«Сёння суддзі, заўтра ты». Чаму тысячы палякаў выйшлі на вуліцу?

У сераду адбылося каля 200 маніфестацыяў па ўсёй краіне. З рэформай польскай судовай сістэмы нешта пайшло не так.

Варшава, Кракаў, Гданьск, Люблін, Катавіцэ, Гдыня, Вроцлаў, Шчэцін, Лодзь. Можна бясконца пералічваць гарады, дзе пад сядзібамі судоў адбыліся масавыя пратэсты ў сераду. Лідару пратэстаў няма, спіс арганізатараў вельмі вялікі, сярод іх вядомая беларускім праваабаронцам Хельсінская фундацыя правоў чалавека. Найбольш людзей прыйшло ў Варшаве на вуліцу Вейску, пад Сейм – там сталічныя ўлады налічылі 7 тыс. чалавек. Не будзем разважаць пра тое, ці гэта шмат для Варшавы і як гэтыя пратэсты можа выкарыстаць апазіцыя перад надыходнымі ў наступным годзе прэзідэнцкімі выбарамі ў Польшчы.

Пратэст у Варшаве за свабодныя суды.
Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Партыя Права і Справядлівасць (PiS) ужо як чатыры гады рэфармуе судовую сістэму і кажа, што «лечыць хворую сістэму», функцыянаванне якой на працягу апошніх гадоў не задавальняла многіх палякаў. Праціўнікі гэтых рэформаў кажуць, што гэта «вяртанне ў камунізм» і што ўлады «пераймаюць усходнія стандарты». Кажуць нават пра тое, што партыя Яраслава Качыньскага такім чынам «выводзіць краіну з Еўразвязу». Гэта сталыя элементы польская палітычнай дыскусіі апошніх гадоў.

Істотна тое, што тысячы палякаў у розных гарадах краіны пратэстуюць, а часам далучаюцца да іх суддзі і пракуроры. Гэта ўжо сведчыць пра тое, што нешта пайшло не так з рэформай судовай сістэмы. Гэта вельмі цёмны лес і адна з самых складаных тэмаў, дзверы ў якую крыху паспрабуем адчыніць.

Мнения
Белорусский милиционер не поедет работать в Польшу
2019.12.14 10:22

Супраць чаго выйшлі палякі?

Пратэсты ў сераду адбыліся супраць праекту закону кіруючай партыі, які польскі парламент павінен разглядзець у чацвер-пятніцу. Гаворка ідзе нават не пра новы закон, а пра змену дзейнага, які рэгулюе дзейнасць судоў. Паводле гэтых зменаў уводзіцца тэрмін «дысцыплінарнай адказнасці», якая магла быць накладзеная на суддзяў за «дзейнасць ці бяздзейнасць, якія маглі б ускладніць функцыянаванне судовай сістэмы», а таксама «за дзейнасць, якая ставіць пад сумнеў працэдуру прызначэння суддзі», альбо «за палітычную дзейнасць». Апошняе будзіць найбольшыя эмоцыі, бо не вядома што разумець пад «палітычнай дзейнасцю» і ці суддзя, будучы грамадзянінам, можа выказваць публічна свае думкі на палітычныя тэмы. Вось тут шмат патанняў, на якія пакуль адказаў няма.

Суддзяў у Польшчы таксама як у Беларусі прызначае прэзідэнт. Польскі суддзя прызначаецца на ўсё жыццё і ніхто яго не можа пазбавіць гэтага статусу, беларускі суддзя мусіць так шчыра і сумленна працаваць, каб праз пяць ізноў «заслужыць прызначэнне». У Польшчы існуе паняцце «судовага самакіравання». Як у войску, усімі праблемнымі справамі ў сваім асяроддзі займаюцца выключна суддзі. А вось адпаведныя інстытуты гэтага самакіравання – асобная тэма.

Браніслаў Камароўскі, была прэзідэнт Польшчы, на мітынгу за свабодныя суды.
Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Мець «сваіх» як мага больш

Пачнем з Канстытуцыйнага Трыбуналу (Trybunał Konstytucyjny), у склад якога ўваходзяць 15 суддзяў на 9 гадоў, якіх выбірае Сейм, але прысягу складаюць прэзідэнту. Кіраўніка трыбуналу выбіраюць на паседжанні на 6 год. Права і Справядлівасць пачакала пакуль скончыцца кадэнцыя папярэдняга кіраўніка, і яшчэ ў снежні 2016 года выбралі свайго. Пачакалі таксама пакуль скончацца кадэнцыі суддзяў, якіх рэкамендавалі папярэднія ўлады. Адыходзячая кааліцыя PO-PSL (2007-2015) хацела замяніць «старых на новых», але іх прысягі не прыняў ужо новы прэзідэнт Анджэй Дуда. Сёння кіруючая ад лістапада 2015 года партыя абсадзіла ўжо ўсе месцы ў органе, які кантралюе канстытуцыйнасць законапраектаў, альбо спраўджвае згоднасць існуючых законаў з канстытуцыяй.

Канфлікт перакінуўся на Краёвую Судовую Раду (Krajowa Rada Sądownictwa), якая «стаіць на стражы незалежнасці судоў і суддзяў». Там нараджаюцца між іншым новыя суддзі, якіх на ўнёсак Рады прызначае кіраўнік дзяржавы. Менавіта там вырашаецца лёс польскіх суддзяў, як будзе развівацца іх кар’ера, калі пойдуць на пенсію і ці будуць цалкам выключаныя з судовай сістэмы (у выпадку цяжкага злачынства). Таму ад незалежнасці і абʼектыўнасці гэтага органа залежыць незалежнасць усёй судовай сістэмы.

У сераду адбылося каля 200 маніфестацыяў па ўсёй Польшчы.
Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Складаецца Судовая Рада з 25 чалавек. Сярод іх: першы кіраўнік Вярхоўнага Суду, кіраўнік галоўнага адміністрацыйнага суду, міністр юстыцыі і кандыдат ад прэзідэнта. Акрамя гэтага ў склад Рады ўваходзяць чатыры дэпутаты Сейму і два сенатары. Застаецца 15 месцаў. Да 2017 году было так: двух выбіралі на паседжанні Вярхоўнага суду, аднаго – на агульным паседжанні вайсковых судоў, двух – на паседжанні агульным усіх адміністрацыйных суддзяў, а рэшта выбіралася судамі іншых інстанцыяў. Летам 2017 PiS напісаў і прыняў новы закон, паводле якога вось гэтыя 15 суддзяў прызначаюцца дэпутатамі Сейму. Пасля масавых пратэстаў прэзідэнт Дуда наклаў вета і прапанаваў свой закон. Паводле яго, кожнага з 15 суддзяў павінна падтрымаць не менш за 25 суддзяў. Так і зрабілі. Апазіцыя да сённяшняга дня дамагаецца каб канцылярыя Сейму паказала грамадству прозвішчы суддзяў, якія падтрымалі «кандыдатаў ад PiS». Ніхто не паказвае. Рада ў сваю чаргу выбрала суддзяў Дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суду (Izby Dyscyplinarnej Sądu Najwyższego) і тая пачала дысцыплінаваць.

Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Што сказаў суд Еўразвязу?

Справа дайшла да Суду Еўрапейскага Звязу, а там у лістападзе сцвердзілі, што менавіта польскі Вярхоўных суд павінен расставіць усе кропкі над «і». Ён і расставіў. «Краёвая Судовая Рада ў цяперашнім складзе не зʼяўляецца незалежнай ад заканадаўчай і выканаўчай улады» – чытаем у пастанове Вярхоўнага суду Польшчы ад 5 снежня. Сцверджана таксама, што Дысцыплінарная палата Вярхоўнага суду «не зʼяўляецца судом у разуменні права Еўразвязу», а працяг яе дзейнасці «зʼяўляецца пагрозай для прававой стабільнасці ў Польшчы».

Хто ж стаіць на чале Вярхоўнага суду Польшчы? Прафесарку Малгожату Герсдорф прызначаў на гэтую пасаду былы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі. Да 30 красавіка 2020 году, пакуль не скончыцца ейная 6-гадовая кадэнцыя, палітыкі могуць толькі моўчкі прымаць яе рашэнні. Моўчкі палітыкі могуць таксама прымаць рашэнні чальцоў Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі (Państwowa Komisja Wyborcza), кадэнцыя якіх у Польшчы працягваецца 9 год. Але ў іх бок палітыкі ў Польшчы нават не глядзяць, гэта тут святое.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў