Расейскі звадкаваны газ трапляе ва Украіну пад выглядам беларускага


Беларусь стала найбуйнейшым пастаўшчыком звадкаваных вуглевадародных газаў (ЗВГ) ва Украіну пасля таго як расейскі аўтагаз стаў ісці ва Украіну праз Беларусь. 

«У траўні ў Расеі былі ўведзеныя абмежаванні на экспарт [ЗВГ]. Дазвол атрымаў толькі адзін гулец. Астатнім таксама трэба было нешта рабіць. Узгадалі пра Беларусь. Мы бачым, што на газанапаўняльныя станцыі ў Віцебску актывізавалі перапаспартызацыю расейскага газу з наступнай пастаўкай ва Украіну ўжо як беларускага прадукту», – кажа ўдзельнік украінскага паліўнага рынку.

«У гэтым няма ніякага крыміналу, проста так складваюцца абставіны. Бізнес шукае альтэрнатыўныя маршруты», – дадаў ён.

З 1 траўня 2017 г. экспарцёры звадкаванага газу з РФ ва Украіну абавязаны атрымліваць заключэнне Федэральнай службы па экспартным кантролі. Дазвол атрымала толькі Proton Energy Group, якая мае кантракт з «Раснафтай».

Імпартныя пастаўкі ЗВГ ва Украіну за першыя 20 дзён верасня склалі 82,8 тыс. т, што на 26% больш, чым было ўвезена за адпаведны перыяд жніўня (65,9 тыс. т). На Расею і Беларусь прыйшлося 80% (66 тыс. т) усяго імпарту ЗВГ. Пры гэтым пастаўкі з Беларусі дасягнулі 42,6 тыс. т. Гэта ў 1,8 разы больш, чым было ўвезена з РФ (23,5 тыс. т). У агульнай структуры імпарту на Беларусь прыйшлося 51,5%.

Адным з буйных пастаўшчыкоў аўтагаза ва Украіну стала віцебская кампанія «ТрансЭкспедыцыя». Акрамя таго ў верасні адпраўку ЗВГ ажыццяўляла віцебская кампанія «Чесс Бел», якая фігуруе ў матэрыялах маёра КДБ Беларусі Андрэя Молчана, які збег у Швецыю.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў