Чыноўніца з Іўя назвала незаконным выкарыстанне польскай мовы падчас службаў у касцёлах


У райвыканкаме Іўя 28 лютага прайшла сустрэча кіраўніцтва раёну са святарамі па пытанні развіцця этнаканфесійнай сферы, падчас якой галоўны ідэолаг райвыканкаму Вольга Борка назвала незаконным выкарыстанне польскай мовы падчас службаў у касцёлах. Пра сустрэчу піша мясцовае выданне «Іўеўскі край».

Загадчыца сектарам ідэалагічнай працы і па справах моладзі Івейскага райвыканкаму Вольга Борка спаслалася на закон РБ «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».

«Праблемным застаецца выкарыстанне польскай мовы падчас службаў у каталіцкіх храмах раёну, што недапушчальна паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», – заявіла Борка.

Сустрэча кіраўніцтва Іўеўскага раёну са святарамі. У цэнтры – Вольга Борка.
Фота: ivyenews.by

Таксама жанчына адзначыла «актыўную выхаваўчую працу з дзецьмі і моладдзю» у навучальных установах з удзелам святароў усіх канфесіяў. Аднак паказальным, па яе словах, з’яўляецца супраца менавіта з праваслаўнай царквой.

На гэтым жа пасяджэнні абмеркавалі праблему, што на пахаванне ў вёскі жыхары раёну прывозяць сваіх сваякоў з іншых населеных пунктаў, не паведамляючы пра гэта сельвыканкаму. Гэта, нібыта, супярэчыць закону «Аб пахаванні».

Нагадаем, што ў беларускіх каталіцкіх касцёлах выкарыстоўваюць пераважна дзве мовы: беларускую і польскую.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў