпраўляць сістэму адукацыі і падрыхтоўкі цяперашніх кадраў. Я нават не аб памылках у пратаколах, якія следчы ў маёрскіх пагонах мусіў выпраўляць. <…>

Ужо пры выстаўленні мне першых абвінавачанняў я мусіў у пісьмовай форме агаварыць, што не магу прыняць іх у поўным аб’ёме, бо там сцвярджаўся мой намер парушыць Канстытуцыю, прынятую на… рэферэндуме 1994 году! Нават студэнт 2-га курсу юрыдычнага факультэту ведае, што першы рэферэндум у Рэспубліцы Беларусь адбыўся ў 1995 годзе, а тую Канстытуцыю прыняў яшчэ Вярхоўны Савет БССР. І такое трызненне ад маёра КДБ у асабліва важных справах Акуліча паўтаралася тройчы!

Артыкулы
Пачынаецца суд у «cправе аб дзяржперавароце». Што пра гэта вядома?
2022.07.29 10:02

Непісьменная фармулёўка «качуе» у зваротах да розных інстанцый больш за сем разоў. Уражанне, што начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі палкоўнік Самбук падпісвае дакументы, не прыходзячы ў прытомнасць.

<…> Адбылася адмоўная селекцыя кадраў, лаяльнасьць вышэйшая за прафесіяналізм. Прайшла трансфармацыя з сістэмы аховы права ў сістэму аховы праваахоўнікаў. <…> Цяпер як індульгенцыя фраза «Часам не да законаў», якую вымавіў Лукашэнка, прызначаючы генеральным пракурорам Андрэя Шведа. І ніводзін з прысутных не выйшаў на знак пратэсту супраць настолькі яўнага парушэння, закліку. Хоць пазней за такія ж словы асуджалі той жа канал «Сиреневенький бесперспективняк». <…>

З экранаў ліецца характарыстыка іншых народаў у стылі «украшвайн», а пракуратура не заўважае яўнага распальвання варажнечы.

<…> Я паверыў у змову, бо хацеў у яе паверыць. Чэсны чалавек не мог не абурыцца тым, што адбываецца ў краіне. Гэта зразумеў нават Юры Караеў, які выбачыўся за «празмерны гвалт». І гэта каштавала яму пасады. Гэта зразумеў і Іван Наскевіч, пры якім яўныя выпадкі гвалту хаця б фіксаваліся. І гэта таксама каштавала яму пасады. Мітрапаліт Павел наведаў не толькі шпіталь з амапаўцамі, але і людзей, якіх тыя амапаўцы білі. І гэта каштавала яму пасады патрыяршага экзарха Беларусі.

Калі ні закон у выглядзе Следчага камітэту, ні Бог у выглядзе царквы не спынілі грамадзянскае вайны, што пачалася ў краіне, хтосьці ж павінен быў стаць на яе шляху?! Калі ўся праваахоўная сістэма краіны стала сістэмай аховы праваахоўніка ад права, дык яна павінна аднавіцца. Няхай нават і шляхам беззаконня цягам месяца. Гэта лепей, чым два гады, якія мы ўсе жывём без закону. <…>

Паводле тэлефоннага апытання ў 2020 годзе, за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць толькі 26%. Пры гэтым нельга забываць пра ўзровень страху. <…> Прафесар Вардамацкі патлумачыў паводзіны грамадства тым, што многія рэспандэнты баяцца выказвацца адкрыта або называюць той варыянт, за які іх тэарэтычна не будуць пераследаваць. <…> Пакватэрнае апытанне, праведзенае за паўтара месяца да выбараў, было яшчэ больш яскравае – за Лукашэнку толькі 15%. І вы хочаце, каб пры такой рэальнай падтрымцы я паверыў Ярмошынай і яе звыш 80%?!

Сацыёлагі былі шчырыя, Акадэмія навук, акадэмік Гусакоў прызнаў гэта ў дакуменце, але там вырашылі не паўтараць шлях прафесійнага самагубцы прафесара Коршунава і не апублікавалі звестак. У адказе на афіцыйны запыт, аднак, ілгаць яны не сталі.

Легітымная ўлада не праводзіць таемна ад народу інаўгурацыю, законна выбраны прэзідэнт не бегае з аўтаматам без ражка. Лукашэнка баіцца настолькі, што нават у год, які ён сам абвясціў «годам нацыянальнага адзінства», толькі раскручвае махавік рэпрэсій. Лічбы спадара адваката: больш за мільён чалавек удзельнічаў у 6200 вялікіх і малых акцыях. І не трэба суцяшаць сябе, што людзі выходзілі за грошы. За іх могуць стаяць на пікетах. Тут жа нават пад страхам смерці выходзілі. Людзі пратэставалі і пасля гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, пасля выкрадання і гібелі Рамана Бандарэнкі, і пасля гібелі ад салдацкай кулі – што прызнана – берасцейца Шутава, перад якім я вінаваты, бо не памятаю ягонага імя (Генадзь. – РС.), але думаю, што берасцейцы памятаюць і шануюць яго імя <…>

Я думаю пра гэтых людзей, пра іх вочы, пра іх усмешкі, якія асвятлялі мне камеру, пра іх дапамогу і падтрымку. І вымушаны прызнаць, што ўдзельнічаў у змове, нават калі гэта была правакацыя палкоўніка Жураўскага і містыфікацыя генерала Тэртэля.

І апошняе… Высокі суд. Я звяртаюся да вас. У вялікага кінарэжысёра Стэнлі Крамэра ёсць фільм «Нюрнбэрскі працэс». Ён не пра «вялікі «Нюрнбэрг«», дзе судзілі злачынцаў вайны, канцлагераў і прапаганды. Ён пра адзін з дзясяткаў працэсаў, на якім судзілі суддзяў. Спэнсар Трэйсі «судзіць» Барта Ланкастэра. Герой Ланкастэра – выбітны юрыст, выслухаўшы паказанні тых, каго ён асуджаў на лагеры, турмы і нават на кастрацыю за парушэнне законаў аб «чысціні расы», суцяшае сябе: маўляў, ён выконваў закон». <…>

Прысуд Аляксандру Фядуце і іншым фігурантам справы суд вынесе 5 верасня. Пракурор запрасіў для Фядуты, Кастусёва і Зянковіча па 12 гадоў пазбаўлення волі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў