«Выбары сябе» Лукашэнка рыхтуе як спецаперацыю

Аляксандр Лукашэнка прыбыў на цырымонію інаўгурацыі, 21 студзеня 2011 года, Менск.
Фота: POOL New / Reuters / Forum

Жанчыну, якая вяла душэўныя размовы з пакрыўджанымі, на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі змяніў генерал-маёр КДБ. Гэта сімвалічная перастаноўка напярэдадні выбарчай кампаніі 2020 года.

У Ігара Сергяенкі, які перасеў на месца Наталлі Качанавай з крэсла першага намесніка старшыні КДБ, – звычайны для прадстаўніка гэтага спецыфічнага ведамства паслужны спіс. Так, трапляў пад санкцыі Еўразвязу «за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці», але ж у паняццях сістэмы – проста сумленна рабіў сваю справу.

І Аляксандр Лукашэнка напэўна разлічвае, што свае лепшыя прафесійныя якасці (экс-чэкістаў, як вядома, не бывае) гэты чалавек праявіць на новай пасадзе, якая набывае асаблівую важнасць перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія пройдуць, хутчэй за ўсё, летам наступнага года.

Hавiны
З контрвыведкі ў Адміністрацыю. Галоўнае пра генерал-маёра Ігара Сергяенку
2019.12.05 16:43

Любоў народу, падобна, адкрасавала

Нязменны прэзідэнт Беларусі ў прынцыпе трапятліва ставіцца да пытання ўлады, але вось будучая кампанія відавочна напружвае Лукашэнку ў асаблівай ступені. Ён раз за разам нагадвае вертыкалі аб цяжкім экзамене, які насоўваецца, і нават ужывае экспрэсіўную метафару «палітычная вакханалія».

Хоць, здавалася б, чаго тузацца: усё схоплена, у выбаркамах свае людзі, якія ведаюць, як складаць выніковыя пратаколы, апазіцыя за чвэрць стагоддзя метадычна перацёртая жорнамі рэпрэсіяў, маргіналізаваная.

Але застаецца піпл, які, аказваецца, не ўсё глынае. Мінулыя парламенцкія выбары, па сведчанні тых, хто збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатаў, паказалі, што народ у масе сваёй страшна незадаволены «палітыкай партыі і ўраду.

Вы скажаце: дык апазіцыя згушчае фарбы. Добра, няхай бы тады дзяржаўныя сацыёлагі апублікавалі рэйтынгі Лукашэнкі і інстытутаў улады.

Вунь як здораўскі адбрыў Інстытут сацыялогіі беларускай Акадэміі навук даследчыкаў з МДІМА, якія паведамілі, што амаль 90% беларусаў – за саюз з Расеяй. У нас, маўляў, іншыя лічбы (палова грамадзянаў выступае не за саюзніцкія, а за партнёрскія адносіны з Расеяй), і наагул без беларускай акрэдытацыі вы такія апытанні праводзіць не маеце права.

Але чаму ж тады лічбы папулярнасці ўласных уладаў – таямніца за сям’ю пячаткамі? Ці не таму, што не радуюць беларускага правадыра, які раней любіў казыраць усенароднай падтрымкай?

Апошняе апытанне НІСЭПД, разгромленага пазней, у чэрвені 2016 года зафіксавала электаральны рэйтынг Лукашэнкі на ўзроўні 29,5%.

З таго часу вялікіх дасягненняў беларусы не ўбачылі, расчараванне, падобна, узмацнілася, так што цяпер паказчык можа быць яшчэ ніжэй. Карацей, «отцвели уж давно хризантемы в саду».

«Моцна будуць мацаць»

Зразумела, у выбаркамах свае людзі, але ўсё ж і такая быццам бы эфемерная рэч, як лунаючае ў паветры адчуванне вялікай няпраўды, несправядлівасці, можа, як паказвае вопыт падзення жорсткіх рэжымаў, справакаваць нават у прыціснутым грамадстве бурныя працэсы.

У дадатак афіцыйны лідар відавочна не ведае, што рабіць з эканомікай, якая запавольваецца і грозіць упасці ў стагнацыю. Эканамісты папярэджваюць, што моцна падвышаць заробкі нельга, каб не выклікаць дысбалансы, небяспечныя новымі дэвальвацыямі. Гэта значыць электарат асабліва не ўлагодзіш.

А тут яшчэ Масква, прымушаючы да «паглыбленай інтэграцыі», саджае на галодны паёк. І калі два правадыра толкам не дамовяцца, то як раз на перыяд прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі можа прыйсціся новае абвастрэнне адносін.

Меркаванні
Ці ўчыніць Лукашэнка Пуціну скандал з біццём інтэграцыйнага посуду?
2019.11.06 16:47

На днях на нарадзе з актывам Менскай вобласці Лукашэнка, згадаўшы пра «галоўны экзамен», які ўсім трэба будзе трымаць праз паўгода, заявіў:

«Я часта вам намякаю. Я не магу гэта сказаць адкрыта і публічна: нас будуць мацаць з усіх бакоў. Моцна будуць мацаць. І вы нават не ўяўляеце, з якога боку для нас небяспека большая».

Ну а на самой справе – з якога? Захад цяпер зрабіў стаўку на прагматычны дыялог з Менскам, зацікаўлены ў стабільнасці Беларусі, карацей, каламуціць тут ваду – не ў яго інтарэсах. А вось Крэмль вельмі нават можа як мінімум пакалашмаціць нервы ўпартаму саюзнічку, каб зрабіць яго больш згаворлівым.

Усіх прасвяціць рэнтгенам

І ў гэтай няпростай сітуацыі асаблівае значэнне для Лукашэнкі набывае лаяльнасць кадраў. Учора ён сказаў Сергяенку:

«…Ваша праца ў камітэце дзяржбяспекі была звязаная з праблемамі, якімі прыярытэтна займаецца Адміністрацыя. Гэта кадры, іх чысціня, палітычныя, сацыяльна-палітычныя пытанні. Вы вельмі добра гэтым валодаеце».

Так што наваспечанаму кіраўніку АП трэба будзе прасвечваць наменклатуру магутным чэкісцкім рэнтгенам. Каб не зацясаўся ў акружэнне першай асобы кадр накшталт былога намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Андрэя Уцюрына, якому інкрымінуюць атрыманне не менш 190 000 долараў хабараў. І асаблівая ўвага, як мяркуюць незалежныя эксперты, будзе нададзеная чыстцы дзяржапарату ад прарасейскай публікі, якая ў крытычны момант можа згуляць ролю пятай калоны.

Так, ну і, вядома, па выніках выбараў важна не сапсаваць адносіны з Захадам. Ён хоць і праглынуў стэрыльную Палату прадстаўнікоў, але на новае брутальнае прымяненне дубіналу і масавыя пасадкі, як гэта было ў выпадку разгрому шматтысячнай Плошчы-2010, вочы закрыць не зможа. І каб у 2020-м масавых вулічных пратэстаў не здарылася, важная тонкая прэвентыўная праца спецслужбаў.

Самі ж выбары, хутчэй за ўсё, пройдуць па лапідарным сцэнары, без таго россыпу апазіцыйных кандыдатаў, якая была дазволеная ў 2010-м. Не да раскошы, не да рысоўкі перад Еўропай і ЗША. У Беларусі зноў наступаюць палітычныя замаразкі. Так што кадры пад стаць сезону.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік/ІР – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў