Суд у Берасці пакараў праваабаронцу і актывіста за «кармленне галубоў»


Праваабаронцу з Берасця Уладзіміра Вялічкіна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «кармленні галубоў», якое адбылося ў Берасці 10 лютага.

Суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову аб прыцягненні сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзіміра Вялічкіна да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічыняў ці 385,5 рублёў.

«Негатыўна выказваўся ў бок уладаў, чым прыцягваў увагу грамадзянаў», – пазначана ў пратаколе правапарушэння, піша сайт правабарончага цэнтру «Вясна».

«Яго выклікалі ў міліцэйскі ўчастак у суботу, 16 лютага паводле позвы. Калі ён прыйшоў, на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 лютага 2019 года. Уладзіміра Вялічкіна да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання», – распавядае праваабаронца Уладзімір Малей.

Таксама ў суботу быў затрыманы і змешчаны да суда ў ІЧУ яшчэ адзін актывіст пратэстных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу Віталь Казак.

Паводле «Брестской газеты» Віталю Казаку ў судзе прад’явілі «арганізацыю незаконнага масавага мерапрыемства ў не ўстаноўленым для гэтага месцы з прыцягненнем да правядзення гэтага мерапрыемства грамадзяніна замежнай дзяржавы» (арт. 23.34 КаАП). Суд вынес рашэнне пакараць яго штрафам за паўторнае на працягу года адміністрацыйнае правапарушэнне па дадзеным артыкуле – у 40 базавых велічынь (1 020 беларускіх рублёў).

А ў нядзелю, у 8 гадзін раніцы стала вядома, што ў горадзе Бярозе супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста і блогера Аляксандра Кабанава. Як вынікае з яго стрыма ў фэйсбуку, яго затрымалі за ўдзел у акцыі ў Берасці 10 лютага. Для атрымання паказанняў яго завезлі ў Бярозаўскі РАУС. Супрацоўнікі міліцыі дадаткова паведамілі яму, што яго хочуць апытаць пакуль у якасці сведкі. Пасля апытання Кабанаў быў адпушчаны.

Аб’ектыў
У цэнтры Берасця амаль год ідуць пратэсты – і вось іх вынік
2019.02.17 20:34

СК, belsat.eu

Стужка навінаў