Асуджаным за наркотыкі дадуць зялёныя біркі і апрануць у жоўтыя робы?

photo

Старшыня руху «328» Ларыса Жыгар

Кіраўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў распавёў пра змены ў рэжыме ўтрымання зняволеных прадстаўнікам «Матчынага руху 328».

11 траўня адбылася сустрэча прадстаўнікоў праваабарончага руху, які складаецца з маці асуджаных па арт. 328 («незаконны абарот наркатычных сродкаў»), з Сяргеем Дарожкам, кіраўніком ДВП. Жанчыны прыйшлі з пытаннямі адносна больш суворых мераў утрымання ў няволі «наркаманаў», якія былі разгледжаныя 28 красавіка на нарадзе з удзелам прэзідэнта.

Апынулася, што Сяргей Дарожка ўнёс свае прапановы па мерах утрымання асуджаных «наркаманаў». Сярод іх, адмена умовна-датэрміновых вызваленняў і амністыяў, змяншэнне вагі дазволеных перадач з «волі», змяншэнне сродкаў, якія дазволена выдаткоўваць асуджаным для набыцця тавараў на зоне.

Замест трох сутак спаткання – адныя

«Нам сказалі, што могуць скараціць і спатканні асуджаных з блізкімі. Ад трох сутак да сутак. Уявіце, родныя будуць ехаць з усёй Беларусі, каб пабачыць свайго сына ці брата, а ім – скарачаюць час спаткання. Гэта жорстка!», – распавядае старшыня руху «328» Ларыса Жыгар.

На зоне для няпоўнагадовых у Бабруйску ды некаторых іншых гарадах ужо ўвялі асобныя зялёныя біркі (з імем і прозвішчам асуджанага) для фігурантаў справаў па арт.328, хоць у звычайных зняволеных яны чорныя. ДВП плануе неўзабаве ўвесці таксама жоўтыя робы для «наркаманаў», якія б адрознівалі іх ад рэшты зэкаў.

«Мы звярнуліся, канешне, са сваймі просьбамі і рэкамендацыямі, каб гэтыя меры не прымаліся. Хлопцам жа па 10-12 год даюць, ламаюць лёсы за тое, што нехта з некім адзін раз пакурыў… А тут яшчэ і больш суворыя меры ўтрымання!», – працягвае Ларыса Жыгар

«Наркаманаў» працаўладкуюць, заробкі – 8 – 15 тысяч…

Разам з тым, кіраўнік ДВП абяцае, што вязні-наркаманы будуць працаўладкаваныя на зонах. Гэта робіцца, каб вязні маглі нешта набыць, цягам знаходжання за кратамі («атаварвацца» дазволена раз на месяц), аплаціць сваё ўтрыманне ў калоніі ды накапіць грошы, каб пражыць пару месяцаў пасля вызвалення.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Гэта ўсё вельмі дзіўна чуць, бо, напрыклад, месячныя заробкі на прам-зоне ў ПК 22 складаюць 8-15 тысяч беларускіх рублёў! Калі пройдзе дэнамінацыя – гэта будзе 1 рубель 50 капеек у месяц… Дзе тут можна што накапіць?», – разважае Ларыса Жыгар.

У сувязі са зменамі рэжыму ўтрымання асуджаных «наркаманаў», маці плануюць звяртацца да дэпутатаў Нацыянальнага сходу, каб неяк паўплываць на сітуацыю.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

Цяпер у прадстаўнікоў руху ўжо падрыхтаваны зварот у Генеральную пракуратуру з усімі парушэннямі па справах асобных асуджаных па арт. 328. Аналагічны зварот з амаль тысячай подпісаў будзе накіраваны таксама ў Вярхоўны суд.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары