28 верасня суд Бабруйскага раёну і гораду Бабруйск вынес прысуд у дачыненні да раней судзімага мясцовага жыхара.
50-гадовы прадстаўнік цыганскай дыяспары прадаў жыхарам Менскай вобласці «кактэйль» з метадону і дымэдрол, праз ужыванне якога яны памерлі. Цыган атрымаў 25 гадоў турмы.
Мужчыну прызналі вінаватым у незаконным набыцці з мэтай збыту, захоўвання і незаконнага абароту наркатычных сродкаў (13 гадоў) і продажы гэтых сродкаў, якія прывялі да смерці 4 асобаў (25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).
Праз паглынанне менш строгага пакарання больш строгім абвінавачанаму прызначанае канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці (на карысць родных пацярпелых) з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асобага рэжыму.
Пасля ўвядзення больш жорсткіх пакаранняў у антынаркатычнае заканадаўства ў 2014 годзе гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі за такое злачынства грамадзянін Беларусі атрымаў максімальны тэрмін пакарання.
Нагадаем, у чэрвені 2015 года ў Салігорску ў падʼездзе дому знайшлі целы мужчыны і жанчыны. Пазней стала вядома, што іх смерць наступіла праз перадазіроўку метадону. Наркотык спачатку ўжыў мужчына і загінуў на месцы. Жанчына, яго сяброўка, бачыла, што здарылася з яе знаёмым, але ўсё роўна ўзяла шпрыц, укалолася і таксама памерла.
У ліпені знайшлі яшчэ два целы з прыкметамі перадазіроўкі наркотыкамі на прыпынку грамадскага транспарту ў Глуску. Загінулыя – жыхары Салігорску. Яны прыязджалі ў Бабруйск, каб набыць наркотыкі ў кампаніі яшчэ двух асобаў. Наркотыкі ўжылі там жа – усё, акрамя кіроўцы. Мужчыне, які першы ўкалоўся, стала дрэнна – яго адвезлі ў лякарню. Нягледзячы на гэта, наркакампаньёны ўсё роўна ўжылі смяротны кактэйль, а пазней памерлі. Кіроўца, спалохаўшыся, пакінуў целы на прыпынку.
Cледства выявіла, што «кактэйль» з метадону і дымэдролу загінулым прадаваў адзін і той жа чалавек – вышэйзгаданы 50-гадовы цыган з Бабруйску.