Тэставаць і яшчэ раз тэставаць, каб пазбегчы найгоршага сцэнара


У Беларусі, паводле звестак на 30 сакавіка выканалі 30 000 тэстаў. 4 красавіка – 32 000. Падзелім розніцу – 2 000 на 5 дзён і атрымаем у сярэднім 400 тэстаў на дзень.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Толькі большая колькасць тэстаў у групах рызыкі ўратуе краіны ад распаўсюду эпідэміі паводле італьянскага сцэнара – гучаць галасы вірусолагаў і прадстаўнікоў сістэмаў аховы здароўя. Belsat.eu спраўдзіў, як праходзіць тэставанне ў Беларусі і як – у іншых краінах.

Беларусь тэстуе больш, чым Польшча

У суседняй Польшчы на момант публікацыі выканалі агулам 73 000 тэстаў, з іх на працягу апошніх содняў – больш за 6 000 – паінфармавала тамтэйшае Мінздароўя. Belsat.eu параўнаў, што 22 сакавіка статыстыка захворванняў на COVID-19 у Польшчы была блізкая да нашай сёння (афіцыйна ў Беларусі 440 хворых на каронавірус). Тады ў польскіх лабараторыях рабілі 2 000 тэстаў на содні. У апошнія 5 дзён мы апрацоўваем каля 400 мазкоў на содні. Агулам у айчынных лабараторыях правялі 32 000 тэстаў.

Здаецца – робім менш, аднак у пераліку на душу насельніцтва Польшча выконвае 1 926 / 1 млн, Беларусь 3 386 мазкоў / 1 млн. У апублікаванай Worldometer статыстыцы Беларусь займае 48-ае месца з 207 па колькасці мазкоў. Расея вышэй, бо выконвае на 1000 больш. А Украіна – у трыццаць разоў менш – 115 мазкоў / 1 млн, хоць хворых на каронавірус зарэгістравала амаль ўтрая большую, чымся Беларусь.

Пытанне пра тое, каго тэставаць і колькі – вельмі складанае, кажа лекар-рэаніматолаг, кандыдат медычных навук Андрэй Вітушка:

«Колькасць тут нічога не вырашае. Тэсты PCR (найлепшыя на гэты момант) лепш працуюць на хворых пацыентах. Таму лепш тэставаць людзей з сімптомамі, асабліва з групы рызыкі. У Беларусі тэстуюць і кантактных таксама без сімптомаў. І людзей, якія заяўляюць, што яны кантактавалі з пацыентамі з COVID-19. Такое немагчыма ўявіць у ЗША».

Іншая справа, што ў сістэме заўжды знойдуцца выняткі. «Белсату» вядомыя выпадкі, калі асобам з сімптаматыкаю, падобнаю на каронавірусную, адмаўляліся зрабіць мазок ці прыняць у больніцы паводле скіравання з паліклінікі.

Hавiны
«У іх завал, працуюць у тры змены». Як беларусы чакаюць вынікаў тэстаў на COVID-19
2020.03.30 19:14

«Досвед ЗША пацвярджаецца, калі ў паліклінікі і шпіталі звяртаюцца асобы з рознаю сімптаматыкаю, нават без тэмпературы, тэст не робяць. А праз 3-4 дні ў іх з’яўляецца тэмпература і потым пацвярджаецца каронавірус», – кажа Раман Таргавіцкі – украінскі адмысловец у аптымізацыі здароўя і медычных навацыях.

Ён патлумачыў Belsat.eu, што ва Украіне тэстуюць людзей з вузка вызначанаю сімптаматыкаю тыпу кашаль, душнасць, ціск у грудзях і тэмпература, прыбыванне напярэдадні ў краінах з найгоршаю сітуацыяй. Паказанні для абследавання трэба пашыраць, лічыць Раман, каб ізаляваць ад здаровых людзей большую частку тых, каму не пашчасціла падхапіць інфекцыю.

Тэсты для медыкаў

У інтэрв’ю «Белсату» некалькі медработнікаў прызнавалі, што яны самыя слаба абароненыя ад магчымасці захварэць. Ва ўстановах аховы здароўя аднаразовае спецадзенне выкарыстоўваюць шматразова, пры гэтым адным камплектам могуць карыстацца некалькі лекараў і сясцёр, якія праводзяць тэставанне ў ізаляваным боксе. Было б лагічна – прафілактычна тэставаць персанал на каронавірус. На практыцы такіх рэгулярных аналізаў медыкам ня робяць, – цвердзяць нашыя крыніцы.

У шэрагу краінаў Захаду супрацоўнікаў усіх медычных службаў тэстуюць, што называецца, без чаргі. Бо менавіта яны – кантакты першай групы рызыкі. З 5 сакавіка асобна будуць тэставаць і польскіх медыкаў. Для іх нават стварылі асобную інфалінію.

«Небяспека заразіцца каронавірусам у медычных работнікаў, безумоўна, найбольшая. Гэтая «гарачая лінія» – новыя магчымасці для правядзення абследаванняў у самыя кароткія тэрміны – да 8 гадзінаў, каб людзі гэткіх патрэбных нам цяпер прафесіяў маглі працаваць, ратаваць жыцці», – падкрэсліў намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска.

Лекарка бярэ мазок для тэсту на COVID-19 у Менску.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Найбольш папулярныя і дакладныя тэсты на сённяшні дзень тыя, якія робяць метадам PCR (палімеразная ланцуговая рэакцыя). Іх выкананне займае 6-8 гадзінаў. Экспрэс-тэсты – менш дакладныя, таму выкарыстоўваюцца ў выпадках, калі ўсе сімптомы пацыента кажуць пра імавернасць інфікавання COVID-19.

Памылкі ў тэставанні

Гэта найгоршае, што можа здарыцца. Асоба з памылкова негатыўным вынікам вяртаецца да звычайнага жыцця і без страху заражае іншых. Такі прыклад мы назіралі ў Чэхіі. 18 сакавіка Кампартыя Кітаю перадала Чэхіі 150 000 партатыўных камплектаў рэагентаў для хуткай дыягностыкі новага патагену. Ужо 23 сакавіка навінны партал iROZHLAS паведаміў, што 80 % тэстаў паказваюць памылковыя вынікі – пры чым гаворка пра «ілжывастаноўчыя» і «ілжываадмоўныя» вынікі. Тады ўвесь Мараўска-Сілезскі рэгіён вярнуўся да звычайных лабараторных аналізаў. Колькасць тэстаў на дзень у Чэхіі такая ж як у Польшчы – 6 000, а ўлады агучылі першыя прагнозы па вяртанні да нармальнага жыцця краіны, у якой ад пачатку сакавіка дзее надзвычайнае становішча.

«Чэхія можа вярнуцца да звычайнага ладу жыцця напрыканцы траўня. Пераломным будзе канец красавіка, калі чакаем піку эпідэміі – 10-15 тыс. выпадкаў заражэння. Асноўная задача, якая стаіць перад урадам, камандай антыкрызіснага ўпраўлення і эпідэміёлагамі – павялічыць колькасць тэстаў», – заявіў прэмʼер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш.

Адкуль бярэм рэактывы

Беларусь набывае тэсты за кошт дзяржаўных сродкаў і атрымлівае ў межах міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Напярэдадні пра перадачу Беларусі 6 000 нямецкіх тэстаў паведаміла Сусветная арганізацыя здароўя. Яшчэ 10 000 перадасць нам Расея.

Інфекцыйная больніца ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Гэта яшчэ адзін добры знак асаблівага стаўлення і практыкі стасункаў паміж брацкімі краінамі», – заявіў амбасадар Расеі Дзмітрый Мезенцаў.

Праблема айчыннай дыягностыкі каронавірусу дагэтуль палягала на яе павольнасці. У сацыяльных сетках і інтэрв’ю «Белсату» пацыенты скардзіліся, што вынікаў даводзілася чакаць у стацыянары нават 4-5 дзён сярод іншых асобаў, якія ўжо хварэюць, але пакуль не вядома, ці на COVID-19. Цяпер вынікі тэстаў маем праз содні – паведаміў лекар Андрэй Вітушка.

  • Афіцыйна ў Беларусі на дзень 4 красавіка зафікасаваныя 440 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі (394 на лячэнні і 41 чалавек выздаравеў). Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла смерць 5 пацыентаў з каронавірусам па стане на 4 красавіка. Імёны памерлых не агучваліся.
Hавiны
Медсястра з Менску: рэактываў на тэсты няма, як няма і масак, антысептыкаў, спецадзення
2020.04.03 12:33

Юлія Цяльпук Belsat.eu

Стужка навінаў