Ці дазволена арандаваць дзяржаўную таямніцу?

Ва Украіне за апошнія дні шмат скандалаў, але гэты, як мне здаецца, выйшаў за ўсе межы. У тым ліку не толькі межы Украіны, але і межы здаровага сэнсу.

Новы сакратар Рады нацыянальнай абароны і бяспекі Украіны (РНБОУ) Аляксандр Данілюк размясціў у сябе на старонцы Фэйсбуку стрым, як ён абыходзіць памяшканні ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта Украіны. Памяшкання пустыя, як яечная шкарлупіна пасля таго, як з яе вылупіўся паўнавартасны кракадзільчык. З сценаў тырчаць нейкія правады. За сцяной – стэлажы, на якіх яшчэ нядаўна, па словах спадара Данілюка, стаялі серверы. І ўсё гэта, трэба меркаваць, захоўвала нейкую дзяржаўную таямніцу і падлягала перадачы ад адміністрацыі Пятра Парашэнкі адпаведна адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага.

Прийшов, побачив…Немає слів. Розбиратися будуть правоохоронні органи.

Opublikowany przez Alex Danylyuka Wtorek, 28 maja 2019

Былы прэс-сакратар былога прэзідэнта Украіны Святаслаў Цаголка добрасумленна паспрабаваў растлумачыць, што ўсе гэтыя памяшканні не маюць ніякага дачынення да РНБОУ і што ў іх усяго толькі праходзілі паседжанні сітуацыйнага пакою пры Пятры Парашэнку. Сітуацыйны пакой, калі хтосьці не ведае, – гэта такі штаб хуткага інтэлектуальнага рэагавання, які дае рэкамендацыі кліенту, што ён павінен гаварыць і з якой нагоды, а куды хопіць нацкаваць прэс-сакратара або спікераў рангам паменш. Зразумела, уваходзяць у гэты орган выключна давераныя асобы, і па змаўчанні мяркуецца, што ўсе спрэчкі застаюцца ў межах пакоя.

Вось памяшканне, дзе ўсе гэтыя высокапастаўленыя мудрацы, уключаючы спадара Цаголку, засядалі час ад часу, паводле яго словаў, было абсталяванае арандаванай апаратурай, за якую Пятро Парашэнка плаціў ня казённыя грошы, а выключна са сваёй кішэні. І калі арэнда скончылася, абсталяванне вярнулі ўладальніку.

Халера, слоў ніякіх няма! Ён наогул-то зразумеў, што сказаў?!

Адміністрацыя прэзідэнта Украіны.
Фота: Danil Shamkin/NurPhoto via ZUMA Press/FORUM

Казкі для вельмі дурных людзей

Адміністрацыя прэзідэнта любой краіны – аб’ект пад асаблівай аховай, куды мыш бескантрольна пракрасціся не павінна. Дарадчы пакой кіраўніка дзяржавы – тым больш, дзяржавы, што ваюе!!! – месца, у якім любы запіс немагчымы па вызначэнні. А тут, аказваецца, бескантрольна праносяць некалькі скрыняў прыватнай апаратуры, здольнай, пры наяўнасці адпаведнага праграмнага забеспячэння, проста запісаць любую размову і перадаць яе зацікаўленым асобам! Вы ў гэты паверыце?

Так, спадар Цаголка асабліва агаворвае: маўляў, усё абсталяванне працавала толькі ў рэжыме онлайн-трансляцыі, запісаў ніякіх не вялося. Але ў гэта верыцца і таго менш: ва Украіне быў выпадак з памятнымі «плёнкамі Мельнічэнкі», калі маёр СБУ, нібыта з уласнай ініцыятывы, запісваў размовы вышэйшых службовых асобаў Украіны ў кабінеце прэзідэнта Леаніда Кучмы. Таму агаворкі спадара Цаголкі – казкі для вельмі дурных людзей.

Я не хачу сказаць, што скупасць Пятра Парашэнкі дайшла да таго, што ён забраў з памяшканняў сваёй Адміністрацыі нейкае звышсакрэтнае абсталяванне толькі таму, што яму не хацелася, каб яно дасталася Уладзіміру Зяленскаму. Хутчэй за ўсё, Цаголка сказаў праўду: не дзяржаўнае – вернем. Але адначасова ўкраінскія блогеры, народ пранырлівы і кемлівы, раскапалі інтэрвʼю былога намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыя Шымківа (дарэчы, бацькі ўкраінскіх эканамічных рэформаў), у якім гаварылася, што Адміністрацыя абсталёўвалася як раз казённай тэхнікай, што збірала пыл на складах то Цэнтрвыбаркаму, то Нацыянальнага банку Украіны. І тут можна зусім аслупянець: калі гэта праўда, то хто і на якой падставе выкруціў усё гэтае абсталяванне ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта?! Казённая ж тэхніка!

«Мікола, ідзі наўпрост у кабінет Сідорскага»

Увогуле, уся гэтая блытаніна можа і не датычыць нас, беларусаў, калі б не адно «але». Рана ці позна перажыць перадачу ўлады трэба будзе і нам (хацелася б, каб крыху раней, але яно ўжо як атрымаецца, так атрымаецца). Цяпер уявіце сабе, што ўсё гэта адбываецца ў нашай краіне.

Вядома, можа атрымацца, як у самым кепскім анекдоце 2010 г.

– Мікола, ідзі наўпрост у кабінет Сідорскага і цісні кнопкі!

Але можа ж атрымацца і таго горш. Ідзе які-небудзь Мікола ў кабінет, даруй Божа, якога-небудзь Румаса, а то і Макея, а там – ні кнопак, ні сталоў, ні тэлефонаў урадавай сувязі. Аб паперах і камп’ютарах я ўжо і не кажу. Пустэча. І – самае проста тлумачэнне:

– Мы ўсё гэта арандавалі ў амбасады сяброўскай дзяржавы! Якой? Ну, брацкай, саюзнай. Вось, дамова скасаваная. Ўсё вывезлі.

І толькі спадарыня, скажам прама, Эйсмант дасць якія-небудзь немыя каментары з нагоды магчымасці ўтрымання ў зніклай тэхніцы звестак, што хаваюць дзяржаўную таямніцу…

Няма слоў. Напэўна, я проста не валодаю ўкраінскай мовай. Валодаў бы – сказаў бы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў