«Як вы прасілі, так мы вам і адказалі» Рэпартаж з выбарчага ўчастку ў Менску


Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Незалежныя назіральнікі стаяць на ганку, камісія адазвае нервова і скрозь зубы.

Выбарчы ўчастак №49 – адзін з трох, што месціцца ў сярэдняй школе №191 у спальным мікрараёне на ўскрайку сталіцы. На падыходзе да навучальнай установы не чуваць ні музыкі, ні заўзятых песняў папулярных выканаўцаў. Толькі гул генератара парушае ранішнюю цішыню. Ён сілкуе гандлёвыя кропкі: фірменны шапік «Світанак» з баваўнянымі халатамі і сукенкамі квітастай расфарбоўкі, латкі з гароднінай і садавінай ды невялічкае кафэ на колах. Усе гэта размясцілася на асфальтавым пляцы насупраць цэнтральнага ўваходу школы.

На прыступках ганку, хаваючыся ў цені ад сонца, з планшэткамі стаяць незалежныя назіральнікі. Яны пільна адсочваюць кожнага, хто ўваходзіць і выходзіць з дзвярэй школы.

«Ад пачатку датэрміновага галасавання нам давалі магчымасць стаяць пад кабінетамі, дзе месцяцца выбарчыя ўчасткі. Але ў чацвер выгналі па-за межы будынку. У той дзень у нас затрымалі аднаго з нашых калегаў, Іллю Разбойнікава, за фотаздымак зроблены на прыступках школы. Тыя, хто назіраў з ім, кажуць, што ён самы вытрыманы з усіх. Але на яго выклікалі міліцыю, быў суд – далі 12 содняў. Цяпер Ілля ў Жодзіна», – дзеліцца навінамі адна з назіральніц Наталля.

Ці фіксуюць назіральнікі разыходжанні па колькасці людзей, адказваюць адназначна: «Так, і даволі сурʼёзныя».

Фота: Belsat.eu

«Учора нам не далі паглядзець пратакол. У апошні дзень датэрміновага галасавання мусіць быць сумарны за ўсе дні. Увогуле з камісіяй 49 участка даводзіцца цяжка, але неяк удалося дамовіцца, што любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права паглядзець пратаколы, не важна тут ён прапісаны ці не. Вось вы, напрыклад, можаце зайсці і спытаць», – дадае жанчына.

Пластыкавыя дзверы школы залепленыя інфармацыйнымі лістамі пра выбары: ад рэжыму працы ўчасткаў да інструкцыі па мерах бяспекі ў пандэмічны час. Напрыклад, на тэрыторыі ўстановы рэкамендуюць знаходзіцца ў масках і пальчатках, а таксама не перадаваць свой пашпарт у рукі выбарчай камісіі, выключна паказваць са сваіх.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Пры ўваходзе ў ціхі і бязлюдны хол першага паверха два міліцыянты з дзяжурнага паста пытаюць кожнага: «Вы галасаваць?» і накіроўваюць у правае крыло школы, дзе знаходзяцца ўчасткі. У гэтым годзе пад іх выдзелілі вучэбныя кабінеты, а не вестыбюлі на паверхах.

На ўчастку №49 пакуль чэргаў няма. Кожнага выбарца, што зʼяўляецца на парозе кабінета, тут вітаюць усмешкай і падбадзёрваючымі словамі: «Добры дзень! Праходзьце-праходзьце!». Але патрапіўшы ў само памяшканне, узнікае пачуццё няёмкасці і скаванасці, бо яно занадта малое для той колькасці людзей, што знаходзіцца ў ім – аж з дзесятак чалавек: члены рэгістрацыйнай групы, камісіі, назіральнікі і неабазначаныя асобы, што сядзяць непасрэдна ля ўрнаў. Ад стала з рэгістрацыйнымі спісамі да адкрытай і празрыстай кабінкі трэба зрабіць усяго тры крокі, а ад кабінкі да ўрны і таго меней – два.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Звяртаемся да старшыні камісіі з просьбай азнаёміцца з пратаколамі датэрміновага галасавання. Сухім спакойным голасам нам адказваюць, што яны не могуць паказаць нам гэтых дакументаў згодна з Выбарчым кодэксам і каб не весці доўгіх спрэчак прапануюць азнаёміцца з наступным абзацам артыкулу 53 таго самага Кодэксу:

«У перыяд датэрміновага галасавання штодзённа старшыня ці намеснік старшыні участковай камісіі складае пратакол, у якім указваецца колькасць бюлетэняў, атрыманых участковай камісіяй, колькасць грамадзянаў, атрымаўшых бюлетэні для галасавання (у апошні дзень датэрміновага галасавання – агульная колькасць грамадзянаў, атрымаўшых бюлетэні для галасавання), колькасць сапсаваных бюлетэняў і колькасць невыкарастаных бюлетэняў. Пратакол падпісваецца старшынёй ці намеснікам старшыні і членам камісіі. Копія пратакола вывешваецца для агульнага азнаямлення ў памяшканні участковай камісіі».

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Просім азнаёміцца з копіяй пратакола, на што нам суха адказваюць: «Як вы прасілі, так мы вам і адказалі». І ўказваюць на класную дошку, што знаходзіцца за спінамі назіральнікаў, дзе сярод іншых дакументаў вісіць копія пратакола без подпісаў за ўчарашні дзень з лічбамі: 1645, 74, 1, 1245.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Запытваем, чаму копія без подпісаў старшыні ці членаў камісіі? «На копіі подпісы не абавязковыя», – атрымліваем адказ скрозь зубы. Затым старшыня заўважае мабільны тэлефон у руках:

– Фатаграфаваць забаронена! – на гэтых словах ён устае са свайго месца і шчыльна падыходзіць дошкі, намагаючыся рукамі закрыць копію пратакола.

– Дык не фатаграфую. Мне трэба запісаць лічбы.

– Пакіньце, калі ласка, памяшканне.

– Пачакайце, я не фатаграфую…

– Вы дасталі тэлефон, мяне гэта хвалюе! – рукамі ўказваюць на дзверы.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Задаваць далей пытанні ці ўдакладненні не выходзіць, бо нас настойліва просяць пакінуць участак. Выходзім у хол школы – тут ніводнага чалавека. На вуліцы ж сабралася чарга ля шапіку «Світанак», жанчыны наўпрост паверх сваёй вопраткі нацягваюць на сябе баваўняныя сукенкі і прымяраюць начныя.

«Калі пратакол не сумарны – гэта парушэнне, відавочна яны наблыталі», – удакладняе Наталля па выніках нашай размовы са старшынёй камісіі. Аднак адзначае, што агулам яно не самае грубае за ўсе гэтыя дні.

Прэзідэнцкія выбары сёлета – не свята, як тое намагаліся навязаць беларусам папярэднія пяць разоў. Напружанасць адчуваецца ва ўсім: ад пустых калідораў і холаў, беднага асартыменту гандлю, нацягнутых усмешак камісіі і спробы завязаць з табой кароткі прыветлівы дыялог, а затым жадання хутчэй справадзіць цябе па-за межы ўчастка.

У бюлетэнях на сёлетніх выбарах пяць кандыдатаў. За пасаду кіраўніка краіны змагаюцца Андрэй Дзмітрыеў, Аляксандр Лукашэнка, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань і Святлана Ціханоўская.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu

Стужка навінаў