У цэнтры Берасця амаль год ідуць пратэсты – і вось іх вынік


Больш за 200 праціўнікаў акумулятарнага заводу чарговы раз сабраліся на галоўнай плошчы Берасця, каб пакарміць галубоў ды нагадаць уладам: яны па-ранейшаму нязгодныя. Акцыі ладзяцца ўжо амаль год – на тым жа месцы з тымі ж мэтамі. Берасцейцаў не палохаюць затрыманні ды ціск а падтрымліваць іх едуць палітыкі з Менску.

«Вось выходзім сюды, спрабуем данесці інфармацыю, што парушэнні, парушэнні, парушэнні. Нават тыя парушэнні, пра якія яны ўжо ведаюць, мы паўторна высылаем, каб звярнуць на гэта ўвагу», – кажа актывістка Юлія Зубік.

Быў дождж і снег, затрыманні ды перашкоды. 31 заяўка на афіцыйны мітынг – і толькі адзін дазвол. Нягледзячы на гэта, берасцейцы працягваюць пратэставаць. Але больш не стаяць на месцы – апошнія акцыі адзначыліся і шэсцем.

«Галоўдзяржэкспертыза дала адмоўнае заключэнне аб праекце. То бок «Аграмашдэталь» ды іншыя, якія выносілі ацэнку ўздзеяння на навакольнай асяроддзе, – гэта ўсё падробленыя дакументы. Чаму? Таму што ніводзін чалавек не прыняў удзелу ў гэтым», – кажа грамадскі актывіст Фёдар Петрусевіч.

Адметнасцю сённяшняй акцыі стаў удзел у ёй лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі.

«Пакуль людзі не будуць выходзіць масава ды казаць, што іх не задавальняе ў Беларусі, нічога ніколі не памяняецца. Мы разам з тымі людзьмі, якія не баяцца, заўсёды гатовыя прыехаць – падтрымаць», – заявіў Юрась Губарэвіч з руху «За свабоду!».

Сёння абышлося без затрыманняў, аднак напярэдадні нібыта за ўдзел у мінулай акцыі за краты адправілі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна ды актывіста Віталя Казака. На час сённяшняй акцыі затрымлівалі блогера Аляксандра Кабанава.

«Улады, міліцыя затрымлівае, каб не было шэсцяў, мітынгаў, адкрытага выражэння пратэсту. Людзі выходзяць таму, што іх давялі да адчаю – іх не чуюць. Завод амаль дабудаваны, ужо намячаецца першы пробны пуск», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Пакуль затрыманыя актывісты чакаюць суда, патэнцыйна небяспечны акумулятарны завод набліжаецца да запуску. Паводле планаў, ён пачне працу ў трэцім квартале гэтага года.

Сцяпан Святлоў, Алесь Яшчанка, «Белсат»