«Васкрасенскі сіндром»

11 кастрычніка на БТ выйшла эксклюзіўнае інтэрв’ю з каардынатарам аб’яднанага штабу ды бізнесоўцам Юрыем Васкрасенскім, а таксама з дырэктарам кампаніі PandaDoc Змітром Рабцэвічам». Нагодаю для інтэрвʼю стала тое, што гэтым двум палітвязням змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА.

У гісторыі краіны мы ўжо сустракаліся з падобнымі выключэннямі. Пасля Плошчы 2010 года колішні кіраўнік штабу Уладзіміра Някляева, Андрэй Дзмітрыеў, ужо нешта падобнае казаў з блакітных экранаў. Пасля інтэрв’ю, як сумленны чалавек, спадар Дзмітрыеў павінен быў сысці з палітыкі. Але не. Ён працягнуў свае палітычныя гульні, карыстаючыся падтрыманнем часткі ліберальна-дэмакратычнай апазіцыі, а ў 2020 годзе нават сам вылучыўся кандыдатам у прэзідэнты. Дзе цяпер Дзмітрыеў, Чэрачэнь і «самы папулярны палітык пасля прэзідэнта» Ганна Канапацкая – аднаму богу вядома.

«Круглы стол» у СІЗА КДБ. Дзмітрый Рабцэвіч першы справа ад Лукашэнкі.
Фота: тэлеграм-канал «Пул первого».

Дзмітрый Рабцэвіч нам менш цікавы. Ягоныя разважанні пра пабудаваную і развітую ІТ-краіну напэўна зацікавяць толькі дзясяткі ІТ-кампаніяў, якія ці ўжо пераехалі ці пераязджаюць за мяжу. Можа паспяшаліся?

А вось да Юрыя Васкрасенскага з ягонай «ядравай бомбай у сферы грамадскага меркавання» больш увагі. Як ні круці, але сам Аляксандр Рыгоравіч даручыў яму «прыступіць да падрыхтоўкі альтэрнатыўных прапаноў па змяненні Канстытуцыі». А гэта вам не хухры-мухры! Канстытуцыя – галоўны закон краіны! І вось у мяне пытанне: а хто такі спадар Васкрасенскі? Вядомы юрыст? Можа, ён раней узначальваў Інстытут дзяржавы і права НАН Беларусі?

Юрый Васкрасенскі падчас інтэрв’ю дзяраўным медыям

Да прабачыць мне спадар Юрый, але да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ягонае прозвішча не было вядомае не толькі мне, але і пераважнай большасці беларусаў. Магчыма, Васкрасенскі вельмі ўдалы бізнесовец, але даручанае – гэта не рэарганізаваць банк ці гандлёвую фірму. Трошкі іншы маштаб.

На каго разлічаная гэтая валтузня? Захад даўно не верыць. «Ябацькам» – пофіг. Большасць народу ўжо навучылася адчуваць падвохі. Нават Пуціну галаву не задурыш такімі кропкавымі вызваленнямі ды смешнымі заявамі бізнесоўца пра падрыхтоўку да зменаў у Канстытуцыі. Вось і атрымоўваецца, што стрэл – у паветра. Адзінае добрае ва ўсім гэтым – людзі выйшлі з-за кратаў, і сустрэнуцца са сваімі роднымі ды блізкімі…

Адной з ключавых фразаў Юрыя Васкрасенскага ў інтэрв’ю БТ было тое, што «ўлада гатовая да дыялогу не толькі на словах». Тое, што ўлада гатовая да дыялогу і «мовай» гумавых дубінак, мы ўбачылі ўвечары таго ж дня. Дзясяткі збітых, сотні затрыманых… Думаю, спадар Юрый гэта таксама бачыў.

Меркаванні
Страляць нельга пашкадаваць
2020.10.13 15:52

Васкрасенскага шантажавалі? Ці ў яго ўласная разважлівая гульня? А можа, ён сапраўды шчыра паверыў у сваю «канстытуцыйную» місію? Калі апошняе, то можна дакладна канстатаваць Стакгольмскі сіндром. Гэта такая інтраекцыя, спосаб псіхалагічнай абароны, калі ахвяра пачынае спачуваць свайму кАту. Больш за тое! Яна пачынае шчыра атаясамліваць сябе з ім, пераймаць ягоныя ідэі і думаць, як ён. Калі гэта так, то выглядае вельмі сумна і жаласна… У беларускіх умовах – як «Васкрасенскі сіндром».

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў