Ці стане Санкт-Пецярбург больш беларускі, чым расейскі? Форум рэгіёнаў Беларусі ды Расеі чакае Лукашэнку і Пуціна


Аляксандр Лукашэнка здзяйсняе свой візіт у Расею.
Фота: president.gov.by

VI форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі праходзіць у Санкт-Пецярбургу. 18 ліпеня ў ім маюць узяць удзел кіраўнікі дзяржаваў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Іхны візіт мусіць стаць кульмінацыяй праграмы.

Прыезду кіраўнікоў дзяржаваў на форум папярэднічае нефармальная сустрэча на Валааме, дзе яны ўжо наведалі службу ў Спаса-Праабражэнскім манастыры. Таксама ў іх праграме агледзіны манаскіх скітоў і мясцовага музею.

Hавiны
У Маскве хочуць, каб расейцы ў Беларусі не былі «чужымі»
2019.07.17 14:51

Асноўнай тэмай сёлетняга форуму, як і нефармальнай сустрэчы на Валааме, стала ўзмацненне інтэграцыі паміж краінамі. Менавіта гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўніка Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савету Федэрацыі Расеі Валянціны Матвіенка. І, як заявіў Мясніковіч, краіны зблізілі пазіцыі адносна праграмы дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, паведамляе БелТА.

Падчас форуму таксама разглядаюцца пытанні фармавання агульнай адукацыйнай, інфармацыйнай прасторы, культурна-гуманітарныя праекты, супрацы рэгіёнаў, стратэгічнае развіццё Саюзнай дзяржавы. Свае падзеі праводзілі і прадстаўнікі афіцыйных моладзевых арганізацыяў.

Па выніках сустрэчаў плануецца падпісаць пагадненні аб супрацы паміж рэгіёнамі дзвюх краін, камерцыйныя кантракты паміж прадпрыемствамі ды іншыя дакументы.

Гэтак, шэраг кантрактаў збіраюцца падпісаць з расейскімі партнёрамі беларускія «БелАЗ», «МАЗ», «Магілёўліфтмаш», Менскі электратэхнічны завод ды Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання. Сумы дамовы прадугледжваюць мільярды, праўда, расейскіх рублёў.

Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расеі праходзяць штогод з 2014 году папераменна ў дзвюх краінах. У іх традыцыйна, апроч кіраўнікоў дзяржаваў, бяруць удзел парламентарыі дзвюх краін, кіраўнікі рэгіёнаў, профільных міністэрстваў, буйных сельскагаспадарчых і прамысловых арганізацыяў, прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі і іншыя.

За мінулыя гады падчас форумаў было падпісана больш за 200 дамоваў і пагадненняў паміж рэгіёнамі дзвюх краінаў на агульную суму больш за 1,5 млрд долараў.

ВІДЭА
Лукашэнка Пуціну: Магілёў больш рускі, чымся беларускі горад
2018.10.12 13:07

Першы з форумаў адбыўся ў Менску, апошні – у кастрычніку 2018 года ў Магілёве. Аднак запомніўся магілёўскі форум не столькі падпісанымі пагадненнямі, колькі трыумфальнай аркай, пабудаванай у горадзе да прыезду прэзідэнта РФ, і заявамі кіраўніка Беларусі, што Магілёў «больш рускі, чымся беларускі».

Спадзевы ж на тое, што мерапрыемства дапаможа вырашыць эканамічныя праблемы паміж краінамі, не спраўдзіліся – праз два месяцы пасля яго сканчэння Беларусь атрымала «ультыматум Мядзведзева», які прадугледжвае больш шчыльную інтэграцыю нашай краіны з Расеяй і пытанні якога і сталі на чале сёлетніх абмеркаванняў.

Hавiны
Ультыматум Мядзьведзева Беларусі? Вось што трэба рабіць!
2018.12.23 13:11

МГ belsat.eu

Стужка навінаў