Ультыматум Мядзьведзева Беларусі? Вось што трэба рабіць!



Ультыматум Мядзведзева, які прагучаў на мінулым тыдні ў Берасці, заўважылі ў тым ліку нашыя суседзі. Польшча, Літва і Украіна аднагалосна выступаюць супраць сцэнару больш шчыльнай інтэграцыі, а хутчэй паглынання, Беларусі Расеяй. Але што ў стане абараніць беларускую незалежнасць? Замежныя інвестыцыі? Альтэрнатыўныя пастаўкі сыравіны? А можа рэзкая рэакцыя Захаду?

Хто каго любіць, той таго чубіць. Менавіта так на працягу апошніх дзесяцігоддзяў суседзі Беларусі глядзелі на сваркі паміж афіцыйным Менскам і Масквою.

«Мне падаецца, што ў Польшчы была такая тэндэнцыя крыху недаацэньвання ўсіх тых сігналаў, якія казалі пра тое, што Расея збіраецца паглынуць ці далучыць Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы. Аднак сапраўды пасля заявы расейскага прэм’ера гэтая справа пачала гучаць вельмі сур’ёзна. І гэта заўважылі польскія эксперты», – адзначае польская публіцыстка, аўтарка праграмы «Studio Wschód» Мар’я Пшэломец.

Ці следам за імі сур’ёзнасць намераў Масквы заўважыць кіраўніцтва Польшчы? На меркаванне польскай публіцысткі, найбольшы інтарэс Варшавы ва ўсходнім кірунку – польская меншасць. Прыналежнасць да яе дэкларуе амаль 300 тысяч жыхароў Беларусі.

«Гэта меншасць, пра якую польскія ўлады вельмі моцна клапоцяцца. І меншасць, з якою, шчыра кажучы, Аляксандр Лукашэнка абыходзіцца як злая мачыха. Тым не менш для Польшчы гэта адна з прычынаў, з-за якой яна з вялікай зацікаўленасцю прыглядаецца таму, што адбываецца ў Беларусі», – кажа Мар’я Пшэломец.

Другая прычына – эканамічная. У лістападзе ў Варшаве адбыўся польска-беларускі бізнес-форум. Эксперты, якія прысутнічалі падчас перамоваў, заўважылі надзвычайную зацікаўленасць польскіх інвестараў уваходжаннем на беларускі рынак.

«Я мяркую, што калі будуць створаныя адпаведныя ўмовы, перадусім гаворка пра гарантыі, што не будзе нейкай раптоўнай канфіскацыі фірмаў ці чагосьці падобнага – вядома, гэта не ўратуе Беларусі ад Расеі, але гэта малы крок у кірунку пашырэння незалежнасці Беларусі. Ужо не кажучы пра тое, што калі там будзе шмат польскіх фірмаў, то зацікаўленасць польскіх уладаў Беларуссю таксама будзе большаю», – лічыць Мар’я Пшэломец.

Канфлікт на лініі Масква-Менск таксама заўважыла і Украіна. На меркаванне беларускага аналітыка Ігара Тышкевіча, які жыве і працуе ў Кіеве, украінскія ўлады даўно выкарыстоўваюць напружаныя расейска-беларускія адносіны. Літаральна два тыдні таму Беларусь і Украіна падпісалі мемарандум аб аднаўленні суднаходства па Дняпры.

«Праект выгадны і адной, і другой краіне. Фактычна ён дазваляе Беларусі балансаваць у адным з кірункаў, у якім цісне Масква, а менавіта экспарт беларускіх транзітных грузаў. Беларусь атрымае танны выхад да партоў Чорнага мора і адпаведна ў тым ліку, калі пабудуюць порт у Ніжніх Жарах, Беларусь зможа самастойна адпраўляць караблі класу рака-мора», – кажа эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Гэта першы крок у транспартавай незалежнасці. Другая галіна супрацы паміж Кіева і Мескам – вуглевадароды. Восенню ўкраінская дзяржаўная кампанія «Укргазвыдабыванне» запусціла новы праект, які дазваляе замежным кампаніям прэтэндаваць на атрыманне старых свідравін на радовішчах газу.

«Укргазвыдабыванне абвесціла тэндар, у якім удзельнічаюць пяць кампаніяў – сярод іх «Беларусьнафта». І калі ўсё атрымаецца, як запланавана ва ўкраінскага прадстаўніцтва «Беларусьнафты», то нашая краіна ўпершыню за часы незалежнасці будзе мець здабычу газа на тэрыторыі, адкуль тэхнічна магчымая дастаўка сыравіны ў Беларусь», распавядае Тышкевіч.

Такая ж самая схема ў нафтавай галіне – у перспектыве частка ўкраінскай нафты можа перапрацоўвацца ў Мазыры. Таксама магмачае аднаўленне транзіту па нафтаправоду «Адэса-Броды». Усё гэта дае шанец на большую незалежнасць ад Расеі. На гэта ж спадзяюцца і нашыя паўночныя суседзі.

«Літоўскі інтарэс вельмі просты – мы хочам, каб Беларусь была незалежнай краінай. І калі ёсць такія магчымасці, і нават у рэжыму Лукашэнкі ёсць яшчэ ўнутраныя рэсурсы неяк вытрымаць гэты прэсінг, гэта было б добра», – каментуе палітолаг, дэпутат Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Паводле літоўскіх палітыкаў, адзінае выратаванне для Беларусі – гэта еўрапейскі шлях.

«Літоўцы заўсёды былі народам, які ясна беларусам казаў, што шлях Еўропу Беларусі ідзе праз Літву. І калі б Лукашэнка гэта пачуў і спыніў свайго монстра, які будуе на расейскія і кітайскія грошы ў Астраўцы, тады мы б змаглі яму дапамагчы», – кажа дыпламат, дэпутат Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс.

Сумнеўная якасць будаўніцтва Астравецкай АЭС, парушэнне правоў польскай меншасці і крытычныя заявы ў бок Еўразвязу… Усё гэта грае не на руку Беларусі на фоне ўсё больш відавочнай пагрозы з боку Расеі. Але адкрывае магчымасць для Лукашэнкі ўзмацніць актыўнасць на заходнім кірунку.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Фота: Alexander Astafyev / Russian Government Press Office / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары