«У іх завал, працуюць у тры змены». Як беларусы чакаюць вынікаў тэстаў на COVID-19


Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што на дзень 30 сакавіка ў Беларусі зробленыя ўжо больш за 30 тысяч тэстаў на каронавірусную інфекцыю. Тыя, хто добраахвотна пастанавіў здаць аналіз на COVID-19, скардзяцца: вынікаў тэстаў даводзіцца чакаць у найлепшым выпадку прыблізна тыдзень, і на ўвесь гэты час іх прымусова шпіталізуюць разам з іншымі пацыентамі. Belsat.eu сабраў некалькі гісторыяў беларусаў, якія здавалі тэсты на каронавірус. Двое з траіх герояў нашай публікацыі ўжо атрымалі вынікі сваіх тэстаў: на шчасце, яны адмоўныя.

Марыя, Менск

У мінулую пятніцу ў 23-гадовай жыхаркі Менску Марыі (імя зменена па просьбе гераіні, – заўв. belsat.eu) і яе маладога чалавека ненадоўга паднялася тэмпература. На ўсялякі выпадак яны вырашылі здаць аналізы на COVID-19, але нечакана для сябе былі прымусова шпіталізаваныя ў 4-ю лякарню.

«Мой малады чалавек прыляцеў з ЗША 12 сакавіка, – распавядае яна, – Яму па прылёце зрабілі тэст на COVID-19 і там было ўсё добра – вынік адмоўны. Але мы ўсё роўна на два тыдні мінімізавалі ўсе кантакты, сядзелі дома. Дзён праз 15, гэта значыць у мінулую пятніцу, адначасова паднялася тэмпература і ў яго, і ў мяне – літаральна на гадзіну паднялася. Падумалі, што хутчэй за ўсё сезоннае ВРВІ, але ўсё-ткі вырашылі схадзіць у паліклініку: раптам там можна зрабіць паўторны аналіз на каронавірус, каб ужо дакладна ведаць. Нам сказалі, што там яго не робяць, але прапанавалі звазіць туды, дзе робяць. Мы былі не супраць».

З паліклінікі Марыю з яе маладога чалавека на машыне хуткай дапамогі адвезлі ў 4-ю лякарню. Разам з імі ў «хуткай» ехаў яшчэ адзін хлопец, які нядаўна вярнуўся з Аргентыны. У лякарні ва ўсіх узялі тэст на COVID-19 и яшчэ шэраг аналізаў. «Лекарам не спадабаўся рэнтгенаўскі здымак майго маладога чалавека. Нібыта не пнеўманія, але проста нешта не тое. Пры гэтым аналіз крыві быў у норме, то бок запалення няма. У выніку нас паставілі перад фактам: цяпер вы кладзецеся да нас», – кажа суразмоўца belsat.eu.

У нацыянальным аэрапорце Менск медыцынскі работнік у ахоўным касцюме бярэ мазкі на каронавірус.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Марыя хацела адмовіцца ад шпіталізацыі ад самага пачатку. «Я схапіла гісторыю хваробы і пабеглі да лекара, казала, што я хачу адмовіцца ад шпіталізацыі, навошта мяне класці ў лякарню. Але нам сказалі «не»: раптам вас потым прывязуць з ацёкам лёгкіх? Ім, маўляў, такое не трэба. Калі ўжо перавялі ў палату, я таксама спрабавала скандаліць, казала, што няма ніякіх падставаў мяне тут трымаць…. На што яны вельмі ўнікліва, але таксама адмаўлялі. Толькі сёння нам удалося нармальна абмеркаваць з лекарам сітуацыю. Абяцала заўтра перагаварыць з загадчыкам аддзялення і можа быць па нейкую распіску мяне змогуць адпусціць дадому на ўмовах самаізаляцыі», – кажа яна.

