У Маскве хочуць, каб расейцы ў Беларусі не былі «чужымі»


Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Фота – Віктар Драчоў / ТАСС / Forum

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота прапанаваў прыбраць паняцце «свой–чужы» для грамадзянаў Расеі і Беларусі. На думку чыноўніка, гэта негатыўна ўплывае на інтэграцыйныя працэсы абедзвюх краінаў, падае ТАСС.

Рыгор Рапота прапануе змяніць заканадаўства Расеі і Беларусі такім чынам, каб жыхары дзвюх краінаў не прызнаваліся на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы замежнымі грамадзянамі.

«Натуральна, мы думаем, што ж рабіць. Першае, што прыходзіць у галаву, – у нас павінна быць прынята або ў заканадаўстве, або [распрацаваны] міжнародны акт, які б выключаў з катэгорыі «замежнік» у Расеі беларусаў, а ў Беларусі – расейцаў», – сказаў Рапота ў сераду падчас выступу на форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу.

На думку чыноўніка, таксама ў катэгорыі замежных не павінныя ўваходзіць прадпрыемствы абедзвюх дзяржаваў.

  • З 1996-га грамадзяне Расеі і Беларусі маюць роўныя правы на працаўладкаванне, аплату працы, рэжым працоўнага часу і часу адпачынку, ахову і ўмовы працы, атрыманне медычнай дапамогі і г.д. То бок, беларусы могуць свабодна шукаць працу ў Расеі і ўладкоўвацца на яе. Гэтак сама, могуць рабіць расейцы ў Беларусі. Афіцыйныя базы працоўных вакансіяў у абедзвюх краінах ужо спалучаныя паміж сабой.
  • У 1997-м годзе Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дамову аб Саюзнай дзяржаве, якая цягам апошніх 22 гадоў засталася, па-сутнасці, дэкларацыяй аб намерах.
  • У апошні час Крэмль пачаў падымаць гэтую тэму ў размовах з Менскам. На думку экспертаў, фармальна новая Саюзная дзяржава можа дапамагчы Уладзіміру Пуціну стаць прэзідэнтам на неабмежаваны тэрмін.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў