Званочкі пайшлі. Што будзе з самымі буйнымі будоўлямі Менску – праектамі Dana Holdings?

Перад Новым годам самы буйны забудоўшчык краіны – Dana Holdings – заявіў, што згортвае дзейнасць двух прадпрыемстваў холдынгу – «Эмірэйтс Блю Скай» (экс-«Зомэкс») і «Дубай Вотэр Фронт» (экс-«Белінтэроба»). Каб зразумець, што адбываецца і чаго чакаць дольшчыкам яе праектаў, варта разабраць, што такое – Дана Холдынгз.

Што пабудавала Дана

Аб Dana Holdings загаварылі ў 2009-м. У СМІ актыўна круцілася рэклама яго першых праектаў. Панэльку з гучным імем «Моцарт» здалі бадзёра, некалькі дамоў «Вівальдзі» – чэргамі і не без скандалаў, як і ЖК «Чайкоўскі».

Dana Holdings пазіцыянавала сябе як «забудоўшчык з сусветным імем», але ўжо на прыкладзе першых яе дамоў можна было зразумець, што будуе яна пад рэкламай «элітнасці» у добрых лакацыях самае таннае жыллё і ўшчыльняе праекты так, як нікому да гэтага не дазвалялася.

Чаму «Дане» даюць добрыя землі, якія цалкам маглі б забудаваць беларускія кампаніі? Ключавыя ўладальнікі Даны – сербскія бізнесоўцы браты Карычы змаглі пра нешта асабіста дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта стала канчаткова зразумела, калі «Зомэкс Інвестмэнт» (уваходзіць у групу кампаній Dana Holdings) па даручэнні прэзідэнта атрымаў землі ля Нацыянальнай бібліятэкі.

Аб’ектыў
Сербскія алігархі Лукашэнкі хаваюць грошы
2020.12.25 22:33

Менчукі дагэтуль смяюцца, параўноўваючы, што абяцалі пабудаваць у «Маяку Менску» і што выйшла. Абяцалі канал з гондольерамі, закручаныя жылыя вышынныя дамы (ад 21 да 40 паверхаў) і 78-павярховы хмарачос. Жыллё тут куплялі як элітнае, што пабудавалі ў выніку – бачым. Сёлета, як рапартавала Дана, будаўніцтва «Маяка Менску» завершана датэрмінова.

Паралельна «Маяку» «Дана» апошнія некалькі гадоў ўзводзіла гіганцкі ЖК «Парк Чалюскінцаў». Абяцалі два дамы – «Парк Чалюскінцаў» у коле дзіцячай чыгункі і элітны «Vogue» крыху далей. Потым праект разросся. Зараз бачым, што ў Даны зноў замест элітнага жылля ў цэнтры Менску выходзіць звышшчыльнае шматпавярховае гета.

Холдынгу дазволілі забудаваць і каштоўны ўчастак на Кастрычніцкай плошчы – цяпер там стаіць БЦ «Капітал».

Такімі бачыў дамы ў «Менск-Маяк» праекціроўшчык.
Фота: dana-holdings.com

Ну і самы эпічны праект, які з 2015-га рэалізуе «Дана Астра» – Вялізны мікрараён «Менск-Свет». Тут таксама абяцалі хмарачосы міжнароднага фінансавага цэнтру, молы, парк і г. д. Ну, і 2 мільёны квадратных метраў жылля, чытай, больш за 33 тысяч кватэр і паўтары сотні шматпавярховых гмахаў. Зрэшты, і тут не будуюць нічога новага – высакашчыльнае шматпавярховае жыллё. І калі гадоў шэсць таму ўшчыльненні ў праектах хоць неяк аргументавалі, то цяпер асобным указам кампаніі дазволена не выконваць нарматывы ні па шчыльнасці забудовы, ні па забеспячэнні яе машына-месцамі.

На якіх умовах Аляксандр Лукашэнка вылучыў Карычам участак пад «інвестпраект», невядома, але вядома іншае – знос, усе камунікацыі і інфраструктуру аплачвае бюджэт горада – гэта значыць менчукі сваімі падаткамі. «Дана» наймае мясцовых падрадчыкаў і будуе максімальна танныя скрынкі – за кошт дольшчыкаў. Прыбытак з кожнага метра ў большасці дамоў – вышэйшы за 100%.

Как устойлівасць «Даны» подарвалі выбары

Падобна на тое, Карычы не надта ўважліва сачылі за сітуацыяй у краіне. У кастрычніку дзяржаўныя СМІ распавялі пра чарговы іхні, сумесны з арабскім бізнесам, гіганцкі праект – «Паўночны бераг».

10 квадратных кіламетраў паміж Цнянскім вадасховішчам і вадасховішчам Дразды Аляксандр Лукашэнка дазволіў асвойваць кампаніі «Эмірэйтс Блю Скай» (пераназваная «Зомэкс Інвестмэнт»), якая ўваходзіць у «Дана Холдынгз». Тут мелі, па афіцыйных заявах, з’явіцца Нацыянальны выставачны комплекс, Міжнародны цэнтр гандлю, офісныя будынкі, АйЦі-універсітэт і, натуральна, жыллё. На яго планавалася аддаць 90% выдзеленай тэрыторыі.

Меркаванні
«Пірс». Як квартал мары ператвараецца ў квартал расталых надзеяў
2020.12.03 13:19

Нават сімвалічны камень у чыстым полі заклалі. І гэтак жа сімвалічна камень знік.

Падобна на тое, да Карычаў стала даходзіць, што становішча Аляксандра Лукашэнкі нестабільнае, а без яго бізнэс, да якога прывыкла Дана, немагчымы.

У сярэдзіне кастрычніка кампанія прыпыніла будаўніцтва 8 дамоў у комплексе «Менск-Свет», і перанесла тэрміны здачы 11 будынкаў. Прыпыненне патлумачылі зменай праекту. Пайшлі чуткі, што браты Карычы, якія пабудавалі сабе закрыты прыватны квартал ля Цнянскага вадасховішча і паставілі там помнік сербскаму бізнесоўцу Срэтэну Карычу (аднаму з заснавальнікаў бізнэс-імперыі BK Group, у склад якой уваходзіць кампанія Dana Holdings), пакінулі Беларусь.

Зрэшты, асноўнае месца жыхарства братоў – Расея, і фармулёўка «пакінулі» прыцягнутая за вушы –напэўна ў іх няма, у адрозненне ад масы беларусаў, праблем з перасячэннем мяжы.

Але чуткі аб тым, што не ўсё добра, пацвердзіла сама «Дана» у навагоднім звароце: «Кампаніі «Эмірэйтс Блю Скай» («Зомэкс») і «Дубай Вотэр Фронт» («Белінтэроба») завяршаюць сваю дзейнасць у Беларусі па будаўніцтву і прыцягненню інвестыцый».

Санкцыі вінаватыя?

«Дана Астра» (Dana Holdings) трапіла пад нядаўні Еўрапейскі пакет санкцый з фармулёўкай «Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць блізкія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае высокую пасаду ў кампаніі. Такім чынам, Dana Holdings / Dana Astra здабывае выгаду, падтрымліваючы рэжым Лукашэнкі», – гаворыцца ў рашэнні еўрачыноўнікаў.

ЖК «Маяк Менск».
Фота: сайт забудоўшчыка.

Санкцыі маюць на ўвазе – з «Дана Холдынгз» еўрапейскі бізнес працаваць не будзе. Але на тэрыторыі Беларусі кампанія можа абыходзіцца і без кантакту з еўрапейцамі. Будматэрыялы сягоння – беларускія або расейскія, адзіная загваздка – ліфты, але і іх можна закупіць па ланцужку. Дане не прывыкаць – у яе ўжо быў скандал з ліфтамі ў дамах «Маяка Менску», калі жыхары выявілі, што некаторыя выглядаюць, мякка кажучы, не новымі.

Відавочна, што справа не ў санкцыях. Самая верагодная версія: браты Карычы ацанілі перспектывы і згортваюць бізнес у Беларусі.

Што будзе з «Маяком Менску» і «Паркам Чалюскінцаў»?

Афіцыйна «Маяк Менску» здадзены. «Парк Чалюскінцаў» павінны дабудаваць у 2021-м. Ліквідацыя кампаній, якія з’яўляліся заказчыкамі аб’ектаў, створыць праблемы ў частцы выканання гарантыйных абавязацельстваў.

Realt.by задаў пытанні аб гарантыях і атрымаў ад «Даны» адказ: «Кампанія «Дана Холдынгс» не спыняе сваю працу ў Беларусі, і адпаведна ўсе гарантыі для кліентаў застаюцца такімі ж, як і былі раней».

Меркаванні
Закапаць грошы на кватэру ў цешчыным агародзе. Гэта ўжо не жарт
2020.11.26 11:20

Што чакае «Менск Свет»?

Некалькі дамоў у «Менск Свет» цалкам прададзеныя, дзесяткі пабудаваных і якія будуюцца – часткова прададзеныя, цалкам здадзены толькі адзін з 30 кварталаў (калі меркаваць па карце, якую цяпер паказвае «Дана»).

«Дана» першай прапанавала грамадзянам, якія не могуць пацвердзіць свае даходы, дзесяцігадовую растэрміноўку. У еўра. Рэклама запэўнівала, «патрэбен толькі пашпарт» і 30% кошту кватэры.

30% кошту, якія належыла ўнесці адразу, практычна пакрывалі сабекошт будаўніцтва квадратнага метра.

Само існаванне растэрміноўкі як бы намякае: «Дана» не збіраецца ў бліжэйшы час кідаць «Менск Свет». Як кінуць дойную карову? Людзі, якія падпісаліся пад растэрміноўкай, плацяць штомесяц, грашовы паток стабільны. Так, цяпер складаней з продажамі, прыбытак у дамах, якія будуюцца, ужо меншы за 100%, перспектывы ўсё больш туманныя, але гэта ўсё роўна яшчэ не дрэнны бізнес. Пакуль. Пагроза пазбавіцца прэферэнцый з кожным месяцам расце. Любая іншая ўлада не зразумее, як гэта – забіраць грошы ў падаткаплацельшчыкаў і дарыць камерцыйнаму забудоўшчыку ў выглядзе сетак, камунікацый, інфраструктуры. А значыць, «Дана Холдынгз» вымушана будзе думаць, як акуратна выводзіць грашовыя патокі.

Меркаванні
«Дана Холдынгз» спыніла будаўніцтва дамоў у «Менск-Міры»
2020.11.05 11:48

Першы крок – не пачынаць будаваць дамы за свой кошт і перастаць укладваць прыбытак ва ўжо пачатыя скрынкі – ужо зроблены.

Другі – паспрабаваць прадаць максімум метраў, атрымаўшы адразу іх сабекошт, па магчымасці, з прыбыткам. Акцыі ўжо абвешчаныя, метр ад 2022 рубля – з іх ліку.

Трэці крок – прапанаваць тым, хто падпісаў дамовы растэрміноўкі, істотную зніжку за датэрміновае пагашэнне. А новых завабліваць у растэрміноўку з перадаплатай вышэйшай за сабекошт. Таму што важна цяпер атрымаць жывыя грошы: калі прыйдзецца тэрмінова згарнуцца, не атрымаеш і гэтага.

Ну, а патэнцыйным пакупнікам давядзецца быць вельмі пільнымі. Зрэшты, у «Менск Свеце» ёсць безрызыкоўныя варыянты – ужо здадзеныя і уведзеныя ў эксплуатацыю дамы. Калі вельмі хочацца жыць менавіта там, лепш разглядаць варыянты кватэр менавіта ў іх.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў