Танга з рэжымам

Калі слухаеш і чытаеш інтэрв’ю Юрыя Васкрасенскага, ўзнікае адчуванне, што ў яго цела перасадзілі Наталлю Эйсмант. Тым не менш яго «актыўнасць, якая павелічылася» мае шэраг канкрэтных мэтаў. Першая – гэта стварыць інфармацыйны шум, шмат шуму і зрабіць спробу перанакіраваць увагу грамадства з адных праблем і працэсаў на іншыя.

Юрый Васкрасенскі

Сёння, да прыкладу, усе беларускія таблоіды, электронныя выданні перадрукоўваюць яго інтэрв’ю, журналісты і аналітыкі абмяркоўваюць, аналізуюць яго словы і выказванні аб «моцным прэзідэнце, з магутнай аўрай, гатовага да дыялогу і пераменаў». У нейкай ступені, Васкрасенскі стаў медыя-бомбай. Верагодна, што яго публічная дзейнасць будзе толькі ўзмацняцца. Юрый Васкрасенскі па інфармацыйнай значнасці, на 20 кастрычніка, зраўняўся са Святланай Ціханоўскай.

Выкарыстоўваючы яго і іншых «актывістаў», улада спрабуе сфармаваць уласны інфармацыйны парадак у краіне. Я не выключаю, што ў хуткім часе, у публічнай прасторы з’явяцца «новыя прыхільнікі» дыялогу і канструктыўнай размовы з рэжымам. Юрый Васкрасенскі – гэта палітыка-псіхалагічны эксперымент, доследны ўзор «правільнага» удзельніка, «прасветленага чалавека», які ўсвядоміў тупіковасць рэвалюцыйных дзеянняў.

Фота: ТК / «Белсат»

Улады чарговы раз дэманструюць, што сапраўды гатовыя да дыялогу, але на сваіх умовах і ў вызначаным імі фармаце. А фармат гэтага «дыялогу» наступны:

  1. Так ці інакш Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Беларусам прапануецца пачакаць яшчэ пяць гадоў. Лукашэнка, вуснамі Васкрасенскага, кажа, што гэта яго апошні прэзідэнцкі тэрмін. Але вайну з народам ён вядзе такую, нібы збіраецца кіраваць пажыццёва, і менавіта гэтага ён і хоча;
  2. Палітычная сістэма трансфармавацца не будзе, «кастытуцыйная рэформа» можа змяніць некаторыя структуры сістэмы, але не зменіць яе сутнасці. Яна павінна застацца аўтарытарнай;
  3. Нават такі дыялог магчымы толькі пры ўмове

    «стабілізацыі сітуацыі».

Другой мэтай з’яўляецца інфармацыйная контратака на ультыматум Ціханоўскай, і яе заклік да агульнанацыянальнага страйку 25 кастрычніка. На дадзеным этапе, галоўная задача рэжыму ў тым, каб гучныя заклікі да пратэсту-страйку скончыліся правалам. Гэта б прычыніла сур’ёзную шкоду палітычнаму лідарству Ціханоўскай, паказала б яе слабы ўплыў на працэсы ўнутры краіны, на грамадства і паставіла б пад сумнеў яе падтрымку большасцю. З іншага боку, ўмоўнае вызваленне палітычных зняволеных (бяскрыўдных па сваім ўплыве і значэнні) павінен быў прадэманстраваць, што ўлады гатовыя да саступак, калі пратэсты суцішацца. Гэты тэзіс Юрый Васкрасенскі паўтарыў некалькі разоў у сваім апошнім інтэрв’ю.

Разам з тым рыхтуючыся да «правядзення рэформаў» улады ўзмацняюць унутраны тэрор: праводзяць чысткі ў наменклатурным апараце, вымушаюць актывістаў пакідаць краіну, масава адпраўляюць удзельнікаў пратэстаў у камеры.

Hавiны
«Лукашэнка даў мне карт-бланш, і я ганаруся гэтым». Вялікае інтэрв’ю Васкрасенскага парталу TUT.BY
2020.10.20 14:25

Павел Усаў/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў