Выбар не знікне: у якіх менскіх новабудоўлях будуць прадавацца кватэры ў 2021-м

Цяпер мала хто купляе жыллё – са жніўня большасці беларусаў не да таго. Але адкладзены попыт ёсць. Людзі разважаюць: калі ў 2021-м пачнуць працаваць законы, стане ў краіне бяспечней, вернемся да тэмы жылля. Перш за ўсё попыт павінен вярнуцца на першасны рынак. Ужо цяпер можна прыкінуць, дзе будзе магчымасць пабудавацца. З агаворкай, якую прадублюю і ў канцы тэксту: калі хаця б у палітычным плане ўсё наладзіцца.

З буйнымі забудоўшчыкамі

У 2021-й перавандруюць буйныя праекты, пачатыя год, а то і некалькі гадоў таму. Будзе працягваць будавацца «Новая Баравая» ад А-100 Девелопмент і яго ж «Зялёная гавань». Будуць распрадавацца рэшткі кватэр у «Пірсе» – ад забудоўшчыка і ад уласнікаў.

Мікрараён Новая Баравая, Менск, 28 жніўня. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Айрон працягне будаваць «Менскі квартал», ВК «Брэсцкі», і асабліва шмат метраў – у буйной «Левадзе» на беразе Свіслачы.

Ну і праект Даны – «Менск Мір» – у частцы будаўніцтва жылых каробак павінен будзе ў 2021-м неяк рухацца. З ім, нагадаю, усё складана. Само яго існаванне залежыць ад таго, ці будзе бюджэт Менску і далей фінансаваць яго сеткі, камунікацыі, інфраструктуру. Здарся змена ўлады і пастаў праект у роўныя ўмовы з іншымі – ці застанецца тут наагул бізнес Даны?

Фота: ТК/Belsat.eu

Дакладна ў 2021-м будуць прадаваць кватэры ў ВК «Парк Чалюскінцаў» ад Даны (цяпер Эмірэйтс Блю Скай). Праект вялізны, метраў хопіць усім, каго ў прынцыпе цікавіць гэты жылы комплекс.

З небуйнымі камерцыйнымі забудоўшчыкамі

У 2021-м будуць дабудоўвацца комплекс 4 сезону ад ТЕНКинвест на Леаніда Бяды. Будуюцца два дамы, павінны пабудаваць яшчэ два.

БелАТЭП працягне прадаваць «Антонаўскі квартал» у пешай даступнасці ад станцыі метро «Пралетарская». У квартале будуюцца панэльныя дамы, па праекце іх будзе 10.

Яшчэ некалькі праектаў ад небуйных забудоўшчыкаў (калі не здарыцца нейкіх зусім ужо змрочных падзеяў) павінны будавацца і прадавацца недалёка ад метро «Грушаўка». У 2021-м дабудуюць ВК «ГрандХаус». Тым, каго не бянтэжыць той факт, што ў заснавальніках кампаніі забудоўшчыка сярод іншых знаходзіцца Дзмітрый Баскаў, там прапануюць гатовыя і амаль гатовыя кватэры.

Дмитрий Басков. Фото: belsat.eu

Перавандруе ў 2021-й будоўля ВК «Гастэла» ад СІ-трэйдзінг на аднайменнай вуліцы і «Фарфоравы» на Крапоткіна (ад Инфореалт). Вялікая верагоднасць, што нарэшце дабудуюць «Лазурыт» на праспекце Пераможцаў – і цяпер там яшчэ шмат нераспраданых метраў.

Кампанія Паўла Белага, «хакейнага» сябра Лукашэнкі, да канца наступнага года абяцалася здаць 23-павярховы Mod house на праспекце Дзяржынскага (там не выкупленыя яшчэ больш за траціну кватэр), будзе дабудоўваць Тапас і ВК «Мантэрэй» у Лебядзіным і «вечную будоўлю» – «Мегаполіс».

З дзяржзабудоўшчыкамі

Іх імкнуцца абавязаць будаваць выключна для чаргавікоў. Але МАПІД прыступіў да будаўніцтва сярэдне і малапавярховага ВК недалёка ад Экспабела, абяцае ў наступным годзе прапаноўваць там кватэры ўсім жадаючым.

Цікавы праект стартаваў недалёка ад метро Пятроўшчына – «Пятроўскія верфі». Туды пакуль зазываюць толькі чаргавікоў незалежна ад даты пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу. Але цэннік там, з улікам абавязацельства купіць машына-месца, выходзіць цалкам сабе камерцыйны. Вялікая верагоднасць, што УКБ, які будуе гэты ВК, атрымаецца прадушыць ідэю прадаваць там будучыя метры хоць бы ў вялікіх па плошчы кватэрах ўсім жадаючым.

Для чаргавікоў (у асноўным шматдзетных) УКБ працягнуць будаваць у Лошыцы і Чыжоўцы, запланаваныя на 2021-й і 8 панэльных дамоў на Ангарскай.

Можна будзе купіць і гатовую новабудоўлю

Кітайская кампанія ўжо некалькі гадоў узводзіць ВК «Праменад» у Лебядзіным. Кватэры прадае толькі ў гатовых дамах – і ў 2021-м працягне працаваць.

Здадуць і будуць прадаваць кватэры ў першым доме ВК «Камфорт» на Ціміразева. Будуць у продажы апартаменты ў гатовых дамах ВК «Парк Чалюскінцаў».

Фота: ТК/Belsat.eu

Паступяць на рынак кватэры ў гатовым доме ВК «Міхалова». Забудоўшчык прытрымаў частку да здачы дому. Так выйшла, што здача перанесена на 2021-ы.

Акрамя таго, у 2021-ы год перавандруюць нераспрададзеныя метры ва ўсіх новабудоўлях – а свабодныя кватэры (у асноўным – вялікага метражу) ёсць практычна ва ўсіх праектах менскіх забудоўшчыкаў.

Будоўлі пад пытаннем

Пакуль не ясна, як на крызіс, які разгортваецца, будуць рэагаваць забудоўшчыкі, якія толькі прыступаюць да асваення ўчасткаў, выдзеленых пад інвестпраект і выйграных на аўкцыёнах. Праекты адкладаюцца, пераносяцца, зацягваюцца. Цыкл будаўніцтва аднаго ВК – ад трох гадоў. Ці пачне аднаўляцца рынак (і цэннік) да 2024-га, наўрад ці хто зможа прадказаць: занадта шмат што можа яшчэ здарыцца.

З праектаў, якія былі запланаваныя да рэалізацыі ў 2021-м, варта назваць:

  • Працяг ужо гатовага тапасаўскага Алімпік парку (будоўля на месцы знесенага рынку Лебядзіны).
  • ВК «Белыя сады» ад Віва Інвест (тэрміны пачатку будаўніцтва комплексу на Чыгуначнай ужо некалькі разоў пераносіліся).
  • Вялікі і пакуль безназоўны ВК на праспекце Дзяржынскага (забудоўшчык – «ГрандХаузИнжиниринг» практычна завяршыў знос прыватнага сектара).
  • ВК на Гарэцкага ў Сухарава ад МАПІДу (рэндэры паказалі два гады таму, але будоўля так і не пачалася).
  • Элітны квартал ля Плошчы Перамогі ад А-100 Дэвелапмент (знос на пляцоўцы ідзе).

Што па цэнах?

Прагноз па падзенні цэн на другасным рынку – мінус 10% за першы квартал. У пачатку 2021-га кошт квадратных метраў у новабудоўлях працягне зніжацца. На цэннік будзе ціснуць усё, але мацней за ўсё эканоміка, якая пагаршаецца. Ці будзе ён зніжацца сінхронна з другасным рынкам – невядома.

Меркаванні
Амаль кома перад падзеннем: што адбываецца з цэнамі на сталічныя новабудоўлі
2020.12.17 12:05

Мінімальная цана на метры ў новабудоўлях назіралася ў крызісным 2016-м – каля 1000 долараў за квадратны метр. Да яе большасць праектаў, якія не адносяцца да камфорт-класу, і будзе рухацца ў першым паўгоддзі. Калі канчаткова згорнуць крэдытаванне – будзем рухацца хутчэй. Але чаго чакаць пасля гэтага дна, можна толькі гадаць. Падзенне кошту ніжэй 1000 пагражае прыпынкам немалой колькасці будоўляў і ростам колькасці даўгабудаў.

Але паўтаруся: усе прагнозы могуць карэктавацца ў бок поўнага калапсу, калі палітычная сітуацыя пагоршыцца – патэнцыйныя пакупнікі проста не выйдуць на рынак і ў 2021-м.

Наталля Літоўская/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў