Запраўкі «А-100» збіраюцца ўводзіць беларускую мову. Працаўнікі ўжо вучацца


У сеціве пайшлі чуткі пра пераход сеткі заправак А-100 на беларускую мову. Афіцыйны бок каментароў не дае, але супрацоўнікі АЗС распавялі, як да іх прыехала «Мова нанова» і як будзе адбывацца працэс пераходу, падае Арт Сядзіба.

Чуткі былі і раней, але рэзананс з’явіўся пасля таго, як Андрусь Крэчка выклаў у «Фэйсбуку» дыялог з працаўніком «А-100»:

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Мы вельмі шануем беларускую мову, таму мы рэалізуем унутраны праект: аднаўленне ведаў па мове сярод супрацоўнікаў. Якім чынам і ці будзе працяг у гэтага праекта, каментароў даць ня можам», – скаментавала кіраўніца ўпраўлення маркетынгу групы кампаній «А-100 АЗС» Ніна Ніканорава.

Не атрымаўшы падрабязнасцяў, прадстаўнікі Арт Сядзібы запыталіся ў працаўнікоў, што яны думаюць і ці ведаюць беларускую мову.

«Курсы для кіраўнікоў і працаўнікоў ёсць, і ўжо праходзілі першыя заняткі. Але для нас яны хутчэй забаўляльныя, чым навучальныя, бо мы вельмі саромеемся размаўляць і толькі смяемся. З першага занятку я памятаю толькі «станік», – распавёў адзін з аператараў АЗС на Баравой.

Прадстаўнік «А-100» мяркуе, што адразу перайсці з расейскай на беларускую мову будзе складана. Але начальства папярэдзіла: калі будуць цяжкасці альбо кліент не будзе разумець, казаць па-расейску.

«Як адрэагуюць людзі?… Будуць прыязджаць, вядома, каб паглядзець на такі цуд», – расказаў аператар.

Працаўнікі распавялі, што па аўторках да іх прыязджаюць вядомыя курсы Глеба Лабадзенкі «Мова нанова».

Аператары на пытанне ці валодаюць яны «мовай» смяюцца ў адказ, кажучы, што ў школе вучылі, але не ведаюць. Сярод апытаных кліентаў АЗС таксама адсутнічаў варожы настрой на новаўвядзенне. Некаторыя кіроўцы наадварот адзначалі, што будуць запраўляцца толькі на «А-100».

МЯ, belsat.eu, паводле artsiadziba.by

Стужка навінаў