Уладзімір Рыжкоў: Расея не пацягне захоп Беларусі, мы задыхнёмся


Расейскі апазіцыйны палітык Уладзімір Рыжкоў у эфіры «Эхо Москвы» заявіў, што Крамлю трэба адмовіцца ад ідэі паглынання Беларусі.

«Я думаю, трэба пакінуць раз і назаўжды думку, калі ў кагосьці яна ў галаве ёсць, інтэграваць Беларусь у склад Расеі. Любая спроба такога дружалюбнага (недружалюбнага, паўдружалюбнага) захопу Беларусі таіць у сабе гіганцкія вонкавапалітычныя, унутрыпалітычныя, эканамічныя, фінансавыя выдаткі. Нам проста гэта не пацягнуць. Я магу гэта падрабязней аргументаваць. Проста паверце на слова. Гэтая катлета нам не пройдзе ў горла, мы задыхнёмся», – заявіў ён.

Да таго ж, паводле Рыжкова, Беларусь ніколі не пагадзіцца добраахвотна ўвайсці ў склад Расеі, абсалютная большасць беларусаў выступаюць за незалежнасць.

Рыжкоў лічыць памылковымі версію, паводле якой Пуцін нібыта рыхтуе паглынанне Беларусі да 2024 года, каб мець падставы для змены Канстытуцыі і пераабрання на новы прэзідэнцкі тэрмін. Хутчэй за ўсё, мяркуе апазіцыйны палітык, Пуцін проста зменіць Канстытуцыю, дазволіўшы сабе пераабірацца хоць 10 разоў запар. Паводле Рыжкова, гэта значна прасцей, чым цягнуць беларусаў у Расею.

  • 11 снежня, у Маскве былі сарваныя расейска-беларускія перамовы аб кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і зніжак на газ. Віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак 11 снежня адмовіўся абмяркоўваць гэтыя пытанні з беларускаю дэлегацыяй «пакуль не будуць прынятыя прынцыповыя рашэнні пра далейшую інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы». Праз два дні, на паседжанні саўміна Саюзнай дзяржавы, прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што агульная палітыка ў сферы цэнаў і тарыфаў магчымая толькі пры ўмове рэалізацыі пагаднення аб Саюзнай дзяржавы. Гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, агульнай мытні, судоў і разліковай палаты.
  • 14 снежня Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю расейскім СМІ, дзе заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў