Суды над затрыманымі 1 верасня журналістамі: кожнаму – па трое содняў арышту


Шэсць журналістаў трох медыяў дагэтуль утрымліваюцца ў ізалятары на Акрэсціна.

У пятніцу, 4 верасня, зноў распачаліся суды над затрыманымі журналістамі. Нагадаем, 1 верасня журналісты асвятлялі акцыю пратэсту, якая адбывалася ў Менску. У выніку затрымалі нібыта для праверкі акрэдытацый 6 журналістаў. Гэта журналісты «Камсамольскай праўды» ў Беларусі» Марыя Эляшэвіч, Святаслаў Зоркі і Мікіта Недаверкаў, журналіст агенцыі БелаПАН Андрэй Шаўлюга, журналісты TUT.BY Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна.

Нагадаем, гэта ўжо другі суд над журналістамі. Другога верасня суд Кастрычніцкага раёну Менску па некалькі разоў накіроўваў на дапрацоўку справы кожнага журналіста. У выніку суды скончыліся нічым. Учора, 3 верасня, справы з РУУС так і не трапілі ў суд. 4 верасня суды працягнуліся.

16:28 Надзея Калініна, журналістка TUT.BY – таксама 3 содняў арышту. І таксама выходзіць з ізалятару сёння. Такім чынам, былі асуджаныя ўсе шэсць журналістаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэта апошні вырак.

16:22 Аляксей Суднікаў, журналіст TUT.BY атрымаў 3 содняў адміністратыўнага арышту. Таксама мусіць выйсці на волю сёння.

16:17 Вырак па справе фатографа «Камсамолкі» Святаслава Зоркага – 3 содняў адміністратыўнага арышту. Ён таксама мусіць выйсці сёння, літаральна праз гадзіну.

16:10 Вырак па справе журналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгі: трое содняў арышту. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

15:57 Журналіста «Камсамолкі» Мікіту Недаверкава таксама пакаралі арыштам на 3 содняў. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён павінен выйсці на волю сёння.

15:39 Працягваецца суд над журналістам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам. Адвакат патрабуе спыніць справу і сцвярджае, што паказанні сведкаў-АМАПаўцаў не могуць быць прынятыя, паколькі іхныя асобы не ўстаноўленыя.

«Мы бачым толькі твары ў балаклавах, якія кажуць тое, што не адпавядае рэчаіснасці», – заявіў абаронца Шаўлюгі.

Суд вынесе рашэнне пасля перапынку.

15:32 Вырак па справе журналісткі Марыі Эляшэвіч: арышт на трое содняў. Такім чынам, яна выйдзе з ізалятара сёння.

15:00 У судзе над журналістам Аляксеем Суднікавым адзін са сведкаў АМАПаўцаў кажа, што журналіст «падказваў людзям, куды рухацца, падбадзёрваў натоўп».

14:40 Сведка АМАПавец даў спачатку адныя паказанні, а цяпер дае іншыя – пра тое, як і калі Надзея Калініна заклікала натоўп. Адвакат спытаў, чаму паказанні супярэчлівыя. Міліцыянт кажа, што мінула тры дні і ён «забыў». Сведкі абвінавачвання – АМАПаўцы Леткоўскі і Млечка. Яшчэ адзін – нібыта звычайны мінак Новаш.

14:20 Надзея Калініна на судзе заявіла, што выконвала свае службовыя абавязкі і дадала, што ні да чаго не заклікала, а толькі фіксавала падзеі.

Усіх журналістаў судзяць праз Скайп. Сувязь вельмі кепская, Скайп завісае, нічога не чуваць. Абвесцілі перапынак для ўстанаўлення сувязі са сведкамі, якія былі на мінулых пасяджэннях. Яны даюць аднолькавыя паказанні: нібыта журналісты гаварылі працягваць натоўпу рухацца далей.

Толькі лічбы: на шасцёх журналістаў – двое суддзяў. Сведкі абвінавачвання на ўсіх пасяджэннях – два АМАПаўцы.

14:00 Пачаўся суд над журналістамі Надзеяй Калініна і Святаславам Зоркім.

13:30 На працэсе над журналістам Аляксеем Суднікавым сведчанні дае 74-гадовы мужчына. Ён у масцы і кепцы, імя і прозвішча невядомыя. Кажа, што бачыў, як Суднікаў кіраваў натоўпам. Суддзя раздражнёны, павышае голас. На выхадзе з залі сведку чакалі фатографы. Ён рэзка пабег і схаваўся ў кабінеце інжынера, не выходзіць ужо 20 хвілін.

12:50 Супраць Аляксея Суднікава сведчыць АМАПавец Аляксандр Ляткоўскі. Ён быў на судзе над Марыяй Эляшэвіч і Андрэем Шаўлюга. Адвакат заявіў пяць сведак. Суддзя задаволіў толькі траіх.

12:20 Адвакаты кажуць, што сведкі, якія сёння выступаюць на судах над журналістамі Андрэем Шаўлюгам і Марыяй Эляшэвіч, хутчэй за ўсё, маюць несапраўдныя дадзеныя ў пратаколах. Аднаму сведку 34 гады, другому – 35. У іх вышэйшая адукацыя, яны ўсё яшчэ ў званні прапаршчыкаў. Адвакаты кажуць, што гэта сведчыць пра тое, што дадзеныя сведкаў несапраўдныя.

11:45 Адвакат задае канкрэтныя пытанні, аднак канкрэтных адказаў ад «сведкаў» няма. Яны цяпер не толькі ў балаклавах, але і пад псеўданімамі. АМАПавец кажа, што пазнаў Шаўлюгу ў калоне па камізэльцы, барадзе і акуратнай стрыжцы. Дапыталі сведкаў – журналіста Антона Трафімовіча з Радыё «Свабода» і Захара Шчарбакова з БелаПАН. Абодва кажуць, што Шаўлюга нічога не крычаў.

11:30 Супраць журналіста Андрэй Шаўлюгі сведчыць невядомая асоба праз Скайп. Мужчыну не бачна. АМАПавец не хоча называць сваё прозвішча і змяніў свае анкетныя дадзеныя. Адвакат просіць суддзю, каб сведка быў ідэнтыфікаваны. Суддзя адмовіў.

10:40 Андрэя Шаўлюгу ў суд не прывезлі, ён у ізалятары на Акрэсціна. Паседжанне праходзіць праз Скайп. Андрэя амаль не чуваць, суддзю папрасілі зрабіць гучней, ён сказаў, што гэта максімум гучнасці.

Дапытвае суддзя Рудэнка. Адвакат Зікрацкі папрасіў прагледзець фота з тэхнікі журналіста, але суддзя хадайніцтва адхіліў – няма падставаў. Журналіста абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту. Шаўлюга не згодны.

Паводле інфармацыі нашых карэспандэнтаў, у справах журналістаў ёсць сакрэтныя сведкі. Для ўстанаўлення сувязі абвінавачанага са сведкамі выкліканыя Бычко і Ляшкоўскі.

Стужка навінаў