Медсястра з Менску: рэактываў на тэсты няма, як няма і масак, антысептыкаў, спецадзення


Як прабіць сцяну інфармацыйнага маўчання Міністэрства аховы здароўя? Калі галоўны медык хавае рэальную сітуацыю з каронавірусам у Беларусі, усё больш шараговых медыкаў – распавядаюць. На ўмовах ананімнасці «Белсат» паразмаўляў з медсястрой адной з менскіх паліклінік (аўдыязапіс размовы захоўваецца ў рэдакцыі). Прапаноўваем параўнаць ейны досвед з вашым уласным. А таксама заклікаем да кантакту іншых медыкаў і пацыентаў.

Калі параўнаць вашую працу ў мінулым месяцы і зараз, ці змянілася штосьці?

У паліклініцы я працую ўсяго каля трох месяцаў. Дагэтуль – пяць гадоў на хуткай дапамозе, таксама ў Менску. Можна сказаць, я прыйшла адначасова з самым пікам. Недзе месяц я папрацавала, усё было спакойна: нам выдавалі сродкі індывідуальнай абароны, то бок халаты, маскі і пальчаткі. Ужо тады была ўспышка ў Кітаі. І нам сказалі: калі да вас прыйдзе гэткі пацыент, які прыехаў [з-за мяжы. – Belsat.eu], то апранайцеся. Натуральна, гэтага ніхто не рабіў. І толькі 28 лютага, наколькі я памятаю, нам паступілі спісы пацыентаў, якіх мы павінныя былі назіраць 14 дзён.

Hавiны
«Яна памерла за паўдня». Доктарка менскай «чацвёркі» пра тое, што забаронена казаць
2020.04.02 18:02

Адкуль паступілі гэтыя спісы? Ад каго?

Не ведаю. Нам прынесла старэйшай медсястра нашага аддзялення. Сказала, каб апытвалі праз тэлефон штодня на прадмет тэмпературы, самапачування і г. д. Паводле інструкцыі, у выпадку ўзнікнення нейкіх сімптомаў URI мы павінны былі патлумачыць людзям, каб яны адразу ж выклікалі хуткую дапамогу – і ўжо працаўнікі хуткай дапамогі ў адмысловых супрацьчумных убраннях меліся адвозіць гэтых людзей як кантактных у інфекцыйную больніцу.

На маім участку з’явіўся гэткі пацыент. Я патэлефанавала не яму, а яго маме, якая мне сказала, што вось у яго была ўчора тэмпература +38. Я пытаю: і што вы зрабілі? Адказвае: мы патэлефанавалі ў «103» – і… нам адмовілі ў шпіталізацыі! Яны нават да яго не прыехалі.

Сказалі, што, не такі ён ужо і кантактны, таму заставайцеся ўдома. А ён быў кантактам другога ўзроўню – з БНТУ. Я паведаміла пра гэта кіраўніцтву, але ўсё сышло на не. Калі раптам не датэлефаноўваемся да кантактных (у мяне гэткіх два пацыенты было), то нас прымушалі хадзіць да іх дадому – абсалютна без сродкаў абароны. То бок маска, па сутнасці, нас бы не ўратавала: нават калі б я кантактавала ў масцы з хворым на каронавірус, я б усё роўна лічылася кантактам першага ўзроўню. Я хадзіла да гэтых двух пацыентаў… Добра, што ўсё добра.

15-я гарадская паліклініка ў Менску.
Фота: Belsat.eu

То бок Вы ў звычайнай вопратцы хадзілі?

Так-так, у звычайнай. З адным пацыентам – не знайшлі нумару ягонага тэлефона, а трэба было неяк звязацца. І таму я пайшла да яго дадому… Заразіцца баялася.

А пальчаткі апраналі?

Не. Я апрацоўвала рукі антысептыкам, усё.

Гэта было яшчэ да ўсёй гэтай хвалі?

Гэта было напачатку сакавіка.

Аб’ектыў
САЗ: смяротнасць ад COVID-19 – 5 %
2020.04.02 22:18

Як выглядае сітуацыя зараз? Што змянілася?

Зараз усё вельмі дрэнна. Напачатку гэтага тыдня нам выдалі па дзве маскі – і тое, афіцыйна нам мусілі даць па адной масцы на чалавека! Я сяджу з лекарам у кабінеце. Да нас гэтак і ходзяць людзі, якія хварэюць месяц чым заўгодна. Вось яны захацелі прыйсці да лекара – гэта не праблема. Хоць я ведаю, што ў некаторых паліклініках ужо зачыненыя прыёмы да вузкіх спецыялістаў, каб хоць неяк абмежаваць кантакты. Лекары самыя ходзяць на дом.

Нам выдалі па адной масцы на чалавека, якія мы мусім насіць цягам усяго прыёму – а гэта пяць гадзін! Хоць у адной масцы больш за дзве гадзіны нельга. А пасля мусім іх кварцаваць, хаця сэнсу ў гэтым аніякага няма. Пальчаткі – выдаюць, але антысептыку – ніколі.

На першым паверсе ў нас стаяць два дазатары з антысептыкам, і штораніцы, дазатар пусты. Даводзіцца ісці з бруднымі рукамі, якімі гузікі ў ліфце націскала, за дзверы імі ж даводзіцца брацца. У мяне ў шафцы стаіць свой антысептык – прыходжу і толькі тады апрацоўваю рукі. Тут застаецца спадзявацца толькі на сваю свядомасць. Многія калегі ходзяць у гэтых масках і хварэюць нават больш. Я не апранаю, бо калі ходзіш у адной масцы, дыхаеш гэтымі мікробамі (а там рассаднік інфекцыі) захварэеш яшчэ хутчэй.

Як мы мазкі бралі – гэта наагул асобная гісторыя. У мяне на ўчастку быў мужчына, які прыехаў з Італіі і ў якога я на трынаццаты дзень мусіла ўзяць мазок. Ён папросту зайшоў да нас у кабінет (то бок не праз асобны бокс) і сказаў: я на мазок! Мы з ім у адным ліфце і паехалі…

Нас жа напярэдадні праінструктавалі, як мы ўсё гэта павінны рабіць. То бок мы павінныя апрануць адмысловы халат. Але ж яго да мяне апранала процьма лекараў, якія глядзелі пацыентаў у боксах. То бок ён нібы аднаразовы, але яго ўжывалі ўсе. Таму што няма грошай. Маскі… Хаця павінны быць адмысловыя рэспіратары, акуляры таксама індывідуальныя – яны адныя на ўсіх.

Для наведвальнікаў з тэмпературай арганізаваны асобны ўваход з вуліцы. 15-я гарадская паліклініка.
Фота: Belsat.eu

Вось той мужчына прыйшоў, вы ўзялі ў яго мазок і адправілі потым на аналіз?

Так, адправіла на аналіз. І добра, што ён не пацвердзіўся.

Ці наагул шмат да вас прыходзіць людзей, якім вы ставіце дыягназ «пнеўманія»?

Наколькі мне вядома, бо як медсястра я дыягназамі не займаюся, пнеўманію стараюцца не ставіць, як і каронавірус. Шыфруюць усяляк, завуалёўваюць. То бок гэта пнеўманія – але не! У нас нядаўна была сітуацыя, што ў мужчыны была пнеўманія. Мы яго адправілі ў больніцу. Да яго нават не выйшаў лекар і яго адправілі ў паліклініку назад.

І ён назад да вас вярнуўся? І што ён сказаў?

Сказаў: маўляў, мяне ніхто не паглядзеў нават. Мы насварыліся, чаго ён сюды зноў прыйшоў? Але прыйшоў да нас, далей яго лечым.

А калі да вас, да прыкладу, хтосьці прыходзіць і просіць зрабіць яму тэст на каронавірус?

Былі гэткія. Вельмі шмат людзей пытаюцца, ці можна недзе той тэст зрабіць – хаця б платна. Не, у нас гэткай магчымасці няма. Не кажучы ўжо пра тое, каб прыйсці ў паліклініку і папрасіць: я хачу здаць тэст. Не! У нас за месяц скараціўся спіс паказанняў, каб узяць мазок. Раней, калі ты «адтуль» прыехаў, 100 адсоткаў будзеш здаваць. Зараз жа здасі толькі калі ты прыехаў з краінаў з найгоршай сітуацыяй.

Што рабіць у сітуацыі, калі ў цябе ўсе сімптомы: +38, у грудзёх цісне і ўсё такое?

Я нават і не ведаю. Ставім URI – і ўсё. Ну, мы натуральна, робім здымкі, каб выключыць пнеўманію, але як правіла… Ёсць пастанова, каб усе пнеўманіі накіроўваць на шпіталізацыю. Але, як я казала раней, у нас былі выпадкі, калі да нас вярталіся пацыенты з больніцы, нават не агледжаныя доктарам.

15-я гарадская паліклініка ў Менску.
Фота: Belsat.eu

Якія наагул настроі ў калектыве? Вы ж размаўляеце міжсобку, абмяркоўваеце. Магчыма, чаты нейкія ўнутраныя ёсць…

Стараюцца больш замоўчваць сітуацыю, улічваючы, што чат у нас агульны з усёй адміністрацыяй. Там яны папросту выкідваюць нейкія ўказанні, пры гэтым анічым не абгрунтаваныя, то бок без дакументаў. Папросту кажуць: вось так і так, трэба гэта зрабіць. Ці на сходы збіраюць і там кажуць.

Гэта праўда, што ўсе больніцы ў Менску сёння забітыя?

Наколькі я ведаю (бо муж працуе на хуткай дапамозе), шэсць больніцаў ужо зачыненыя пад каронавірус: туды ўжо звычайных пацыентаў не шпіталізуюць. Дакладна ведаю, што гэта 4-я і 6-я, потым інфекцыйная, натуральна. Таксама 1-я, па-мойму, ад 31 сакавіка зачыненая. Ну, і дзве бараўлянскія.

Таксама была інфармацыя пра №10, так?

Не, 10-я не зачыненая дакладна, у мяне там знаёмыя лекары. Там яшчэ пакуль што добра. Таксама я чула, што шмат панікі з-за таго, што нібыта ўсе моргі запоўненыя. Але не. У мяне там таксама знаёмы працуе – у моргу №9. Усё добра ў іх. Усё як звычайна.

А наагул колькасць пацыентаў, якія прыходзяць да вас, скажам, з грыпам ці нейкаю прастудаю, павялічылася?

Муж кажа, што так, вельмі шмат з тэмператураю выклікаюць. Але гэтак заўжды было, што шмат было выклікаў у гэткае незразумелае надвор’е: то цёпла, то халадно. Папросту многія людзі, якія выклікаюць хуткую, замоўчваюць, што яны аднекуль прыехалі. Таму мы вымушаныя, калі чалавеку трэба адкрываць бальнічны, спраўджваць яго пашпарт. Рэальна праглядаем усе візы, каб пераканацца, што дакладна нікуды не выязджаў.

Для наведвальнікаў з тэмпературай арганізаваны асобны ўваход з вуліцы. 15-я гарадская паліклініка.
Фота: Belsat.eu

Здаць тэст практычна немагчыма… У такім выпадку, ці верыце заявам Міністэрства аховы здароўя, што ўжо больш за 30 тыс. тэстаў на каронавірус было зроблена?

Я наагул сумняюся ў звестках ад Міністэрства аховы здароўя і ўсёй гэтай афіцыйнай інфармацыі. Зразумелая рэч, што лічбы далёкія ад рэальных. І я ведаю, што не робяць гэтых тэстаў, бо няма рэактываў. Калі раней было шмат гэтых тэстаў, то яны круглыя содні працавалі, да іх можна было заўжды пацыентаў накіраваць.

А зараз за змену колькі чалавек вы можаце накіраваць на гэтыя тэсты?

Вельмі мала. То бок на пачатку ўсяго я магла за дзень чатыры тэсты ўзяць – гэта толькі я на сваім участку, а зараз я ўжо і не памятаю, каб бралі. Нядаўна бралі, але гэта ну веееельмі строга паводле паказанняў. У нас была сітуацыя…

Доктар і яго памочнік у часе дзяжурнага прыёму ўзялі мазок у пацыента. Гэта робіцца ў інфекцыйным боксе, дзе яны цалкам апранутыя і ізаляваныя, але на той момант былі толькі ў масках і нават без пальчатак. Дык у пацыента пацвердзіўся каронавірус.

Вынікі прыходзяць, здаецца, толькі праз чатыры дні. І вось усе гэтыя чатыры дні доктар і яго памочнік кантактавалі з пацыентамі, доктар хадзіў па дамах. І калі пацвердзіўся каронавірус у пацыента, з якім яны мелі наўпроставы кантакт, у гэтага доктара і памочніка нават не хацелі браць мазок! Здаецца, гэтак і не ўзялі. Потым яны на каранціне абодва былі. Наагул там вялікія скандалы былі: маўляў, навошта браць мазкі ў іх?! Тая ж загадчыца сварылася.

9-я гарадская дзіцячая паліклініка ў Менску.
Фота: Belsat.eu

Вам не страшна на працу хадзіць? У вас жа і муж…

Страшна! Я ж не з Менску, да мамы ў вобласць не езджу, баюся. Збіралася паехаць, але потым перадумала.

А муж на хуткай працуе? Яны, атрымліваецца, таксама рызыкуюць…

Так-так. Я ведаю, што толькі на іх падстанцыі два чалавекі на каранціне. І яшчэ шэсць чалавек учора-сёння ездзілі здаваць мазкі, таму што яны, здаецца, вазілі без адмысловых убранняў пацыентаў з пацверджаным каронавірусам. У іх і каранцін павінны быць, але і на працу яны таксама павінныя хадзіць. І ўсё роўна хадзіць будуць.

Як думаеце, гэта толькі пачатак эпідэміі?

Так.

Калі чакаць пікавай сітуацыі? І што тады наагул будзе ў больніцах і паліклініках?

Я не ведаю, шчыра кажучы. Але як усё гэта вырасла за два месяцы, то я не ведаю, што будзе яшчэ праз два месяцы. Я спадзяюся, што ў хуткім часе краіну закрыюць хаця б на нейкі мінімальны каранцін. Але… Шасцідзённы працоўны тыдзень у нас абвесцілі, калі ў суседніх краінах папросту на вуліцу забараняюць выходзіць, не кажучы ўжо пра працу. А ў нас – шасцідзёнка!

Вы самая неяк рыхтуецеся да таго, што вас могуць прымусіць працаваць па 12 гадзінаў?

А што рабіць? Камусьці ж трэба працаваць. Зразумела, што вось зараз яны спахапіліся – а можа і не спахапіліся… Калі ў ахову здароўя нічога не ўкладвалі, а цяпер у гэткай, я выбачаюся, ср*цы сядзім! Адна маска – і ўсё!

14-я гарадская паліклініка ў Менску.
Фота: Belsat.eu

Ці абмяркоўваеце навіны з Віцебску?

Сёння [31 сакавіка. – Belsat.eu] я глядзела аднаго лекара – здаецца, рэаніматолаг. У інстаграме на нейкім канале ён напісаў, што ў іх там у горадзе 756 пнеўманіяў. Але з-за адсутнасці тэстаў незразумела, якога паходжання гэтыя пнеўманіі. І гэта вядома, бо ніхто іх і рабіць асабліва не хоча. І не хочуць афішаваць гэтыя звесткі: відаць, гэтых пацыентаў ужо настолькі велізарная колькасць, што нават спісы ніхто не абнаўляе, ніхто не кажа, колькі іх.

А калі да вас прыходзяць людзі сталага веку, вы іх дадому не адпраўляеце?

Не, яны бяруць талончык і таксама сядзяць у чэргах. Самае цікавае, што ў нас паліклінікі нібыта і зачыненыя. Усе фізіяпрацэдуры, дзённыя стацыянары, то бок у нас не ходзяць кропіцца як раней і г. д. Тым не менш, у нас у паліклініцы існуе гэткая чарга на талоны на даследаванні, на УЗІ розныя. Гэта ў нас усё захоўваецца, гэтыя працэдуры робяць. І ў нас вельмі шмат стаіць менавіта людзей сталага веку. Усё роўна талоны нам даюць, мы іх адпраўляем. Дзякуй Богу, некаторыя адмаўляюцца, кажуць: не, у гэткай сітуацыі я нікуды не пайду! Але многія ідуць, і нармальна. Але я таксама гэтага не разумею: чаму б не закрыць гэтыя талоны, калі гэта не экстранна?

Колькі чалавек вы разам з лекарам абслугоўваеце?

У сярэднім 30-40. Вельмі шмат бальнічных у нас, вельмі шмат людзей сядзяць на бальнічных.

14-я гарадская паліклініка ў Менску.
Фота: Belsat.eu

Ці няма нейкіх прадпісанняў, каб закрываць неяк тыя бальнічныя?

Ёсць, але яны ў прынцыпе ёсць, гэта не звязанае з каронавірусам. Ёсць абмежаванні па захворваннях: адныя могуць даўжэй сядзець на бальнічным, іншыя – менш.

То бок эпідэмія на гэта пакуль што аніяк не паўплывала?

Паўплывала можа гэтак, што зараз гэтыя бальнічныя выдаюць больш лаяльна. Там ужо глядзіш папросту на стан чалавека: нават калі ў яго тэмпературы няма, але бачыш, што ён нейкі ніякі, то даеш. Але ёсць і людзі, якія прыходзяць і кажуць: мне патрэбны бальнічны, таму што я кашляю, у мяне смаркачы і калегі на працы на мяне глядзяць падазрона. Вельмі шмат людзей ёсць, якія прыходзяць і кажуць: маўляў, мяне вось з працы выгналі і сказалі ісці на бальнічны! Шмат студэнтаў да нас ходзіць, асабліва з Беларускага дзяржаўнага медычнага каледжу. Іх да нас адпраўляць. І гэтак цікава кажуць: маўляў, ідзіце ў паліклініку, калі хочаце пабыць удома – у вас не будзе адпрацовак!

Улічваючы, што гэта медычны каледж, там у прынцыпе хварэць цяжка: потым усё адпрацоўваць даводзіцца! А ім кажуць: спакойна, можаце ісці на бальнічны! Дык а чаму вы папросту не закрыеце каледж на каранцін? Яны ўскладняюць нам працу, бо студэнтаў вельмі шмат.

Да прыкладу, зараз біяхімічны аналіз крыві вельмі складана здаць з-за таго, што вельмі шмат працы зрабілася. То бок усім запар ужо нельга здаваць. Планава пераздаваць – таксама нельга. І ўсе гэтыя аналізы – толькі з дазволу загадчыцы аддзялення. Слушна, я лічу.

Hавiны
Сусветная арганізацыя здароўя перадала Беларусі 6 тыс. тэстаў на каронавірус
2020.04.03 10:13

А кіраўніцтва паліклінікі праводзіла з вамі размовы наконт таго, што вось такая зараз сітуацыя, што каронавірус? Ці робяць выгляд, што нічога не адбываецца?

Яны ў асноўным толькі сварацца на нас, што мы дрэнна працуем: вы павінныя тое і тое, і нікога не хвалюе, што лекараў у нас мала ў прынцыпе, а яшчэ сышла частка на каранцін. Аніякае падтрымкі!

А колькі ў вас паводле штату лекараў? Можа кагосьці не хапае? Ці ўсе ёсць?

Лекараў не хапае наагул. Сярэдняга медперсаналу – хапае, а лекараў – не. Таму што ў нас адзін лекар прыпадае на паўтара ўчастка, а мае быць на адзін. А зараз з-за адсутнасці аднаго лекара гэты ўчастак разбілі на ўсіх. Складана. Вельмі цяжка.

У сітуацыі, калі і лекары пачнуць хварэць, як будзеце працаваць?

Я нават не ўяўляю! Я думала пра гэта, усе думалі. Складана будзе, вельмі складана. Ну вось і будзем па 12 гадзін працаваць.

Вытрымаеце?

Я на «хуткай» працавала 5 гадоў, таму думаю, што вытрымаю.

АА, ВР belsat.eu

Стужка навінаў