Як выйграць выбары не паабяцаўшы НІ-ЧО-ГА


Кожныя выбары даюць нам лічбы, у якія мы не верым і абяцанні, у якія мы верым, як у лічбы. Беларускі блогер Віктар Малішэўскі аналізуе перадвыбарную праграму галоўнага папуліста краіны.

Мяне тут спыталі, чым гэтыя выбары адрозніваюцца ад папярэдніх і я скажу вам чым – абяцаннямі! Іх проста няма! У перадвыбарнай праграме кандыдата Лукашэнкі-2015 толькі адна лічба (!). Вось гэтая: «інавацыйныя выдаткі, уключна з прыватнымі інвестыцыямі, дасягнуць узроўню 1,5% ВУП у год». Няўжо вы не ведаеце, колькі цяпер складаюць інавацыйныя выдаткі? Гэта вядома ў кожнай беларускай вёсцы – 0,52% ВУП, ёпта!

Цяпер сачыце за рукамі…

У перадвыбарнай праграме кандыдата Лукашэнкі-2010 – адразу 16 лічбаў. У праграме кандыдата Лукашэнкі-2006 – 17 лічбаў. Перадвыбарная праграма-2001 – 13 лічбаў.

Сёння – адна, але якая!! Разгледзім адно толькі абяцанне-2015, пазбаўленае канкрэтнасці:

«У кожнай беларускай сям’і, той, каму сапраўды патрэбнае жыллё, будзе магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру».

А гэта перадвыбарнае абяцанне-2010:

«Будаваць 10 мільёнаў квадратных метраў жылля ў год. Да канца пяцігодкі на кожнага жыхара Беларусі будзе прыпадаць не менш як 28 квадратных метраў жылля. Узровень даходаў павінен дазваляць сем’ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім за 5 гадоў».

Было абяцана – у метрах і ў гадах, стала – у магчымасцях.

2001 год. Кожная сям’я будзе мець рэальную перспектыву пабудаваць дом.

2006 год. Наш арыенцір: кожнай маладой сям’і – кватэру не пазней чым праз тры гады пасля ўступлення ў шлюб.

2010 год. Узровень даходаў павінен дазваляць сем’ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім на працягу пяці гадоў.

2015 год. У кожнай сям’і, якой неабхона новае жыллё, будзе мець магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру.

Сачыце за абяцаннем: «… будзе перспектыва», «… праз тры гады», «… на працягу пяці гадоў», і, нарэшце, «… будзе магчымасць». Гэта пераканаўча.

Галоўнае слова перадвыбарнай праграмы Лукашэнкі ў 2015-м – МЫ. Караткевіч, напрыклад, у сваёй праграме не ўжывае яго ніводнага разу.

Адразу 28 МЫ ў перадвыбарчай праграме-2015 (!) – Такога раней не было. Плюс яшчэ тры НЕ МЫ: «… не мы правакавалі сусветны эканамічны крызіс. Не мы распальвалі ваенныя канфлікты. Не мы раскручвалі спіраль узаемных санкцыяў».

Цяпер сачыце за рукамі…

МЫ з перадвыбарнай праграмы 1994 года гучыць так: «Мы так доўга трывалі…»

Вось МЫ з перадвыбарнай праграмы-2015 »:

«Мы зрабілі вельмі шмат….

Мы пабудавалі…

Мы жывем…

Мы стварылі…

Мы здабылі…

Мы не дазволілі…

Мы мелі рацыю… ».

Гэта ўсё МЫ – мінулага і сучаснасці. А такія МЫ сфармуляваныя пра нашу будучыню:

«Мы абаронім…

Мы яшчэ больш будзем…

Мы абавязкова захаваем…

Мы павінны абараніць тое, што ўжо створана…

Мы будзем рабіць усё… »

Захаваем і абаронім, так. Гэта ўсё.

Тут можна пачытаць, чым перадвыбарчыя праграмы апазіцыйных кандыдатаў адрозніваюцца ад праграмы кандыдата Лукашэнкі.

belsat.eu, паводле antijournalist.by

Стужка навінаў