Тэсты на выяўленне каронавіруснай інфекцыі.
Фота: SHANNON STAPLETON / Reuters / Forum

Спачатку маладым людзям казалі, што вынікаў тэстаў трэба чакаць тры дні, потым сказалі, што 5-6. Адначасова праз падазроны рэнтгенаўскі здымак бойфрэнду Марыі прапісалі антыбіётыкі, хаця дыягназ пнеўманія яму пакуль не пацвердзілі і заўтра чакаецца паўторны рэнтген. Пры гэтым дзяўчына сцвярджае, што адчуваюць яны сябе добра, ніякіх недамаганняў у іх няма. «Мне наагул нічога не робяць. Я проста тут ляжу. Мы толькі тэмпературу па 10 разоў на дзень вымяраем, бо гэта адзіная забаўка тут акрамя паходаў за імбрычкам. Няма ні тэмпературы, ні кашлю. Нічога акрамя пякельнай тугі».

Але самае цікавае, што Марыю і яе маладога чалавека падсялілі ў палаты да пацыентаў, якія сапраўды кепска сябе адчуваюць.

«Нас з маладым чалавекам раскідалі па двух розных палатах. Мяне пасялілі ў палату з іншай жанчынай, якая прыляцела з Аргентыны, якая кашляе, у якой тэмпература. А яго падсялілі ў бокс, дзе знаходзяцца пацыенты з пнеўманіяй. Усе моцна кашляюць – нават спаць ноччу немагчыма праз гэта», – кажа Марыя.

Ці ёсць сярод іх суседзяў інфікаваныя COVID-19 – невядома. Усе пакуль чакаюць вынікаў тэстаў.

«Увесь наш паверх запоўніўся літаральна за адну ноч. Адпаведна ўсе чакаюць вынікаў. Таму ўсё можа быць», – разважае дзяўчына.

Медык, апрануты ў ахоўны касцюм, бярэ мазок з носа пацыенту, каб зрабіць тэст на каронавірусную інфекцыю (COVID-19).
Фота: BENOIT TESSIER / Reuters / Forum

Паводле Марыі, іх паверх цалкам ізаляваны: усе дзверы (нават пажарныя выхады) зачынены, наведваць пацыентаў нельга. Медыкі ходзяць у поўнай ахоўнай экіпіроўцы, перад заходам і пасля выхаду з палатаў – яны цалкам кварцуюць сваё адзенне. Але паміж сабою пацыенты на паверсе кантактуюць свабодна.

«Мы спакойна ходзім па калідорах. Сёння толькі ўпершыню лекар папрасіла нас паменш выходзіць. На калідоры ёсць агульны халадзільнік, агульны імбрычак. Тут выбару няма: ты выходзішь, з усімі сустракаешся, імбрычак сто разоў рукамі чапаеш», – кажа дзяўчына.

Hавiны
Хочуць «падарваць нешта». Фэйкамі пра каронавірус будзе займацца КДБ
2020.03.21 13:00

Калі Марыя трапіла ў шпіталь, яна пачала распавядаць пра свае прыгоды ў stories на сваёй старонцы ў Instagram. Але сустрэла ў сеціве вельмі агрэсіўную рэакцыю. Ёй пачалі пагражаць невядомыя, абвінавачваць у тым, што яна нібыта разводзіць паніку і распаўсюджвае фэйкі.

«Пагрозы, натуральна, ідуць не ад медыкаў. Яны як раз вельмі акуратна сябе паводзяць і выбіраюць словы. Пагрозы ідуць у Instagram: нейкія невядомыя людзі пішуць, нейкія ананімы…. Палохаюць крымінальнай адказнасцю. Кажуць, што я падымаю паніку, што я распаўсюджваю ілжывую інфармацыю, што я хлушу. Хаця навошта мне хлусіць? Я проста дзялюся тым, што адбываецца», – кажа Марыя.

Сяргей, Глыбокае

Жыхар Глыбокага Сяргей разам з некалькімі калегамі быў эвакуяваны з Францыі праз Літву. Медыкі з цеплавізарамі правяралі іх і на літоўскім, і на беларускім баку, калі яны толькі перайшлі мяжу. Хаця ніякіх сімптомаў захворвання ў Сяргея не было, па прыездзе ў Глыбокае ён з двума калегамі звярнуўся ў лякарню, каб на ўсялякі выпадак здаць аналіз на каронавірус.

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Спачатку ў шпіталі сказалі, што звяртацца да іх варта толькі калі яны заўважаюць канкрэтныя сімптомы хваробы. Але праз тры дні медыкі самі патэлефанавалі мужчынам і прапанавалі зайсці да лекара. У аднаго з трох жыхароў Глыбокага, што вярнуліся з Францыі, знайшлі невялікую тэмпературу (37,2) і таму іх усіх накіравалі ў шпіталь здаць аналізы.

«Мы здалі мазкі і ў нас быў ужо настрой ехаць да дому. Але нам кажуць, што вас ужо адсюль ніхто не выпусціць – чакайце 1-2 дні і будуць вынікі. Аднак прайшоў тыдзень і ніякіх вынікаў тэстаў няма. Мы пачынаем панікаваць, нічога не разумеем. Калі б тэст быў станоўчым, то нас, відаць, ізалявалі б. Але мы ляжым як звычайныя пацыенты», – распавядае ён.

Толькі сёння ім распавялі, што тэст на каронавірус быў адмоўны. Аднак іх усё роўна не хацелі выпісаць: медыкі пагадзіліся адпускаць толькі пад распіску, што яны будуць выконваць рэжым самаізаляцыі. Пры гэтым тых калегаў Сяргея, хто вярнуўся з Францыі, але самастойна да лекараў не звярнуўся, ніхто ўвесь гэты час не чапаў.

«Для сябе я вырашыў: у наступны раз я ўжо ў шпіталь звяртацца не буду, я лепш буду дома сядзець 14 дзён. Праявіцца вірус дык праявіцца. Але навошта, каб мне проста так свабоду абмяжоўвалі?» – абураецца Сяргей.

Hавiны
Макей кантактаваў з хворым на COVID-19
2020.03.29 09:04

Марына, Ворша

Ураджэнка Воршы Марына (імя зменена па просьбе гераіні, – заўв. belsat.eu) вярталася з Літвы 16 сакавіка. На той момант мяжа ўжо была зачынена, да дому яна дабіралася аўтастопам. Атрымалася, што мужчына, які яе падвозіў ад мяжы, вярнуўся з Італіі. «Я села ў машыну і кіроўца мне кажа: а вы не баіцеся заразіцца? Сказаў, што едзе з Італіі. Я пытаю: а чаму вы мне адразу не сказалі? Я б не садзілася да вас у машыну. Канешне, баюся! Усю дарогу мы не размаўлялі», – распавядае яна.

Медсястра правярае тэмпературу чалавека на памежным кантрольна-прапускным пункце паміж Беларуссю і Літвой.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Праз пяць дзён пасля вяртання ў Марыны паднялася тэмпература, з’явілася ўдушша. Жанчына выклікала «хуткую дапамогу» і распавяла сваю гісторыю. Лекары «хуткай» запісалі яе расказ і выклікалі спецыяльную брыгаду, якая на даму ўзяла ў Марыны аналіз на COVID-19. Аналіз павезлі ў Менск у РНПЦ, а саму жанчыну не шпіталізавалі. «Яны шпіталізуюць толькі кантакты першага ўзроўню – калі дакладна быў кантакт з хворым. А калі не дакладна пацверджаны, то гэта лічыцца кантакт другога ўзроўню і яны пакідаюць на каранцін», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Медыкі сказалі Марыне самаізалявацца і чакаць вынікаў тэстаў. На шчасце, тэст аказаўся адмоўны.

«Я сама шмат разоў званіла ў РНПЦ, але толькі на дзясяты дзень з’явіліся вынікі. Яны сказалі, што ў іх завал, яны працуюць у тры змены, вялізарная колькасць тэстаў і медыкі проста не паспяваюць іх апрацоўваць. У гэтым галоўная праблема: пры падазрэнні людзі не могуць сябе аператыўна зрабіць тэст», – дадае яна.

***

Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на 30 сакавіка ў Беларусі былі інфікаваныя на каронавірус 152 чалавекі: 47 чалавекі ўжо выздаравелі, яшчэ 105 працягваюць лячэнне.

За ўвесь час у Беларусі было праведзена больш за 30 тысяч тэстаў на каронавірус. Толькі за мінулыя содні шпіталізаваныя 110 чалавек.

Ніводнага афіцыйна пацверджанага выпадку смерці ад COVID-19 не зарэгістравана.

Hавiны
«Сустракаемся, паціскаем рукі, абдымаемся». Лукашэнка распавёў, як паводзіць сябе падчас пандэміі
2020.03.28 09:54

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў