У Жабінцы асудзілі падлетка, які кінуў кактэйль Молатава у бок міліцэйскай машыны


Суд Жабінкаўскага раёну разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні хлопца 2003 года нараджэння, які 11 жніўня кінуў кактэйль Молатава ў бок машыны міліцыі, што стаяла побач з мясцовым АУС. У выніку гэтага ўчынку ніхто не пацярпеў – была толькі пашкоджана абшыўка службовай «Газэлі».

Пра выпадак у Жабінцы раней паведамляла прэс-служба МУС:

«У цэнтры Жабінкі мясцовыя міліцыянты ахоўвалі грамадскі парадак, калі ў бок службовай «Газэлі» паляцела бутэлька з гаручай вадкасцю і запаленай анучай. Снарад разбіўся побач з машынай, аднак агонь пашкодзіў абшыўку буса. Тады ў выніку здарэння ніхто не пацярпеў. Высветлілася, што да злачынства маюць дачыненне два падлетка з Жабінкі: 15-гадовы хлопец вырабіў кактэйль Молатава, а яго 16-гадовы таварыш кінуў яго ў аўтамабіль».

15-гадовага хлопца проста паставілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх, бо ўзросту крымінальнай адказнасці ён не дасягнуў. А супраць ягонага 16-гадовага сябра распачалі адразу дзве крымінальныя справы: паводле ч.1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў з гаручым рэчывам) і арт. 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні міліцыянта).

5 лістапада Жабінкаўскі суд прызнаў падлетка вінаватым і пакараў яго абмежаваннем волі на тэрмін 2,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Паводле рашэнне суду, хлопец «з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных справаў Жабінкаўскага райвыканкаму, якія ажыццяўлялі абавязкі па ахове грамадскага парадку на гарадской плошчы горада, а таксама адцягнення іх увагі, наўмысна прадэманстраваў пагрозу ўжывання гвалту» – то бок кінуў бутэльку з гаручай вадкасцю, у выніку чаго адбылося ўзгаранне побач са службовым транспартам.

Сваю віну асуджаны цалкам прызнаў, паведамляецца ў прэс-рэлізе Вярхоўнага суду.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў