Латушка перадаў камісіі ААН матэрыялы аб датычнасці Лукашэнкі да ваенных злачынстваў


Аб’яднаны пераходны кабінет расказаў 1 лютага, што намеснік кіраўніцы Кабінету Павел Латушка і каманда ягонага Народнага антыкрызіснага ўпраўлення перадалі ў камісію Арганізацыі аб’яднаных нацыяў па расследаванні парушэнняў ва Украіне матэрыялы, якія назвалі доказамі ваенных злачынстваў Аляксандра Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў.

Матэрыялы, якія перадалі Павел Латушка і ягоная каманда, тычацца ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі і іншых асобаў у незаконным перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь.

Аб перадачы гэтых матэрыялаў падрабязней расказаў сам Латушка на ўласным Youtube-канале:

Матэрыялы перадалі ў камісію, якая ўпаўнаважаная праводзіць расследаванні парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права ў кантэксце вайны ва Украіне, выяўляць адказных асобаў і структуры, а таксама прадастаўляць рэкамендацыі па прыцягненні вінаватых да адказнасці і забеспячэнні доступу ахвяраў да правасуддзя.

Латушка называе кантакт з прадстаўнікамі камісіі ў штаб-кватэры Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Вене вельмі важнай навіной: мала таго, што гэтая камісія збірае інфармацыю пра ваенныя злачынствы, але можа і аналізаваць інфармацыю, і даваць яе ўпаўнаважаным органам для ўжывання на судах. Камісія робіць даклады Радзе правоў чалавека ААН і Генеральнай асамблеі ААН.

Акрамя таго, Латушка ў Вене сустрэўся з прадстаўнікамі групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» ў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, пастаяннымі прадстаўнікамі ў АБСЕ ад Нямеччыны, Канады, Польшчы, Францыі, Швецыі і Еўразвязу, намеснікам пастаяннага прадстаўніка ад Злучаных Штатаў. З імі Латушка абмеркаваў магчымасць ужывання Маскоўскага механізму для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва.

Hавiны
НАУ прапануе прыняць санкцыі супраць імпарту тавараў, якія вырабляюць палітзняволеныя ў турмах
2024.01.29 19:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў