«Тут быў Юзэф». Як крамзаніна на сценах становіцца помнікам гісторыі


Надпісы, выдрапаныя цвіком або зробленыя хімічным алоўкам 100 год таму – непрызнаныя помнікі мінулага – захаваліся на гарадзенскіх мурах і дагэтуль. Неспадзявана з гадамі яны набіраюць каштоўнасці.

Старыя камяніцы каштоўныя сваймі інтэр’ерамі, экстэр’ерамі, малымі мастацкімі формамі – парэнчамі, літымі гаўбцамі, разнымі аконнымі рамамі… Але ці могуць быць каштоўнымі элементы, якія нават на момант свайго з’яўлення ўспрымаліся негатыўна?

Гаворка пра старыя графіці на дамах. Зазвычай іх не цяжка знайсці на будынках колішніх казармаў або вучэльняў. У Горадні найбольш папулярныя будынкі такога плану – гэта будынак вучэльні на вуліцы Валковіча, 1 ды вайсковы шпіталь на вуліцы Дзяржынскага, 15.

У вялікім П-падобным будынку на Валковіча на пачатку ХХ ст. месціліся «казармы на прыватных кватэрах»: з таго часу на сценах шмат надпісаў каравульных з цвёрдымі знакамі ды датамі – 1905, 1907, 1908… Тэма вечная, армейская: «1905 Службы осталось 192 дня…» або «20 Августа 1905 года… Козакъ». У міжваенны час тут была школа імя каралевы Ядзвігі – да гэтага перыяду належаць выявы сэрцаў з лацінскімі літарамі побач ды надпісы па-польску.

У комплексу сённяшняга вайсковага шпіталя на Дзяржынсага – выключна вайсковае мінулае: сапёрныя казармы, шпіталь, вайскова-медычны цэнтр… Таму і надпісы выключна «каравульныя», але, збольшага польскамоўныя, напрыклад: «Szafranski Juzef 23/III 1934 roku» або «DLUGOSZ 1922 R».

«Фактычна, усё гэта – помнікі побытавай эпіграфікі пачатку ХХ ст., – распавядае гісторык Ян Лялевіч, – гэта помнікі штодзённага жыцця, драбніцы, якімі людзі хацелі пазначыць сваю прысутнасць. Такія моманты заўжды цікава паказваць падчас экскурсіяў. Па вартасці такія надпісы могуць быць роўнымі дробнай архітэктурнай пластыцы».

Ян Лялевіч прыводзіць у прыклад графіці ў Берасцейскай крэпасці або на Райхстагу ў Берліне, захаваныя адмыслова, як помнікі гісторыі. Блізкімі да гэтага могуць быць сярэднявечныя графіці ў цэрквах, пакінутыя прыхаджанамі, якія сёння лічацца помнікамі эпіграфікі.

«Першае, што варта зрабіць, каб надпісы не зніклі, – працягвае Лялевіч, – гэта не нішчыць іх наўмысна. То бок давесці адміністрацыям будынкаў ды супрацоўнікам ЖЭСаў, што некаторыя ўчасткі не трэба «добраўпарадкоўваць». Асабліва каштоўныя графіці – мажліва нават пакрыць адмысловым лакам або схаваць пад аргшклом».

Аднак з кожным годам такіх надпісаў менее. Тое, што не змылі дажджы сёння змываюць пескаструем ці заціраюць звыклай наждачкай дворнікі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў